Выбрать главу

І

Маршавая нямецкая калона даўно ўжо ўступіла паўз Кандрусевічаву хату ў Верамейкі, а ў вёсцы мала хто свядома мог бачыць яе: амаль усё дарослае насельніцтва было ў Паддубішчы.

Першай згледзела немцаў старая бусліха, што адзінока і бездапаможна, нібыта падвешаная, стаяла на гняздзе каля могілак. Яна была дужа галодная, і наогул — жыла гэты год заўсёды ў закарэлым голадзе, бо рэдка калі злятала з бярозы на зямлю, каб пашукаць паміж травы ці край балота ежы, таму ў глыбокім трызненні нямецкая калона ўнізе яшчэ здалёку здалася ёй зварушлівай вужакай.

ІІ

— Ну вось, Зазыба, верамейкаўцы твае нарэшце паставілі скрозь віткі на полі, а скора ж разаруць, пабачыш, нанава межы, і тады зноў будзе як і даўней — кожны сваім дваром зажыве, кожны па сабе будзе. Словам, як і не было вашых дзесяці гадоў шчаслівага і заможнага жыцця!..

Так гаварыў тым часам Зазыбу — і як не ў самае вуха — Брава-Жыватоўскі, ідучы поплеч да крыніцы, дзе канаў у крывавай пене на тупкай лугавой сцежцы застрэлены лось. Чубар са свае сховы акурат убачыў тады паўзверх купчастага ядлоўцу: сапраўды, гэтыя два не спяшаліся бегчы, каб зірнуць, што раптам здарылася пасярод сухадолу; яны не паддаліся агульнаму настрою верамейкаўцаў, якія адразу пасля Рахімавага стрэлу сыпанулі з Паддубішча ўніз па схіле, — Брава-Жыватоўскі з Зазыбам ішлі, што завецца, нага за нагу, ажно здалёк нецярпліваму Чубару здавалася, што нават наўпрасткі пасля таго ўжо, як Брава-Жыватоўскі з Зазыбам збочылі з гуцянскай дарогі, яны ці не знарок падаўжалі сабе шлях, лішне старанна абмінаючы тыя папорканыя мясціны, дзе можна па нязграбнасці альбо спатыкнуцца аб сухую, пабітую мурашкамі купіну, альбо трапіць нагой у прыхаваную палявою травой выбоіну ці быдлячы капыт. І калі Зазыбава маруднасць Чубару была вядома — у гэтай непаспешнасці была сталая паважнасць, дарэчы, якая заўсёды чамусьці злавала Чубара, але якая ўсё ж адпавядала і паводзінам таго на кожны дзень, і рухам, і, нарэшце, што галоўнае, усёй Зазыбавай сутнасці як чалавека, то Брава-Жыватоўскага бачыць гэтакім жа было нязвычна, і, можа, перш за ўсё таму, што не было ніякага стасунку ў самой ягонай прысутнасці побач з Зазыбам, а тым больш ва ўзаемнасці, якая быццам ужо ўсталявалася паміж іх; ва ўсякім разе, у Чубаравай душы выгляд гэтай блізкасці раптам стварыў непрыемнае ўражанне, якое ў сваю чаргу выклікала раўнівае і помслівае пачуццё.

— Вядома, ён і калгас няроўны быў для ўсіх, — гаварыў Брава-Жыватоўскі, — як і ў жыцці што: аднаму бацька — другому той жа самы вотчым ужо, аднаму матка — другому мачыха. Гэта калі толькі пачыналі справу, дык на ўсю глотку крычалі: настае час усеагульнага дабрабыту ў мужыцкім раю. Адно — працуй, селянін. І селянін, паплакаўшы трохі на сваім загоне, з якім даводзілася развітвацца, ды і не трохі, а добра-ткі, першы ўзяўся быў за калгасную справу шчыра, а як пагаладаў адразу запар колькі гадоў, то зразумеў — не, у гэтым вашым котлішчы няйначай выпрастаеш к парогу ногі. Яны і бальшавікі твае, у каго розум, затым схамянуліся. Нездарма ж неўзабаве, у трыццаць пятым, увялі калгасны нэп. Нарэзалі прысядзібныя ўчасткі, кароў, авечак і ўсё такое іншае дазволілі трымаць, чаго раней не было. Гэта не важна, што палёгка тая не называлася калгасным нэпам. Важна — сутнасць сама. А сутнасць была ў тым, што разумныя людзі нарэшце скемілі — без прыватнай гаспадаркі ўсё роўна не падняцца пасля страшэннага голаду мужыкам, а значыць, не падняцца і ўсёй краіне, таму, як і пры Леніне, быў уведзены гэты калгасны нэп. Глядзіш, мужыкі зноў акрыялі трохі. А тады зноў камусьці засвярбела — як жа, каб у мужыка ды і кавалак хлеба не толькі на сённяшні, а і на заўтрашні дзень быў. Не памаглі на гэты раз і разумныя людзі. Бо самі ўжо недзе сабалёў пасвілі. І вось у трыццаць дзевятым абкладаюцца і соткі тыя прысядзібныя, і на карову падатак уводзіцца, і за свінчо трэба плаціць дзяржаве: калгаснікам таксама пачалі прыносіць квіткі таго ж самага колеру, што і аднаасобнікам. Можа, спадзяваліся, тыя адмовяцца і ад сотак, і ад каровы. Але не, мужык ужо гатовы быў апошнія порткі прадаць, каб заплаціць, абы не пазбавіцца гаспадаркі ўласнай, бо добра ж помніў, як было без яе ў трыццаць першым, і ў трыццаць другім, і ў трыццаць трэцім, ды, лічы, і трыццаць чацвёртым.

