Выбрать главу

«Што, калі наведацца да лупільні?» — прыйшла Чубару думка, і ён раптам узрадаваўся ёй: не тое, што зноў памеў надзею адшукаць ласяня, хапала самой ідэі ісці далей, урэшце, неяк жа трэба шукаць сэнсу рухацца.

Больш адчуваючы, чым нават усведамляючы сваю непрыкаянасць, Чубар хоць і дужа марудна, але ўсё далей адыходзіў ад бярозы; топчучы леташнюю заваль, ён сігаў напрасткі і амаль наўздагад, бо прыкладна ведаў, як трапіць адсюль на тую грыву, дзе была хатка-лупільня, галоўнае, не ўзяць цяпер, прастуючы наўздагад, дужа ўправа, бо тады, няйначай, апынешся блізка ад вёскі, а то і зусім выйдзеш на крайнія хаты; гэтая перасцярога ўсё роўна як была закладзена Чубару ўсярэдзіну яшчэ раней, таму ён, лішне не турбуючыся, і рухаўся ўвесь час з папраўкай на такі даварот. Толькі ў адным месцы давялося крута збочыць — там пачыналася маладая сасновая пасадка, праз якую дарэмна было спадзявацца нават прапаўзці на карачках. Убачыўшы яе, Чубар, быццам губляючы раўнавагу, тут жа скочыў у вузкую межавую канаву, самае дно якой было завалена пасохлай ігліцай. Пайшоў ён па гэтай канаве, бы па глыбокай разорыне ў полі, нязвыкла стаўляў ногі пяткай да наска, усё роўна як цаляў патрапіць на выцягнуты прут. Нарэшце канава вывела да балацявіны, парослай па краі высокай і мяккай хвалістай травой, якая здараецца ў глухім цені. Тут сасновы зараснік сыходзіў на клін, і далей ужо льга было зноў ісці без перашкоды. Абмінаючы не згарэлыя, можа, некалі прытушаныя ліўнем лаўжы, што чарнелі, бы старыя начлежныя вогнішчы, на залужаным грудку, Чубар апынуўся паміж балацявінай і рослым ядлоўцам. А далей недзе ўжо меліся быць тыя сіўцовыя лагі, якімі дабіраўся да хаткі-лупільні Чубар і тады, у першы вечар, як вярнуўся са свайго вымушанага падарожжа. Скрозь па ядлоўцы зямля выглядала быццам папорканай, але не цяпер, а даўно, бо паспела ўздзірванець. Калдобіны былі неглыбокія, у адну рыдлёўку, затое шырокія, акурат гайны, што часта ўбачыш пасярод сялянскага двара, а то і проста на вясковай вуліцы ў дажджавой калёжыне. Такое маглі нарабіць па сваёй ахвоце толькі дзікі. Але наўрад ці яны, бо, як помніць Чубар, за гэтыя гады, што давялося жыць у Верамейках, нават мясцовыя паляўнічыя пра іх ніколі не азваліся. Другі раз Чубар, можа, і не заўважыў бы гэтых старых калдобін, але цяпер яны чамусьці бы назнарок кінуліся ў вочы, і ён ажно спыніўся на грудку, акурат у вялікім здзіўленні,— вось ужо нечая праўда, што вольнаму часу не займаць! Тут ён і ўбачыў на ладнай прагаліне, паміж ядлоўцавых кустоў, ласяня, ззаду, крокаў за колькі ад ласяня, стаяў, наважыўшыся на яго, воўк... Ласяня мела вельмі нязручную позу — трымалася на каленках, быццам перад гэтым хтосьці піхнуў яго, і пярэднія ногі ад штуршка падламаліся. Але драпежнік чамусьці не нападаў на высачаную ахвяру, усё роўна як забаўляўся чужой бездапаможнасцю. Каб не паскорыць драму, якая вось-вось мелася разыграцца тут, Чубар ажно замёр на месцы, адчуўшы ў момант, што пацяжэлі ногі. Правай рукой ён паволі зняў з пляча вінтоўку, нячутна падхапіў вышэй патронніка левай і ўжо гатовы быў прыставіць яе прыкладам да пляча, каб цэліцца, як раптам воўк зварухнуўся і неяк дзіўна, бы ламаючыся ў хрыбціне, віхлянуў задам, акурат падаючы на зямлю. Але гэтым ён толькі зрабіў уражанне. Драпежнік быў дужа нямоглы, таму не толькі не меў спрыту па-звярынаму скочыць да сваёй ахвяры, але і звычайна хоць трухам падбегчы. Гэта быў той стары воўк, якога надоечы бачыў Зазыба, калі вяртаўся з Бабінавіч. Недзе там нямоглы драпежнік і напаткаў ласяня. І вось яны хадзілі цяпер адзін за адным па лесе — нямоглы воўк, які няздольны быў насцігнуць сваю ахвяру, каб наталіць даўні, ужо закарэлы ў жываце, голад, і гэтае бездапаможнае трапяткое ласяня, што ўсё не давалася яму, кожны раз гатовае ўскочыць на ногі і зрабіць некалькі стомленых крокаў. Але гэтых крокаў якраз і хапала, каб уратавацца.

