Выбрать главу

Зум шырокімі крокамі падышоў да камоды і пачаў выцягваць шуфляды.

Там былі цёплая бялізна, шкарпэткі грубай вязкі, танныя кашулі. У верхняй шуфлядзе ляжала кардонная скрынка з зялёнай наклейкай на накрыўцы. Па баках яна была пафарбавана пад медзь. Зум выцягнуў скрынку, адарваў верх і вывернуў тое, што было ўнутры. На камоду бліскучым струменем пасыпаліся латуневыя патроны — патроны для аўтаматычнага пісталета сорак пятага калібру.

Адвакат зноў пракашляўся. Потым паціснуў плячыма і адвярнуўся. Зум пільна паглядзеў на капітана Махоні.

— Я хачу бачыць кітайца-кухара.

Капітан Махоні падаў знак камердынеру.

— Пойдзем і пашукаем кухара.

Яны выйшлі з пакоя. Адвакат зноў пракашляўся.

— Збіраецеся нешта сказаць? — спытаў Зум.

— Так, — адазваўся адвакат. — Я хацеў адзначыць, што сёння добры дзень.

Дзверы зноў адчыніліся, і капітан Махоні прывёў у пакой камердынера і кітайца-кухара. Адразу было відаць, што кухар нервуецца.

— А Кім, — назваў яго прозвішча капітан Махоні.

Зум глянуў на кітайца. Той нервова варочаў касымі маслянымі вачыма.

— А Кім, — спытаў яго Зум, — ты разбіраешся ў пісталетах?

А Кім пераступіў з нагі на нагу.

— Шмат разумей, — адказаў ён.

Зум паказаў на кучу патронаў.

— Для якога пісталета яны прызначаны?

— Етыя ўсі падыходзіць да пісталета містала Пэйн. Яго солак пяты, аўтаматычны.

Зум крутануўся на абцасах тварам да адваката.

— Вы складалі завяшчанне Пэйна?

Гэта прагучала хутчэй як канстатацыя факта, чым пытанне. Бялявыя вочы адваката глядзелі на Зума не міргаючы.

— Так, — адказаў ён. — Вядома, я.

— На каго яно было складзена?

Адвакат сцяў вусны.

— Мне было б зручней адказаць на гэта пытанне пасля, і тэт-а-тэт.

Капітан Махоні глянуў на Зума, потым перавёў пільны позірк сваіх цёмных задуменных вачэй на адваката.

— Адказвайце зараз, — сказаў ён.

Адвакат пакланіўся.

— Што ж, добра. Маёмасць, уся, што ёсць — а яна значная, — завешчана ў аднолькавых колькасцях двум слугам — А Кіму і Сэму Моклі.

Кітаец выслухаў навіну з ветлівай мінай на фізіяноміі, цалкам пазбаўленай выразу якога-небудзь пачуцця. Сэм Моклі спачатку слова не мог вымавіць ад здзіўлення.

— Што?! — нарэшце ўсклікнуў ён.

— Я не збіраўся паведамляць вам аб гэтым, пакуль не будзе завершана следства, але Пэйн пакінуў сваю маёмасць вам двум.

— Ён нічога не завяшчаў Еве Пэйн? — спытаў Зум.

— Натуральна, нічога, — адказаў адвакат. — Маладзіца аказалася неверагодна бессумленнай. Яна давала лжывыя паказанні ў час судовага разбору справы аб каштоўнасцях. Яна ўварвалася ў дом і здзейсніла крадзеж з узломам.

Сідні Зум кіўнуў галавой, як бы неахвотна выказваючы згоду.

— Вы калі-небудзь чытаеце Біблію, містэр Герхард?

Яго сівы суразмоўца ўсміхнуўся.

— Я прачытаў яе, — адказаў ён суха.

— Там ёсць адно выдатнае месца, — пракаменціраваў Сідні Зум, — дзе заўважана, што той, хто бязгрэшны, можа кінуць першы камень.

Сцятыя вусны адваката выцягнуліся ў тонкую лінію.

— Калі вы маеце на ўвазе ў сувязі з гэтым нешта асабістае, — рэзка сказаў ён, — то я параіў бы памаўчаць. У нашай дзяржаве ёсць закон супраць паклёпу. Вашы адносіны былі варожыя з першага моманту, як вы зайшлі ў дом.

Было відавочна, што гэты ссівелы ветэран шматлікіхі бітваў у судовых залах займаў вельмі агрэсіўную пазіцыю кожны раз, калі нехта рабіў замах на яго гонар.

— Вы памыляецеся, — сказаў з паклонам Зум. — Мае адносіны такія, якія могуць быць у следчага.

Ён павярнуўся тварам да капітана Махоні.

— Ключ да разгадкі справы аб забойстве знойдзены, — сказаў ён.

Капітан Махоні глянуў на Зума са здзіўленнем.

— Паколькі існуе закон супраць паклёпу, — усміхнуўся Зум, — замест слоў я спашлюся на ўяўныя доказы. Крок за крокам — і мы здымем заслону з усёй гэтай справы... Рып, абнюхай паноў.

Тут Сідні Зум махнуў рукой — дакладней, зрабіў кароткі рух запясцем.

Дрэсіроўшчыку жывёл было б вядома, што рух куды больш, чым словы, стымулюе службовую аўчарку да дзеянняў. Эфект быў надзвычайны. Сабака ашчацініўся, уважліва абышоў усіх трох і з варожым выглядам абнюхаў іх вопратку.

— Пойдзем, капітан, — сказаў Сідні Зум.

Ён павярнуўся і пайшоў з пакоя з Рыпам.

— Няхай машына застаецца тут, — сказаў Зум, калі яны, выйшлі на ганак з дома, дзе засталіся тры збянтэжаныя тыпы, — мы пойдзем нацянькі да дома, дзе жыве маладзіца.

Капітан Махоні пайшоў побач.

— Зум, — заўважыў ён спакойна, — ты хоць уяўляеш мэту сваіх дзеянняў?