Выбрать главу

З чаго пачыналася дзейнасць райкома? Калі я ехаў у Астравец, разумеў усю адказнасць, ускладзеную на мяне партыяй. Раён быў прыгранічны, шматнацыянальны. Нельга было дазволіць ніводнага непрадуманага кроку. Пачалі мы з сялянскіх сходаў, на якіх растлумачвалі ўнутраную і знешнюю палітыку нашай краіны. Клубаў тады не было, таму сходы праводзілі ў некалькі прыёмаў. У Гервятах сход праходзіў тройчы. У цесную сялянскую хату з’яўлялася адна група сялян, стоячы, бо не было крэслаў, уважліва слухала гадзіну-другую, потым дзякавала, кланялася, надзявала шапкі і адыходзіла. Услед хату запаўнялі іншыя. Насельніцтва ўвесь час падтрымлівала нас, папярэджвала аб магчымай небяспецы. Начавалі мы звычайна там, дзе і працавалі. І вось часта прыбягае хтосьці з вяскоўцаў і шэпча: пан сакратар, сёння ноччу вам лепш змяніць месца, могуць быць непрыемнасці. Але непрыемнасцей не было. Не прыпомню ніводнай ахвяры, ніводнага варожага тэрарыстычнага акту. Бывала, едзеш адзін, з пісталетам, вядома, у кішэні — і нічога. Неяк зімой быў я ў тых жа Гервятах. Узладавалі мне на санкі элегантнае крэсла з панскага маёнтка, каб я перадаў яго ў парткабінет. Сеў на крэсла, еду… Раптам у лесе конь спужаўся нечага, панёс, перакуліў санкі. Ляжу, бачу: уперадзе маячаць дзве чалавечыя постаці. Ну, думаю, канец! Ды не, спынілі каня, дапамаглі мне абтрэсціся, пажадалі шчаслівай дарогі…

Тады ж, у 1940 годзе, на Астравеччыне былі арганізаваны першыя калгасы — у Варнянах, Гервятах… Батракі з панскіх маёнткаў збераглі жывёлу, збрую, плугі, а потым перадалі ключы ў рукі прадстаўнікоў Савецкай улады. У Гервятах так зрабіў Гурскі. Потым старшынёй калгаса стаў там былы батрак Краўчун. Ужо ў першы год «батрацкія» калгасы моцна сталі на ногі. У Гервятах на працадзень выдавалі па восем кілаграмаў збожжа, дваццаць бульбы, шэсць фуражу. Усе калгаснікі ліквідавалі, як тады казалі, бескароўе, перасяліліся з баракаў у нармальныя дамы. Калгасам вельмі дапамагала МТС, дырэктарам якой быў, памятаецца, Мікалаеў. Мела яна нешта каля пятнаццаці трактароў. Іх першае з’яўленне ўсюды ператваралася ў свята. У Гервятах за трактарам ішла ледзь не ўся вёска.

Адначасова вяліся культурныя пераўтварэнні. Адчыніліся школы. У Гервятах, памятаецца, сямігодка дзейнічала ў былым палацы пані Дамейкавай, і хадзіла туды з чатырыста дзяцей. Цяжка было з настаўнікамі, яшчэ цяжэй з медыкамі. На ўвесь раён мы засталі толькі аднаго фельчара. Але кадры паступова прыбывалі з усходняй Беларусі.

Калі мы перанеслі цэнтр у Астравец? Хоць Варняны знаходзіліся амаль пасярэдзіне раёна, але мы разглядалі іх як часовую сядзібу. Астравец быў намнога бліжэй да чыгункі. Таму мы пачалі там будаўніцтва. З былых панскіх маёнткаў перавезлі зрубы для раённых устаноў. З іх стварылася цэлая новая вуліца, якую назвалі Савецкай. Дзесьці ў жніўні 1940 года канчаткова пераехалі ў Астравец. З дапамогай мінскіх шэфаў дасталі электрадынамку. Невялікую, усяго на пяцьдзесят кілават. Але хапала, каб хоць на пару гадзін даць святло для ўстаноў, упершыню ў гісторыі Астраўца запаліць лямпачкі на вуліцах. Пачалося будаўніцтва новага цаглянага клуба. У старым упершыню ў Астраўцы сталі дэманстравацца кінафільмы. Адным словам, глухая калісьці вёска ажыла.

Пасля той гутаркі я сказаў на развітанне Рыгору Рыгоравічу, што яго, першага, даваеннага сакратара, па Астравеччыне помняць і цяпер. Адзін гервяцкі калгаснік казаў мне калісьці: «За дваццаць год панскай улады стараста гміны ў мяне не быў ні разу, хаця гміна стаяла побач з маёй хатай. А гэты, прыязджаючы здалёку, з Варнян і Астраўца, пабываў тройчы. Зойдзе, зразумела так раскажа, што чуваць на свеце, ажно хочацца жыць».

…А «Чайка» тым часам мінула Маладзечна, Залессе, дзе Агінскі калісьці стварыў свой журботны паланез «Развітанне з радзімай». Мінула Смаргонь, што ўвайшла ў гісторыю хваляваннямі 1905 года, а яшчэ — абаранкамі і «мядзведжай акадэміяй». Краем прыхапіла хвалістую Ашмяшчыну. І імпэтна ўварвалася на Астравеччыну. Раз’езд Скярсціны. Слабодка, адна з трох Слабодак раёна. Тут у 1710 годзе мазырскі падстараста Казімір Беліковіч заснаваў касцёл і кляштар кармялітаў, спаленыя потым сялянамі. Пранюны… Стоп, памяць! На Пранюнах варта крыху спыніцца. Хаця б таму, што яны ўвайшлі ў літаратуру.

У польскага пісьменніка Ігнація Ходзькі, які жыў не так далёка адсюль, у фальварку Дзевятня пад Свірам, ёсць раман «Пустэльнік у Пранюнах», заснаваны на рэальных фактах і дакументах. Калісьці, гаворыцца ў рамане, у Пранюнах, пры Чорным тракце, што, мінаючы Ашмяны, ішоў з Мінска на Вільню, стаяла драўляная капліца, а пры ёй па чарзе жылі тры пустэльнікі. Пакрыўджаныя феадальным грамадствам, яны шукалі забыцця ў вясковай цішы, сярод старых кніг.