Хоць самому Чубару дасюль і не даводзілася сустракаць у ваколіцах Верамеек ваўка, аднак ён не раз чуў пра яго ад вяскоўцаў.

Між тым, воўк зрабіў некалькі канвульсіўных рухаў, скалынаючыся пры гэтым усім целам — ад хваста да галавы, тады аблізнуўся, нібыта мазнуў па шчацэ кавалкам сырога мяса, і заціх.

Амаль дакладна на столькі ж падалося наперад ад яго і ласяня. Няйначай, яно ўжо добра вывучыла паводзіны свайго мучыцеля, таму адразу ж, як той перастаў рухацца, шмякнулася на пярэднія каленкі, прымаючы ранейшую позу.

Чубар і цяпер яшчэ не выдаваў сябе, хоць даўно ўжо сцяміў, што нават калі і наробіць гуку, то ўсё роўна нічым не пашкодзіць ласяняці, не паскорыць драму. Тым больш не збіраўся ён пасля ўсяго, што ўбачыў, страляць. Разважыў: «Ці трэба наогул забіваць гэтага няшчаснага ваўка?» А разважыўшы так, апусціў вінтоўку, пастаяў яшчэ трохі, нібыта ў здзіўленні, што здараецца ў жыцці і такое вось, затым таропка збег па грудку ў нізіну. Не разбіраючы пад нагамі частых калдобін, ён заспяшаўся да таго месца, дзе цікавалі адзін за адным воўк і ласяня. Але, узышоўшы на прагаліну, Чубар нават косы позірк не кінуў на ваўка, быццам пагарджаў ім ці наперад ведаў, што пасля будзе гідка ад аднаго выгляду гнойных вачэй яго. Без усялякае перасцярогі ён тут жа падышоў да ласяня. Убачыўшы Чубара, тое не ўскочыла і не памкнулася ўцякаць, наадварот, зусім цупнулася на зямлю, усё роўна як і праўда зразумела, што са з’яўленнем чалавека прыйшло збавенне.

1 Чаму (ням.).

2 — Што? (ням.)

3 Б’юць па мяшку, а на ўвазе маюць асла (ням.).

4 Разам злоўлены, разам павешаны (ням.).

5 — Адставіць! (ням.)

6 Глянь, наш паліцэйскі набраў нам процьму жанчын. Па пяць штук на... прыпадзе (ням.).

7 Паслулслівы дурань — горай за ворага (ням.).

8 — Дарэмна ты. Мусіць, рускія прыдумалі сваю прымаўку не для нас. Спрытнюга Ганс, бач, ужо аблізваецца і гатовы да рашучага штурму. Паспяшайся, пане браце, каб не правароніць лялечак, уставай, інакш ты тут, ля вогнішча, правэндзішся наскрозь. Ну, зараз мы наладзім вялікую... (ням.)

9 Гэта не па мне. Гэтыя вясковыя славянскія дзеўкі даволі брудныя. Яны, здаецца, не носяць ніякіх рэйтузаў... Таму выкрэслівайце мяне са спісу, я не ўдзельнік вашай грандыёзнай муштроўкі. Праз месяц я еду дамоў, таму трэба крышку патрываць. Было б дзікай бестактоўнасцю падсунуць маёй Эльзе ў кішэню што-не­будзь непажаданае (ням.).

10 Ну, як ведаеш. Але не шкадуй пасля. Прыйдзецца пастаяць табе ў каравуле (ням.).

11 — Прэч (ням.).

12 — Бачыў, што тут было? (ням.)

13 — Здаецца, мардабой. Гэта табе не Еўропа. Тут норавы дзікія. Мы з Вольфгангам думалі, што гэта ён навыбор для ўцехі столькі кабет прывёў (ням.).

14 — Яна, пацеха, і была толькі што. Але за чым затрымка, раз у вас жаданне з’явілася? (ням.)

15 — Ты ўжо гэтую бабулю сам... А я займуся вось чым. О, добра, добра! (ням.)

16 — А ты — ступай (ням.).

17 Сабака, свіння (ням.).

18 — Макс, хапай шчасце за кудлы, твая ў шырокай спадніцы!

19 — А мне злаві тую, што...

20 — А мне таўсцейшую, каб...

21 — А мне... (ням.)

22 — Яўрэйка! (ням.)

23 — Яна — яўрэйка? (ням.)

24 — Узяць! (ням.)

25 — Прэч! (ням.)

26 — О, добра, добра!

27 — Сын?

28 — Не, не, матка. Не — муж. Матка хлусіць. Матка — дурная! (ням.).