Гаварыў Брава-Жыватоўскі голасам чалавека, які выпрабоўваў спадарожніка, жадаючы выклікаць таго на новую шчырасць, каб пасля займець належнае месца ў душы. Дзіва, але ў Зазыбы ягоная недарэчная балбатня зусім не нараджала ўнутранага пярэчання, можа, нават з тае прычыны, што горыч, якая была на душы сёння ад самага рання, змянілася за час дзяльбы калгаснага палетка стомленай абыякавасцю ад гарачага сонца і тлуму людскога, а яшчэ, відаць, і таму, што Зазыба разумеў — абвяргаць бязглуздзіцу Брава-Жыватоўскага адзін на адзін, таксама як і пераконваць яго ў адваротным, было справай дарэмнай, раз ужо ўсё гэта вынашана ў думках і складзена ў пэўную сістэму. Яму толькі як бы дзіўна трохі было, што аднавясковец, хоць і прышлы, але ж аднавясковец, гэтак складна ўмее гаварыць; здавалася, Брава-Жыватоўскаму ніякай цяжкасці не каштавала вольна абыходзіцца з такімі моўнымі зваротамі і такімі разумовымі паняццямі (адзін «калгасны нэп» чаго варты!), якія Зазыба дагэтуль мог вычытаць адно ў тайных кніжках альбо пачуць на не менш тайных сходках; калі ж улічыць, што нічога падобнага Зазыба не чытаў і не чуў, для яго ўсё гэта стала новым, упершыню сказаным цяпер Брава-Жыватоўскім, дык і зусім можна было пазайздросціць мужыку: няўжо хапала на абгрунтаванне такіх высноў той вяскова-гарадской адукацыі, якую верамейкаўскі прымак набыў некалі ў вёсцы, а затым у Баранавічах? Сваёй парадаксальнай гаворкай ён здзівіў і насцярожыў Зазыбу яшчэ ўчора, калі яны вярталіся на адным возе з Бабінавіч, тым больш нечаканай, нават не так нечаканай, як незвычайнай сваім зместам была яна сёння. Але яна — мы ўжо гэта ведаем — не выклікала ў Зазыбы належнага пярэчання. Яна толькі вельмі гняла яго, лёгшы ўсярэдзіне, на самае сэрца, нейкім шчымлівым і неадольным цяжарам, акурат як здараецца перад небяспечнай хваробай, пра якую чалавек яшчэ не здагадваецца, але якая ўжо моцна патурбавала арганізм.

— Вядома, у цябе на душы, Зазыба, кошкі шкрабуць, — чоўп сабе Брава-Жыватоўскі, штораз, мусіць, проста дзеля забавы, шморгаючы сціснутымі пальцамі правай рукі — вялікім і ўказальным — па скураным, з аблезлаю жоўтаю фарбай рамяні бельгійскай вінтоўкі, якую ён нёс на плячы, кароткім ствалом уніз. — Як жа, пачалі раптам разбураць тое, што з тваёй дапамогай рабілася назаўсёды. Нездарма ж зямлю нават з дзяржаўнага карыстання не пашкадавалі перадаць на вечнае калгасам. А тут вось гэты немец! Як кажуць, чорт задумаў адно, а д’ябал узяў ды збунтаваў, нават невядома, з якой карты хадзіць, а каторую на казырную трымаць. — Брава-Жыватоўскі ўсміхнуўся — у яго маналогу ўсё выразней адчуваліся здзеклівыя ноткі, і голас яго паступова рабіўся злосны і нецярплівы, няйначай паліцэйскага раздражняла Зазыбава адмоўчванне, калі нават не абыякавасць; нарэшце Брава-Жыватоўскі ўспомніў, усё роўна як на ноч гледзячы, «чорта і д’ябла», якія бунтавалі карты, тады Зазыба раптам ачомаўся, быццам і папраўдзе толькі цяпер да канца сталі зразумелыя разважанні спадарожніка, задзірліва глянуў на верамейкаўскага прымака — нядаўна яшчэ асцярожнага і руплівага селяніна-калгасніка, а цяпер паліцэйскага-філосафа, і не менш задзірліва сказаў:

— Не кажы, Антон! — Яно б і грэх было Зазыбу не ўчапіцца за апошнія словы Брава-Жыватоўскага, сэнс якіх прагучаў няпэўна і нават дваяка. — Адмысловы гулёк заўсёды ведае, з якой карты калі хадзіць. Яго ні чорт, ні д’ябал не зблытае. Ты ж, гэта, мусіць, ні разу і не згуляў з нашымі мужыкамі ў карты?

Як у вялікім здзіўленні Брава-Жыватоўскі павярнуў галаву да Зазыбы, дапытліва прыжмурыўшы вочы, ажно стала відаць, як абапал іх пабралася дробнымі зморшчынамі скура.

— Не, — тым не менш проста і лёгка адказаў ён і яшчэ больш проста і лёгка спытаў: — А што? — мусіць, не надта здагадваючыся, чаму раптам Зазыбу, які маўчаў столькі часу і не адважваўся, а можа, і не хацеў пярэчыць яму, зацікавіла такая няважная акалічнасць.

— А тое, што яны б цябе пэўна ўжо навучылі, з якой карты калі хадзіць, а якую на казырную трымаць, — адказаў Зазыба і таксама дапытліва паглядзеў на паліцэйскага.

Той адчуў скрыты сэнс Зазыбавай гаворкі, на момант сумеўся, мусіць, шкадуючы, што гэтак неасцярожна падставіў сябе.