— У мяне няма нічога больш вам сказаць.
Адзін паліцэйскі, што корпаўся ў камодзе, звянуўся да сяржанта.
— Паглядзіце, што я знайшоў, — сказаў ён.
Ён паказаў Громлі рэшткі пацерак — дробныя чырвоныя рубіны на абрыўку ніткі.
— Дзе гэта было?
— Прыхованае. Прылепленае жвачкай за люстэркам. Вось тут, бачыце, нітка парвалася, потым абарваныя канцы завязалі і ўсё гэта прыляпілі з таго боку люстэрка.
— Паглядзім на жвачку, — буркнуў сяржант Громлі.
Паліцэйскі даў яму ў рукі камяк жвачкі. Ён ледзь падсох зверху і яшчэ нават не пачаў цвярдзець.
Сяржант Громлі зноў упіўся вачыма ў жанчыну.
— Ваша? — спытаў ён.
Ева зірнула на Сідні Зума, потым адмоўна паківала галавой.
Сяржант Громлі сядзеў спінай да Сідні Зума. Цяпер ён загаварыў спакойна, роўна, не павышаючы голасу:
— Зум, я шмат чуў пра вас, чуў пра вашу дапамогу ўправе. Звычайна мы не дазваляем цывільным прысутнічаць на такіх допытах, як гэты. Я дазволіў вам застацца, улічваючы вашу рэпутацыю. На жаль, мне здаецца, што вы злоўжываеце маім даверам.
— Маеце на ўвазе, — рэзка спытаў Сідні Зум, — менавіта што?
Сяржант Громлі працягваў гаварыць, не паварочваючы да Зума галавы.
— Вы што, думаеце, — спытаў ён, — што я зусім дурань?
— Хочаце, каб я выйшаў з пакоя? — раздражнёна спытаў Зум.
— Так, — па-ранейшаму не павярнуўшы галавы, адказаў Громлі.
Некалькі крокаў — і Сідні Зум быў ужо каля дзвярэй.
— Пайшлі, Рып.
З калідора пачуўся тупат — да гучнага грукату крокаў Зума далучалася мяккае шлёпанне сабачых лап па голай каля сцен падлозе. З'едліва ўсміхаючыся, Сідні Зум сышоў па лесвіцы на першы паверх. Там ён зайшоў у першы ад вуліцы вестыбюль і агледзеў медныя паштовыя скрынкі з умацаванымі ў іх замкамі.
Зум прыпыніўся, каб дастаць з кішэні пальчаткі. Яны былі тонкія і мяккія, але засцерагалі ад неспадзяваных адбіткаў пальцаў.
— Дурні, — нячутна прамармытаў ён.
Потым Зум дастаў з кішэні звязку ключоў. Іх аказалася не так многа, але кожны быў мудрагеліста сканструяваны чалавекам, які ў якасці хобі на ўсё жыццё выбраў вывучэнне замкоў.
Ужо трэцім з перабраных ім ключоў ён змог шчоўкнуць засаўкай у замку скрынкі ад кватэры 342.
Сідні Зум пашнырыў у скрынцы рукой у пальчатцы і дастаў адтуль пакамечаны шаль. У ім нешта забразгатала.
Гэта маглі быць каменьчыкі альбо кавалачкі шкла, але Сідні Зум не марнаваў часу на разгляданне таго, што там было. Ён проста паклаў скрутак — шаль і ўсё, што ў ім было, — у кішэню паліто, выйшаў на вуліцу і знік у начы.
Спыніўшыся каля бліжэйшай тэлефоннай будкі, Зум патэлефанаваў лепшаму ў горадзе адвакату, які спецыялізаваўся па крымінальных справах.
— Гэта Зум. Паліцыя спрабуе навесіць абвінавачванне ў забойстве на маладую жанчыну, нейкую місіс Еву Пэйн, што жыве ў кватэры 342 у шматкватэрным доме «Матонія». Зараз там паліцэйскія. Я запрашаю вас узяцца за гэту справу згодна з існуючым паміж намі прыватным пагадненнем. Зараз жа накіроўвайцеся туды. Скажыце ёй, каб трымала язык за зубамі, і сачыце, каб яна сапраўды не нагаварыла лішняга. Пакуль што ўсё.
Зум павесіў слухаўку на кручок тэлефоннага апарата. Ён ведаў, што адвакат будзе на месцы праз якіх-небудзь пару хвілін. Зум пастаянна забяспечваў яго рознымі справамі, што выклікалі цікавасць дзіўнага суб'екта, у якога было хобі швэндацца па начных вуліцах і мерацца кемлівасцю як са злачынцамі, так і з дэтэктывамі.
Потым Сідні Зум выклікаў таксі і паехаў да шыкоўнай яхты, на якой ён жыў. Толькі апынуўшыся пад надзейнай аховай сцен сваёй капітанскай каюты, ён разгарнуў скрутак, узяты з паштовай скрынкі.
У шалі было шмат каштоўных камянёў, і большая частка з іх была начэплена на ніткі.
Было дзесяць гадзін раніцы.
Затхлае паветра памяшкання паліцэйскай управы было напоўнена тымі цяжкімі пахамі, што бываюць у пакоях, якімі карыстаюцца дваццаць чатыры гадзіны ў суткі.
Капітан Біл Махоні, чалавек, якому нядаўна пайшоў шосты дзесятак, невялічкага росту, але спрытнага розуму, узняў на ўвайшоўшага Зума цёмныя праніклівыя вочы і задуменна паглядзеў на яго.
— Сяржант Громлі, — сказаў ён, — хоча прад'явіць вам абвінавачванне за дапамогу злачынцу.
— І хто ж злачынца?
— Маладзіца па прозвішчы Пэйн.
Зум раздражнёна пастукаў цыгарэтай па стале, чыркнуў запалкай па падэшве чаравіка, запаліў і рэзкім рухам рукі выпстрыкнуў запалку.
— Сяржант Громлі, — сказаў ён, — небяспечны чалавек. Небяспечны як для бязвінных, так і для вінаватых.