Выбрать главу

— А ў вас, акрамя як пра вайну, і размаўляць больш няма пра што, — спынілася ў дзвярах гаспадыня.

Пані Анастасія, не пакрыўджаная ні Богам, ні прыродай, побач са сваёй пятнаццацігадовай дачкой выглядала не як яе маці, а як яе старэйшая сястра. Невысокая, хударлявая, з прыгожым прамым носікам і пунсовымі, створанымі для пацалункаў, вуснамі яна была вельмі прывабнай, пра што ведала і чым карысталася. Вось толькі вочы не пасавалі да яе вобліку. Яны жылі дарослым жыццём, па іх можна было зразумець, што іх уладальніца — жанчына, якая нямала перанесла цяжкасцей за свае трыццаць тры гады і добра ведае сапраўдны кошт не толькі чалавечым учынкам, але і словам.

Убачыўшы жонку, пан Андрэй расквітнеў ад захаплення.

— Ну чаму няма? — ён наблізіўся да Насці, асцярожна падхапіў яе за локаць, павёў да стала. — Пра вайну мы ўспамінаем толькі ў цвярозым стане, а як вып’ем — размаўляем выключна пра вас, нашы любыя жанчыны.

— Ведаю, пра якіх жанчын вы тады ўспамінаеце, наслухалася за сваё жыццё.

— Ну-у, — не знайшоў, што адказаць гаспадар. Ён разгублена азірнуўся на сябра і паціснуў плячыма: — Гэта мы так жартуем!

А пані Анастасія працягвала:

— Вось вы ўсё ваюеце, забіваеце адно аднаго, калечыце, а нам, жанчынам, потым адагравай вашы сэрцы, каб яны не скамянелі, не згарэлі, не ператварыліся ў чорныя галавешкі... І калі вы так ужо не можаце жыць без войнаў, то не чапайце хаця б нас потым, не прымушайце пакутаваць, не ганьбіце за свае ж грахі.

Муж у адказ толькі цяжка ўздыхнуў.

Селі за стол, які ламаўся ад розных страў і прысмакаў. Тут смачна дыміўся тлусты гусак, якога служка толькі што дастала з печы і абкладвала мочанымі яблыкамі. Побач зыходзіла бурштынавым тлушчам смажанае свінчо. Яно быццам бы ўсміхалася сваімі паўзамкнёнымі пашчэнкамі і радавалася, што паслужыць такім людзям. Тут жа ляжалі пірагі з вантробамі і грыбамі, каўбасы вараныя хатнія і вэнджаныя на ядлоўцы, стаялі місы са студнем, вэнджанай і заліўной рыбай. Два пачарнелыя ад часу срэбраныя падсвечнікі на тонкіх вітых ножках высвечвалі збаны з духмяным півам, глякі з мясцовай аераўкай і медавухай.

— Ух ты! — перахапіла дух у пана Міхала ад густога апетытнага паху. — Ды за такі стол і вялікага князя пасадзіць не сорамна.

Гаспадар уладкаваўся ў галаве стала. Па левую яго руку села жонка, па правую — старэйшы з Храповічаў, і так атрымалася, што Арына размясцілася насупраць сына баявога бацькавага сябра.

Здавалася, што Васіль і не заўважаў Арыны. Ён моўчкі піў, але піў нямнога, моўчкі закусваў на пытанні адказваў сцісла ці наогул толькі хістаў галавой. Але час ад часу дзяўчына лавіла, часцей — адчувала на сабе яго цікаўны позірк, і гэта яе забаўляла.

Пасля абеду гаспадары і госці перайшлі ў гасцінную, каб крыху перавесці дух, пакуль служкі памяняюць на стале посуд і закускі. Убачыўшы на сцяне лютню, пан Храповіч звярнуўся да Анастасіі:

— Гэта вы, паважаная пані, граеце на такім далікатным інструменце?

— Некалі спрабавала, — сціпла адказала гаспадыня і перавяла позірк на дач­ку. — Цяпер на ёй музіцыруе Арынка.

— А можна папрасіць вас, яснавяльможная панначка, заспяваць нам што-небудзь? — пан Міхал ветліва паглядзеў на Арыну.

— Калі гэта вам прынясе асалоду, — усміхнулася ў адказ дзяўчына і зняла са сцяны музычны інструмент.

Нейкі час яна задумліва вадзіла пальцамі па яго струнах, ці то збіраючыся з духам, ці то прыпамінаючы словы адпаведнай песні. Потым меладычным голасам заспявала:

Ведай жа, рыцар, табе не схавацца

Ні ў полі, ні ў лесе, ні дома.

Як ні ўцякай ты, а сэрца параніць

Злая страла Купідона.

— Во дае! — шэптам выказаў сваё захапленне спевам пан Міхал.

Арына працягвала:

Нават героя шчыт не ўратуе

Ад вострыя ракавога,

Дзе ж там схавацца маленькай птушцы

Горліцы белагаловай!

— Гэтыя белагалоўкі баяцца купідонавых стрэл, бы кошкі мышэй, — шэптам адказаў сябру пан Андрэй і, задаволены, засмяяўся.

Госці з’ехалі пад вечар. Яны доўга развітваліся з панам Андрэем і яго сям’ёй абдымалі гаспадара, пакрывалі пацалункамі рукі гаспадыні, слёзна запрашалі наведаць з візітам у адказ іхні двор, абяцалі не забывацца пра іх гасціннасць. І слова сваё стрымалі. Ва ўсялякім разе адзін з іх: Васіль амаль кожны дзень наведваў Мішневічаў. Спачатку свае візіты ён тлумачыў нейкімі дробязнымі справамі да пана Андрэя, затрымліваўся ў яго ненадоўга і толькі дзеля ветлівасці вітаўся з пані Анастасіяй і Арынай, прычым чырванеў пры гэтым бязбожна.