Выбрать главу

Павел нахіліўся над піяніна, адсунуў локцем Віцевы рукі, паўтарыў заключны акорд санаты. Потым сказаў, не паднімаючы вачэй:

— На Марс... Думаю, гэта ўжо хутка.

— Чуеш? — Віця радасна паглядзеў на сястру.

— Чым бы дзіця не цешылася...— нічога такога Павел не сказаў, а Валю зноў ахапіла трывога. Было ў яго словах нешта недагаворанае, прытоенае. У яе мільганула здагадка, і Валя спытала: — Твой ад’езд, Паўлік, звязаны з гэтымі легендамі аб прышэльцах?

Павел падумаў і кіўнуў галавой.

Больш да гэтай тэмы яны ў той вечар не вярталіся.

III

Чаканне важнай перамены ў жыцці, напэўна, не праходзіць бясследна для кожнага чалавека. Нават самага моцнага духам. Павел вельмі хваляваўся. Заданне кіраўніка экспедыцыі сведчыла, што кандыдатура яго, Паўла, відаць, ідзе першай у спісу прэтэндэнтаў. Калі нічога незвычайнага не адбудзецца, паляціць ён. I як казалі ў асяроддзі касманаўтаў — на Марс. Быць першым — вялікі гонар, вялікая адказнасць. Але, стоячы каля акна ў сваёй кватэры, пазіраючы ў цёмную ноч, Павел думаў не пра славу. Чалавек дасягнуў Месяца, упэўнена асвойваў яго. Палёты ў космас сталі ледзь не будзённай справай. Ды не кожны раз гэта абыходзілася без ахвяр. Ён добра помніў імёны тых, хто не вярнуўся на Зямлю. А Марс — гэта ўжо далёкі космас.

Пакуль не развіднела, Павел стаяў і думаў. Не, ён не баяўся. Перад сабой ён не таіўся б, каб быў хоць след гэтага адчування. Страх — не тое слова, якім зараз вызначаўся яго душэўны стан. Пабываць на іншай планеце! Гэта не палохала, а вабіла. Думка, што можна загінуць, калі і мільгала, то недзе на самым дальнім плане, як адзін з мажлівых варыянтаў. Галоўнай была мэта. Як, напэўна, і для тых, хто некалі адкрываў невядомыя мацерыкі, ланцуговую рэакцыю ў атамным катле, першым узнімаўся ў космас на караблі «Восток»... Імі кіравала бязмежная любоў да навукі і чалавечая прага жыцця. I калі хто з іх не даходзіў да канца, то не таму, што па сваёй волі спыняўся на паўдарозе. Тых людзей з сядла выбівала толькі смерць. Яна адна магла цяпер спыніць і Паўла. А гэта для яго азначала толькі тое, што ён не выканае даручаную справу. Павел быў малады, поўны сіл і энергіі, і думкі яго скіроўваліся ў будучае, у жыццё...

Ранішняя зара расплывалася на небе, гаслі зоркі. Пачынаўся новы дзень, а з ім новая пара ў Паўлавым лёсе. Ён дачакаўся, калі ў апошні раз яму міргнула залацістая прыгажуня Венера, і пайшоў у ванную, Халодны душ асвяжыў, бяссоннай ночы быццам і не было. Вярнуліся бадзёрасць, добры настрой.

Дваццаць хвілін у дарозе, і рэйсавы самалёт прызямліўся ў Маскоўскім аэрапорце. Пераскокваючы адразу праз некалькі прыступак, Павел збег па трапе. Свой невялікі чамаданчык ён не здаваў у багаж і, не чакаючы астатніх пасажыраў, накіраваўся да выхада.

— Павел Канстанцінавіч! — Хтосьці крануў яго за локаць.

Гушча азірнуўся. Перад ім стаяў Сцяпан Васільевіч Бурмакоў. Высокі, падцягнуты, з кранутай сівізной пышнай шавялюрай, з уважлівымі і добразычлівымі вачамі — ён быў кумірам Паўла. I не толькі яго. Напэўна, уся моладзь была закаханая ў гэтага славутага чалавека.

Некалькі імгненняў яны глядзелі адзін на аднаго, быццам правяраючы свае ранейшыя ўяўленні, потым Бурмакоў падаў руку. Яго поціск быў моцны, сяброўскі, усмешка лагодная, спагадлівая. Павел зноў парадаваўся, што будзе працаваць, асвойваць касманаўтыку побач з ім.

У машыне Бурмакоў распытваў Паўла пра апошнія, яшчэ неапублікаваныя працы. Ён, аказалася, добра ведаў, чым займаецца навуковы супрацоўнік Гушча, сачыў за яго даеледаваннямі, і Паўлу гэта было вельмі прыемна. Ён адказваў, не надта, аднак, дэталізуючы, толькі самую сутнасць, бо разумеў, што галоўная гаворка адбудзецца пазней.

Маскву абмінулі па вялікім кальцы, і неўзабаве Бурмакоў павярнуў на шашу, якая вяла да Касмічнага гарадка. Машына рухалася з хуткасцю больш за дзвесце кіламетраў у гадзіну. На абочыне дрэвы зліваліся ў суцэльную карычнева-зялёную сцяну. Гэта імклівасць імпанавала Паўлу, адпавядала яго ўзбуджанасці, нецярплівасці, ладзіла мітуслівыя думкі.

Восемдзесят хвілін шалёнай гонкі, і яны апынуліся перад уездам у гарадок. Электронны брамнік падняў шлагбаум. Далей ехалі павольней. Вакол шумеў густы сасновы бор. Бурмакоў апусціў шыбы ў машыне, і Павел адчуў смалісты водар нагрэтай хвоі. Падумалася, што тут, напэўна, жывецца і працуецца вельмі добра.

Нарэшце пад'ехалі да невялікага белага цаглянага катэджа.

— Ваша рэзідэнцыя,— сказаў Сцяпан Васільевіч,— спадзяюся, спадабаецца. Уладкоўвайцеся, адпачывайце, калі стаміліся. Я зайду па вас пазней.

Жытло мела, здаецца, усё, каб чалавек адчуваў сябе зручна, утульна. Прасторная, поўная чыстага ляснога паветра гасціная — абстаўленая мяккай мэбляй, стэлажамі з кнігамі. Тэлевізар, радыёпрыёмнік, на спецыяльнай палічцы побач з крэслам і журнальным столікам месціўся відэатэлефон. Карыстацца ўсім гэтым было вельмі зручна і проста. Не ўстаючы з крэсла, можна, націснуўшы адпаведную клавішу на шчытку, паслухаць ці паглядзець перадачу, пагаварыць па відэатэлефоне, атрымаць з паліцы патрэбную кніжку або нарэшце шклянку халоднай вады. Гэтак жа было і ў спальні. Мінімум намаганняў — максімум выгод. А Паўлу раптам стала прыкра. Хацелася, каб тут усё было прасцейшым, каб жыццё ў лесе ўсё-такі адрознівалася ад знаходжання ў кабіне касмалёта. Было ў Паўле такое, што Валя называла кансерватызмам. А ён, рыхтуючыся пакінуць Зямлю, лічыў, што не мае права на расслабленне і мусіць выхоўваць у сабе аскетызм.