Выбрать главу

Ён зайшоў, відаць, у той момант, калі ўсе нашы знаёмыя былі вельмі заняты сваімі справамі, у нейкім аддаленым кутку. Ньюхаўс, пэўна, заўважыў некалькі фальшывых купюр, адразу ж вызначыў сітуацыю, схапіў адну банкноту, каб паказаць паліцыі, і рушыў да паліцэйскай управы, мяркуючы, што яго не заўважылі.

Аднак, відаць, Ньюхаўс усё-такі трапіў ім на вочы, калі выходзіў з друкарні. Двое пайшлі следам. Яны не маглі без рызыкі забіць яго проста на вуліцы, за які-небудзь квартал або два ад будынка суда. Але, павярнуўшы за рог, яны ўбачылі незаглушаную машыну Кроствэйта. Гэта якраз і дапамагло вырашыць праблему наконт уцёкаў. Сеўшы ў аўтамабіль, яны паехалі следам за Ньюхаўсам. Лічу, што іх першапачатковы план быў прыстрэліць Ньюхаўса, але той пачаў пераходзіць Клэй-стрыт, утаропіўшыся ў фальшывую купюру, што нёс перад сабой. У выніку яны атрымалі неацэнны шанц. Аўтамабіль скіравалі проста на Ньюхаўса. Той, яны ведалі, безумоўна, загіне, бо кволае сэрца давядзе справу да канца, нават калі смерць не настане ад удару аўтамабіля. Потым яны кінулі машыну і вярнуліся ў друкарню.

Трэба звесці разам шмат якія канцы, але мае летуценныя разважанні адпавядаюць усім вядомым фактам — і я гатовы пайсці ў заклад на месячны заробак, што набліжаюся да разгадкі.

Дзесьці ляжаць галандскія купюры — вынік трохдзённай працы! Вам, панове...

Пэўна, я б гаварыў бясконца, знаходзячыся ў стане поўнай унутранай знямогласці, ад якой, нібы ад хмелю, круцілася ў галаве, калі б бландзіністы волат-паліцэйскі не прымусіў мяне змоўкнуць, прыклаўшы да маіх вуснаў шырокую далонь.

— Супакойся, — сказаў ён, падымаючы мяне з крэсла і кладучы на стол. — Праз хвіліну пад'едзе «хуткая дапамога».

Сцены канторы паплылі кругам перад маім адзіным здольным бачыць вокам — жоўтая столь то пачынала ссоўвацца ўніз, то зноў уздымалася, знікала, потым вярталася ў недарэчных абрысах. Каб не бачыць усяго гэтага, я павярнуў галаву ўбок. Погляд спыніўся на белым цыферблаце насценнага гадзінніка, які таксама круціўся перад вокам.

Нарэшце гадзіннік спыніўся, і я змог разабраць, што стрэлкі паказвалі чатыры гадзіны.

Я ўспомніў, што Кроствэйт перапыніў размову ў кабінеце Вэнса Рычманда ў тры гадзіны і менавіта тады я ўзяўся за работу.

— Цэлая гадзіна! — спрабаваў я сказаць, звяртаючыся да Кофі, але тут жа заснуў.

Паліцыя завяршыла работу за той час, пакуль я ляжаў у ложку. У канторы Ван Пелта на Буш-стрыт знайшлі вялікі стос купюр па сто флорынаў. Было вызначана, што Ван Пелт меў у Эўропе рэпутацыю першакласнага фальшываманетчыка. Адзін з друкароў раскалоўся і заявіў, што Ван Пелт і Соўлс былі менавіта тыя двое, што пайшлі следам за Ньюхаўсам і забілі яго.

Эрл Стэнлі Гарднэр

Ключ да загадкі раскіданых рубінаў

Дождж раз-пораз суцэльнай заслонай шугаў з начнога неба. Калі гэтая заслона знікала, у прагалах паміж хмарамі паказваліся мігатлівыя зоркі. Вулічныя ліхтары, святло ад якіх зіхатлівымі стужкамі адбівалася на мокрым бруку, нібы німбам ахінала пара.

Па мокрым бруку разляталіся пырскі з-пад ног Сідні Зума, які ішоў, не звяртаючы ўвагі на лужыны. Яго хударлявая фігура, ахінутая плашчом і прыкрытая зверху гумовым капелюшом, імкліва рухалася наперад скрозь дажджлівую ноч, побач нячутна бегла аўчарка.

Сідні Зум любіў ноч. Асабліва яму падабаліся дажджлівыя ночы. Паўночныя вуліцы вабілі яго прадчуваннем прыгод. Ён безупынна шнырыў па начах у пошуках дзіўных чалавечых учынкаў, якія маглі выклікаць яго цікавасць.

Аўчарка хрыпла загыркала.

Сідні Зум прыпыніўся і паглядзеў на свайго чатырохногага спадарожніка.

— Што ў цябе, Рып?

Жоўтыя вочы сабакі выглядалі нешта ў цемры. Вушы яго натапырыліся. Праз момант морда сабакі крутанулася, як бы нешта вышукваючы і прынюхваючыся. Потым ён зноў загыркаў, поўсць на спіне ўзнялася дыбам.

— Шукай, Рып.

Сабака нібы страла паімчаў у цемру, шлёпаючы лапамі па мокрым бруку. Ён бег шпарка і ўпэўнена, нізка прыгінаючыся долу. Заварочваючы за рог, ён нахіліўся яшчэ ніжэй — і ў гэты момант цемра праглынула яго.

Сідні Зум дайшоў да месца, дзе знік сабака, і спыніўся ў чаканні. Але тут пачуліся крокі, шамаценне гумовага плашча, і на яго пачала насоўвацца цёмная постаць.

Цемру прарэзала святло электрычнага ліхтарыка.