І ўсё ж яна выйшла за яго замуж.
Праз тыдзень пасля шлюбу яны паплылі ў мора на невялікай лодцы, і назад ён вярнуўся адзін.
Праз два дні пасля гэтага яго арыштавалі. Студэнты-медыкі ўзнялі шум, і паліцыя — якая хоць і вельмі неахвотна звязвалася з амерыканцамі, а з імі асацыіравалася ўжо само імя Эн, і была вельмі заклапочаная тым, каб Каны аднавілі сваю рэпутацыю сусветнага цэнтра забаў і каб пра гэты горад не распаўсюдзілася ніякая слава, акрамя самай добрай, вельмі клапацілася аб тым, каб запэўніць кожнага, што такія тыпы, як Поль, ніколі, заўважце, ніколі не ступяць нагой у іх рай, — гэта самая паліцыя вымушана была саступіць і арыштаваць яго.
Потым, паколькі ён быў неверагодна бездапаможны, паліцыі не заставалася нічога іншага, як перадаць справу ў суд. На пытанне аб тым, куды знікла жонка, ён адказаў:
— Яна вылезла з лодкі і паплыла. — Так ён і паўтараў увесь час гэта глупства. І гэта ўсё, што ён мог сказаць у сваю абарону.
Пасля размовы са мной супрацоўнікі следчых органаў папрасілі не ў якасці афіцыйнага загаду, а ў якасці паслугі застацца, каб прыняць удзел у слуханні справы ў судзе. Відаць, яны думалі, што я змагу ім дапамагчы. Я ж гэтага не разумеў, пакуль не пачаўся суд. І вось тады я ўбачыў, наколькі карысным я аказаўся, вельмі карысным.
Суд прысяжных засядаў не больш двух месяцаў. Потым судовыя пасяджэнні перанеслі ў другое месца ўзмор'я, у Ніцу — цэнтр дэпартамента Прыморскія Альпы.
Так што мае тры ідылічныя месяцы на казачнай Рыўеры аказаліся пяццю горкімі...
У зале французскага суда надзіва цяжка арыентавацца. Мне давялося вельмі доўга шукаць сваё месца і спатрэбілася шмат часу, каб разгледзець сярод прысутных абвінавачанага; яшчэ больш часу спатрэбілася, каб прызвычаіцца да факта, што ён лічыўся вінаватым, пакуль не зможа даказаць адваротнае.
Калі ж я нарэшце да гэтага прызвычаіўся, адчуў вялікае задавальненне.
Паказанні былі абсалютна знішчальныя. Усе да аднаго, у тым ліку і самога Барона. Да таго ж, ні кроплі не засталося ад яго годнасці — і не толькі таму, што шмат што кампраметавала яго, але і сам ён надзіва ўдала прыклаў руку да сваёй дыскрэдытацыі ў час судовага разбору. Так, напрыклад, усплыў факт яго незаконнароджання. Усе гэта, зразумела, ведалі, але гаварылі пра гэта толькі шэптам, ды і пашпарт, што ён меў пры сабе, рабіў гісторыю яшчэ больш заблытанай.
Узнікла пытанне і наконт яго ўзросту. Калі знікла тая маленькая балканская краіна? У 1915 годзе. Колькі год яму было тады? Кароткія гістарычныя звесткі, сабраныя разам, вымусілі яго сказаць праўду: яму было тады пятнаццаць. Такім чынам яго пашпарт быў падроблены; чалавеку, якому на выгляд было трыццаць чатыры, а па ўласным прызнанні трыццаць сем, на самай справе мінула сорак сем год — а гэта прызнанне для яго мела большае значэнне, чым для іншых людзей. Маладжавасць — галоўная акцыя пры яго занятку.
Але ж чаму ён ажаніўся з гэтай дваццацідвухгадовай дзяўчынай? Ён надзвычайна ўразіў усіх прызнаннем праўды: ён ажаніўся з ёю дзеля грошай. А значыць, ён не ведаў, што яна зможа атрымаць грошы толькі праз трынаццаць год? — з'едліва заўважыў пракурор (ён наогул быў схільны да з'едлівасці), — тады, калі ваш узрост наблізіўся б да шасцідзесяці год.
— Яна мне пра гэта не казала.
Памятаю, як бездапаможна ўздыхнуў адвакат.
— Значыць, вы ажаніліся з ёю дзеля грошай, потым даведаліся, што не атрымаеце іх раней, чым праз трынаццаць год, і таму вырашылі атрымаць іх у якасці спадчыны?
— Я ажаніўся з ёю таму, што яна папрасіла мяне аб гэтым, таму што яна была прыемная асоба і таму што яна была багатая. Да таго часу, як я апынуўся ў гэтай зале суда, я не ведаў нічога наконт гэтых «трынаццаці год». Яна сказала, што загадала перавесці грошы, але французскія банкі вельмі марудныя. А яны на самай справе марудныя. Прайшоў толькі тыдзень пасля шлюбу.
— Тыдзень. Толькі тыдзень, — сказаў пракурор, паволі і горка, і сеў на месца.
Нарэшце мяне правялі да месца, дзе я павінен быў выступаць як сведка. Я стаяў за стойкай, абапіраючыся аб парэнчу, трасучыся ад пачуцця болю, страты і раз'юшанасці. Ці патрэбны мне быў перакладчык? Мяне аб гэтым спыталі, і я сказаў — не, хоць маё веданне французскай мовы было, па праўдзе кажучы, недастатковае. Але я не хацеў, каб паміж мной і помстай існавала б хоць якая-небудзь заслона.
Галоўная каштоўнасць, якую я ўяўляў для следства, была, як я потым зразумеў, у тых гарачых пачуццях кахання і жалю, што мучылі мяне. Маімі вачыма суддзі бачылі, якая простая, якая шчырая, якая маладая, якая жыццялюбівая яна была.