Выбрать главу
У сэрцы здрада грукала Дарма. Для ворагаў Твае глухія дзверы. Балгарыя — Гранітная чашма, Адкуль славянскі дух Напіўся веры.
Тушыла помстай Іншаверны гнеў. Адчай Спакой душы не раскатурхаў. Няхай крыху Твой позірк пачарнеў — Не стала перапуджанай Нямтуркай.
Ішла да зор надзеі Наўпрасткі, Пра вышыню Нагадвала краса іх,— Каб гор тваіх Цвярдыя кулакі 3 ілбоў чужацкіх Іскры выкрасалі.
Хай у стагоддзях Лік тваіх вякоў Губляецца, Пакуль рунее слава. Няхай на шчасце Згубленых падкоў Час не шкадуе для цябе, Д з я р ж а в а !

Даліна руж

Люстэркі ранішніх калюж Балкан асмуглачолы Разбіў, Як састарэлы муж. Але настрой вясёлы. Здравей, Даліна руж!
Люд не цягнуў няволі гуж. Тут хатнія гарматы — Ствалы з чарэшняў-цвердадуш — Свой першы залп зацяты Далі У Даліне руж.
А волі кланяцца каму ж? 3 турэцкіх гіраў ядры Ляцелі ў сэрца лютых сцюж, Каб месік новай квадры Свяціў Даліне руж.
Усё цвіце — пагляд прымруж. Такое можа сніцца! Свой неспакой наноў узруш. Раўнуе навальніца Да ўсіх Даліну руж.
Здымае хмары капялюш, Паддаўшыся суроку (Яго здзіўленне не паруш!), Балкан яшчэ здалёку Перад Далінай руж.

* * *

Да Рыльскага манастыра Не проста вядзе дарога. На дрэвах — іскры з кастра У гонар самога бога.
Вяршыні прытуманелі. У рэчышчах не камяні, А хвалі акамянелі Ад дотыку да чысціні.
У кельніцах кулакі Пасціснулі скалы маўкліва — Ажно пацяклі цуркі Перахаладзелага мліва.
Ружанчыкі камянёў Рачулка перабірае, Ці ў памяці паўтарае Малітвы вякоў наноў?
У буках палае абшар, Сцякае агонь раўкамі. Тут хочацца шорсткі жар Зграбаць сваімі рукамі.
Здаецца, агонь яшчэ Гарыць на вяршыні роўна, Размова спаважна цячэ, I думам, і зорам — ройна.
Дасюль Для тутэйшых хмар Вяртаюцца словы ў громе. Унізе — 3 просьбаю цар, 3 адмовай — Рыльскі на строме.
Спяшайся, сцяжын быстра! Здзіўленне, Прагнаўшы знямогу, Шляхі ўсе звяло ў дарогу Да Рыльскага манастыра.

Трыфан Заразан

Вясёлы Трыфан Заразан, Ты не прывык вагацца, Ты, як балгарскі партызан, Сярод багоў паганскіх.
Пакуль пралеска з-пад снягоў Зірне нясмелым вокам, Ты нашчыш, Адшукаўшы схоў, Душу вясёлым сокам.
Ішоў ты падразаць лазу, Спаткаў нядзелю ў полі I нос свой Востраму лязу Паказытаць дазволіў.
Надрэзаны, як чаранок, Прыняўся нос да хмелю... Чаму ж хістае мой радок На веснавым надзеле?
Я Юр'я нашага прашу, Хай адмыкае росы, Хай возьме на пастой душу Цвярозую цвярозы.
А ты, нагнуўшы збан-пузан, Не дужа долу гніся, Вясёлы Трыфан Заразан — Нашчадак Дыяніса!

Парада

— У Балгарыі глядзіце на нябёсы! — Тэадора Ганчава параіла. Не для рыфмы кідаў позірк я на косы, Хай даруюць мне хмурын густых пракосы За такое адступленне ў правіле!
Сапраўды, яны з лірычнымі вятрамі, Непаўторныя, недасягальныя. Ход нябесных думак, можа, паўтарае Вечарамі зорная прагаліна.
За палётам вышыні сачыць не бойся, Разбудзі, як страх, жаданне ранняе. Паплыве ў цябе з-пад ног зямля ў нябёсы Толькі ў вочы глянь, што бачыць раілі...