Нічога асаблівага не здарылася, апрача таго, што Фрэд пагадзіўся падрыхтаваць адпаведны матэрыял. Адэль Бослі і доктар Лойд, развітаўшыся, пайшлі, Міён падняўся ў сваю гукаізаляваную студыю, а Фрэд і Пегі зірнулі адно на аднаго і раптам адкрылі для сябе самую значную, пачынаючы з часоў вядомай гісторыі пра райскі сад, жыццёвую з'яву.
Праз нейкую гадзіну адбылася яшчэ адна сустрэча, на гэты раз паверхам вышэй, у студыі, каля паловы чацвёртай, але ні Фрэд, ні Пегі ў ёй не ўдзельнічалі. Перад гэтым Фрэд выйшаў, каб супакоіцца, і патэлефанаваў Пегі, і яна пайшла на сустрэчу з ім у парк. Таму іх інфармацыя аб сустрэчы, што адбылася ў студыі, была з чужых слоў. Акрамя Міёна і доктара Лойда там былі яшчэ чатыры чалавекі: Адэль Бослі, якая займалася інфармацыйнымі справамі опернага тэатра, містэр Руперт Гроўв — імпрэсарыо Міёна, містэр Джыфард Джэймс — барытон, які шэсць тыдняў таму стукнуў Міёна па шыі, і суддзя Генры Арнольд — адвакат Джэймса. Гэта сустрэча была яшчэ менш свецкая, чым папярэдні званы абед, бо яе наладзілі, каб абмеркаваць афіцыйнае патрабаванне Міёна да Джыфарда Джэймса: заплаціць яму чвэрць мільёна даляраў за шкоду, нанесеную яго гартані.
Інфармацыя, якую Фрэд і Пегі атрымалі з чужых слоў, сведчыла аб тым, што размова часам была даволі гарачая, атмасфера падагрэлася з самага пачатку, калі Міён узяў з бюста Каруза рэвальвер і паклаў яго на стол побач з локцем. Аб падрабязнасцях таго, як праходзіла сустрэча, яны мелі даволі агульнае ўяўленне, бо самі ў ёй не ўдзельнічалі, але ва ўсякім разе ў час сустрэчы з рэвальвера не стралялі.
Акрамя таго, было дастаткова доказаў таму, што Міён заставаўся жывым і здаровым, калі не лічыць пашкоджанай гартані, пасля таго як удзельнікі сустрэчы разышліся. Пасля размовы, што адбылася ў час сустрэчы, ён двойчы гаварыў па тэлефоне — са сваім цырульнікам і з адной багатай опернай мецэнаткай; крыху пазней яму патэлефанаваў імпрэсарыо Руперт Гроўв; а прыкладна а палове шостай ён патэлефанаваў пакаёўцы, каб тая прынесла наверх бутэльку вермуту і мёд, і яна зрабіла ўсё, што было загадана. Калі пакаёўка зайшла з падносам у студыю, Міён быў жывы і здаровы.
Я старанна запісаў усе прозвішчы ў блакнот, пераправерыўшы іх напісанне, бо, як мне здавалася, адно з іх прыйдзецца выкарыстаць у сувязі з забойствам; асабліва ўважліва я паставіўся да прозвішча, што было названа апошнім: Клары Джэймс — дачкі Джыфарда.
Існавалі тры прычыны, каб звярнуць на яе асаблівую ўвагу. Па-першае, Джэймс ударыў Міёна, бо ведаў ці падазраваў — Фрэд і Пегі не маглі сказаць дакладна, — што Міён парушыў адпаведныя межы ў адносінах да дачкі Джыфарда Джэймса.
Па-другое, яе прозвішча было ў канцы спіса асоб, якія заходзілі ў дом у другой палове таго дня, спіса, які Фрэд атрымаў ад швейцара і ліфцёра. Тыя паведамілі, што яна прыйшла прыкладна ў шэсць гадзін пятнаццаць хвілін, выйшла з ліфта на паверсе, дзе знаходзіцца студыя, а значыць — на трынаццатым, а крыху пазней, можа, хвілін праз дзесяць, выклікала ліфт на дванаццаты паверх і паехала ўніз.
На трэцюю прычыну звярнула ўвагу Пегі, якая нейкі час заставалася ў парку, пасля таго, як Фрэд выйшаў з будынка, а потым рушыла дадому і зайшла ў кватэру каля пяці гадзін. Яна не падымалася ў студыю і не бачылася з мужам. Недзе пасля шасці гадзін, на яе думку, а палове сёмай, яна, пачуўшы званок, сама пайшла адчыняць дзверы, бо пакаёўка з кухарам былі на кухні.
На парозе стаяла Клара Джэймс. Яна была бледная і напружаная, але трэба сказаць, што яна заўсёды была такая. Клара сказала, што хоча бачыць Альберта, і Пегі адказала, што, здаецца, ён у студыі. Клара ж паведаміла, што яго там няма, але гэта не важна. Калі Клара націснула кнопку ліфта, Пегі зачыніла дзверы, жадаючы пабыць адной, без каго б там ні было, тым больш без Клары Джэймс.
Праз паўтары гадзіны з'явіўся Фрэд, яны разам падняліся ў студыю і ўбачылі, што Альберт усё-такі быў там, але ўжо мёртвы.
Пасля выразнай выявы дня ў пакой прыйшла ноч, поўная загадак, але Вулф засяродзіў увагу толькі на тым, што было, на яго думку, істотным. Ужо трэцюю гадзіну ішла размова, і я пачаў трэці блакнот. Вулф цалкам праігнараваў некаторыя моманты, якія трэба было высветліць: напрыклад, ці была ў Альберта звычка пераходзіць дазволеныя межы ў адносінах да яшчэ чыіх-небудзь дачок ці жонак, і калі так, то трэба было запісаць прозвішчы. З расказу Фрэда і Пегі я прыйшоў да высновы, што ў Альберта быў вольны погляд наконт чужых жонак, але, відаць, гэта не цікавіла Вулфа.