Выбрать главу

Міхась Чарняўскі

АРХЕАЛАГІЧНЫЯ ПОМНІКІ МІНШЧЫНЫ

Падрыхтаванае на падставе: Міхась Чарняўскі, Археалагічныя помнікі Міншчыны, — Мінск: Полымя, 1988. — 24 с., іл.

Рэдактар: Т. Г. Мінчукова

Copyright © 2013 by Kamunikat.org

Міншчына, размешчаная на водападзеле Дняпра, Прыпяці, Нёмана i ix прытоках, багатая разнастайнымі стаянкамі i селішчамі, гарадзішчамі i замчышчамі, курганнымі i грунтавымі могільнікамі i іншымі археалагічнымі помнікамі — матэрыяльнымі сведчаннямі жыццядзейнасці нашых далёкіх продкаў.

Пісьмовая гісторыя краю пачынаецца з X стагоддзя. Але наяўныя пісьмовыя крыніцы надзвычай урывачныя i скупыя, да таго ж яны пераважна апавядаюць аб палітычнай дзейнасці феадалаў. Раскопкі археалагічных помнікаў дазваляюць значна папоўніць веды пра нашу гісторыю, атрымаць звесткі пра народную матэрыяльную i духоўную культуру, побытавыя рэаліі. Археалагічныя помнікі — адзіная крыніца фактаў з дапісьмовай эпохі Міншчыны i ў гэтым ix неацэннае значэнне.

Тэрыторыю сучаснай Мінскай вобласці першабытны чалавек упершыню засяліў у глыбокай старажытнасці — больш дзесяці тысячагоддзяў назад, на мяжы старажытнага (палеаліту) i сярэдняга (мезаліту) каменнага веку, калі сюды, на берагі буйнейшых вадаёмаў, праніклі носьбіты так званай свідэрскай археалагічнай культуры. Тагачаснае насельніцтва, аб'яднанае ў мацярынскія родавыя абшчыны, займалася паляваннем, рыбацтвам, збіральніцтвам i карысталася пераважна каменнымі (крамянёвымі) прыладамі працы. Частка прылад выраблялася з рагоў i касцей жывёл.

Шэсць тысячагоддзяў назад на Міншчыне пачаўся новы каменны век (неаліт), для якога было характэрным з'яўленне ляпнога глінянага посуду — керамікі i распаўсюджанне вытвараючых формаў гаспадарання — земляробства i жывёлагадоўлі пры захаванні вядучага значэння ранейшых заняткаў. Прылады працы, як i раней, вырабляліся пераважна з крэменю. Берагі мясцовых рэк i азёр у той час засялялі плямёны розных археалагічных культур: нёманскай — на захадзе, днепра-данецкай — на паўднёвым усходзе, верхнедняпроўскай — на ўсходзе, тыповай грабеньчата-ямачнай керамікі i нарвенскай — у басейне Віліі.

Чатыры тысячагоддзі назад першабытнае грамадства на гэтай тэрыторыі ўступіла ў бронзавы век, калі пры ранейшай дамінацыі каменных прылад працы i зброі тут упершыню з'явіліся медныя i бронзавыя вырабы, інтэнсіўна развіваліся жывёлагадоўля i земляробства. У той час пачала зараджацца маёмасная няроўнасць, значна ўзрасло ў гаспадарцы значэнне мужчынскай працы, што прывяло да складвання патрыярхальна-родавых адносін. У пачатку бронзавага веку тэрыторыю вобласці засялялі плямёны розных культур шнуравой керамікі. У другой палове II тысячагоддзя да нашай эры поўдзень Міншчыны займала насельніцтва тшцінецкай культуры, усход — сосніцкай. У познім бронзавым веку ва ўжытку жыхароў паўночнай Міншчыны распаўсюдзіліся керамічныя вырабы з заштрыхаванымі паверхнямі.

Каля двух з паловай тысячагоддзяў назад старажытныя жыхары Міншчыны авалодалі таямніцай выплаўкі жалеза з балотнай руды i кавання з яго прылад працы i зброі. Далейшае развіццё жывёлагадоўлі, інтэнсіфікацыя ляднага (падсечнага) земляробства, ворыва ралам, ужыванне больш эфектыўных, чым каменныя, металічных вырабаў прывялі да росту лішкаў прадуктаў, да далейшага ўзрастання маёмаснай няроўнасці паміж асобнымі родамi i нават сем'ямі. Такія сацыяльна-зканамічныя зрухі выклікалі рост узброеных сутычак, i таму з пачатку жалезнага веку (каля сярэдзіны i тысячагоддзя да нашай эры) насельніцтва пачало ўмацоўваць свае паселішчы, ператвараючы ix у гарадзішчы. Праз тысячагоддзе далейшае развіццё грамадства прывяло да таго, што людзі пачалі зноў перасяляцца на неўмацаваныя паселішчы —селішчы, выкарыстоўваючы пакінутыя гарадзішчы толькі як сховішчы пад час небяспекі.

Асноўнымі археалагічнымі культурамі жалезнага веку на тэрыторыі вобласці былі мілаградская i зарубінецкая — на поўдні, штрыхаванай керамікі — у цэнтры i на поўначы. У пазнейшы час тут складваецца банцараўская культура. У жалезным веку на Міншчыне ўжо вядомы паселішчы старажытных славян.

У чацвёртай чвэрці I тысячагоддзя на нашых землях фармуецца раннефеадальнае грамадства. У гэты час паўднёвую i цэнтральную Міншчыну засялялі славянскія плямёны дрыгавічоў, паўночны ўсход — крывічоў, a паўночна-заходні край займала балцкае насельніцтва.

Развіццё феадальных адносін прывяло да ўзнікнення на тэрыторыі Беларусі дзяржаўнасці. У эпоху Кіеўскай Русі (IX-XII стагоддзі) большасць Міншчыны належала Полацкаму княству, паўднёвая ж яе частка ўваходзіла ў склад залежнага ад Кіева Тураўскага княства. У канцы эпохі гэтыя княствы распадаюцца на больш дробныя феадальныя ўтварэнні. У гэты ж час на Міншчыне ўзніклі першыя вядомыя па летапісах гарады — Ізяслаў (канец X ст.), Менск (1067 г.), Лагожаск (1071 г.), Случаск (1116 г.), Барысаў (1127 г.), Клечаск (1128 г.). У XIII стагоддзі Міншчына ўвайшла ў склад Вялікага княства Літоўскага i аб'ядналася з астатнімі землямі Беларусі ў адной дзяржаве. З 1793 года ў выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай мінскія землі адышлі да Расійскай імперыі. Пачынаючы з гэтага часу ўжо маецца дастаткова вялікая колькасць пісьмовых крыніц, у музейных фондах захавалася даволі шмат рэчавых матэрыялаў, таму пазнейшыя археалагічныя помнікі страчваюць значэнне для асвятлення гістарычнага працэсу.