Выбрать главу

Мыш зрабіла выгляд, што не чула апошняга пытання і працягнула:

"... знайшоў гэта балазе, таму пайшоў разам з Эдгарам Атэлінгам да Вільгельма, каб прапанаваць яму карону. Вільгельм спачатку не аднёсся да гэтага сур’ёзна. Але нахабства нарманаў…" Ну што, прасыхаеш па крысе, любінькая?- спыталася яна, павярнуўшыся да Алісы.

- Зусім не,- сумна адказала Аліса,- вашая гісторыя, аніяк на мяне не дзейнічае.

- Тады,- шляхетным тонам прамовіў Дадо, падымаючыся на ногі,- я перарываю аповесць і прапаную перайсці да больш энэргічных сродкаў!

- А цяпер, тое самае, але па-ангельску,- прамовіў Арлядзіт,- я і паловы гэткіх слоў не ведаю, нават не ўяўляю іх сэнс.

І Арлядзіт нахіліў галаву, каб схаваць сарамлівую ўсмешку, а шмат хто з птушак пачалі хіхікаць.

- Так, аб чым гэта я?- спытаўся Дадо, пакрыўджаным тонам.- Самы лепшы сродак дзеля прасыхання - Сход ва Уцёках!

- А ШТО такое - Сход ва Уцёках?- запыталася Аліса. Яна першы раз пра гэта чула і хацела падрабязнасцяў. Дадо зрабіў паўзу, а потым пачаў раздумваць з такім выглядам, нібы збіраўся адказаць.

- Не!- урэшце вымавіў ён,- лягчэй будзе паказаць.

(Вы напэўна таксама захочаце пагуляць у Сход ва Уцёках, тады раскажу, як Дадо гэта рабіў.)

Спачатку ён намаляваў крэйдай даволі вялізнае кола, (“яно не абавязкова павінна быць роўным” - патлумачыў Дадо), а потым беспарадкава размясціў усіх на гэтай своеасаблівай дарожцы. Ніхто не даваў старту, кожны пабег, калі палічыў патрэбным, а спыняўся, калі адчуваў стому. Таму цяжка было сачыць за дзеяй. Але дзесьці праз поўгадзіны ўсе былі ўжо сухімі. Дадо громка аб’явіў, што Сход ва Уцёках скончаны. Вакол яго адразу ж сабраўся натоўп, каб аддыхацца і высветліць пераможцу.

Гэтае пытанне прымусіла Дадо зноў на працяглы час задумацца і ўвесь гэты час ён стаяў, прыціснуўны палец да ілба (у гэткай позе звычайна малююць Шэкспіра), а ўся грамада усхвалявана чакала ў цішыні. У рэшце Дадо вымавіў:

- Перамаглі УСЕ, і кожны атрымае свой прыз!

- А хто будзе раздаваць прызы? - у адзін голас спытаўся хор пераможцаў.

- Прызы ўручыць... яна,- сказаў Дадо, паказаўшы на Алісу пальцам; увесь натоўп перакінуў увагу на дзяўчынку, і кожны, перапыняючы астатніх, пачаў патрабаваць свой прыз.

Аліса не ведала, што рабіць, але ўсё ж засунула руку ў кішэню і знайшла скрыначку з цукровай гарошынай (на шчасце скрынка была добра зачыненая, і іх не закранула салёная вада), і кожнаму дастаўся свой прызавы кавалачак, якіх хапіла акурат на ўсіх. Гарошынка ў гарошынку.

- А зараз прыз павінна атрымаць ТЫ,- сказала Мыш.

- Зразумела ж!- з сур’ёзным тварам падтрымаў яе Дадо.- У цябе больш нічога няма ў кішэні?- спытаў ён, павярнуўшы галаву да Алісы.

- Не! Толькі напарстак,- сумна адказала Аліса.

- Дай-ка мне яго, калі ласка!- сказаў Дадо.

Усе сталпіліся вакол іх. Дадо узяў напарстак, а потым ганарова прамовіў:

- Са ўсёю шчырасцю прашу Цябе прыняць ад нас гэты далікатны напарстак.

А астатнія падтрымалі яго громкім і працяглым пляскам далоняў.

Алісе гэта падалося поўным глупствам, але ўсе вакол былі настолькі сур’ёзныя, што яна нават не смела ўсміхнуцца. А паколькі не ведала, што сказать, зрабіла рэверанс і прыняла ўласны напарстак з такім ганаровым выглядам, на які была толькі здольная.

А потым ўсе пачалі есці свае прысмакі. У выніку пачаліся шум і мітусня, вялікія істоты пачалі наракаць, што нават не распрабавалі смак, а у маленькіх гарошына засела ў горле і іх прыйшлося стукаць па спінах. А калі прысмакаў больш не засталося, усе зноў паселі колам і пачалі ўпрошваць Мыш, каб яна ім яшчэ што-небудзь распавяла.

Вы абяцалі расказаць сваю гісторыю, ну, вы ведаеце АБ ЧЫМ,- прапанавала Аліса,- чаму вы ненавідзеце “К” і “С”? – шэптам дадала яна, крышачку пабойваючыся, каб не пакрыўдзіць Мыш і на гэты раз.

- О! Гэта сумная і доўгая гісторыя,- уздыхнуўшы прамовіла Мыш і павярнулася да Алісы.

- Канечне ж, у ВАС доўгая хвасторыя,- сказала Аліса, якая ў гэты момант уважліва назірала за мышыным хвастом,- але чаму вы лічыце яе сумнай?

Яна пакутвала з гэтага пытання на працягу ўсяго мышынага апавядання, таму дзеля Алісы яно выглядала так:

Кажа мышы Драпега ў калідоры сустрэўшы: “Пойдзем,мыша, судзіцца. Засуджу я цябе. І не трэба спрачацца; будзе суд неадкладна. Усё таму, што сягоння мне няма, што рабіць!” Кажа мышка нахабе: “Што ж за суд, любы пане, без суддзі, без прысяжных, толькі час нам губляць." "Я суддзёй тваім буду,- Кажа хітры Драпега,- і цябе, мая мышка, асуджу я на смерць!"