Выбрать главу

9 мая 1975 года ў Астраўцы, у маладым парку, што па дарозе на Малі, ветэраны вайны ўрачыста адкрылі помнік воінам і партызанам — ці не апошнюю работу вядомага скульптара Яраміра Печкіна. На курганчыку паўсталі фігуры двух воінаў: адзін знясілена падае, падкошаны ў баі, а другі, пераймаючы эстафету, горда ўзнімае ўверх зброю-сцяг. І было нешта непаўторнае ў спалучэнні яркіх колераў: чырвань сцягоў, крывава-барвовы адліў скульптурнай кампазіцыі, бель і жаўцізна першых веснавых кветак, празрыстая зелень бярозак, а над усім гэтым — бяздонны блакіт неба. Тысячы астраўчан, госці з Літвы і Украіны журботна ўскладалі вянкі, глядзелі тэатралізаванае шэсце пра баявыя старонкі гісторыі. Такой урачыстасці і такога шэсця Астравец яшчэ не бачыў.

15 чэрвеня 1975 года жыхары Астравеччыны аддалі свае галасы за кандыдатаў у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР Маланню Станіславаўну Жыліс і Андрэя Андрэевіча Галагаева — дваіх з герояў гэтага нарыса.

Астравецкі раён паспяхова выкапаў план дзевятай пяцігодкі. За гэты час, рапартаваў XXVІІІ з’езду КПБ Д. К. Арцыменя, «сярэднегадавая вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна ўзрасла на 53 працэнты. Ураджайнасць збожжавых культур з 11,7 цэнтнера даведзена да 22,4 цэнтнера. Валавая вытворчасць збожжа павялічылася ў два разы, вытворчасць мяса — у 1,9, малака — у 1,3 раза. Калгасы і саўгасы прадалі звыш пяцігадовага плана 13,1 тысячы тон збожжа, 12,4 тысячы тон бульбы, 4,6 тысячы тон мяса… У разліку на кожны гектар сельскагаспадарчых угоддзяў у сярэднім атрымана чыстага прыбытку ў 3 разы больш, чым у папярэдняй пяцігодцы. Капітальныя ўкладанні на абнаўленне асноўных фондаў павялічыліся ў чатыры разы. Прадукцыйнасць працы ўзрасла на 50,4 працэнта». Па выніках 1975 года раён зноў выйшаў пераможцам у сваёй групе па вытворчасці і продажу збожжа і бульбы і зноў атрымаў пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ, Савета Міністраў БССР, Белсаўпрофа і ЦК ЛКСМБ. А калгас «Чырвоны Кастрычнік» выйшаў у дзевятай пяцігодцы пераможцам усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. Усё гэта дало падставы карэспандэнту «Советской Белоруссии» П. Суткаленку нядаўна сцвердзіць, што «Астравецкі раён выйшаў у лік перадавых у нашай рэспубліцы».

Дзмітрый Канстанцінавіч Арцыменя пайшоў нядаўна ў Гродна на павышэнне. Першым сакратаром райкома партыі стаў былы старшыня райвыканкома Ціхан Іванавіч Місуна, сын селяніна-партызана з вёскі Місуны, што на Мядзельшчыне.

З Ціханам Іванавічам мы сустрэліся на пачатку 1977 года. Новы першы сакратар, які пераняў эстафету ад Д. К. Арцымені, быў у добрым гуморы. Яшчэ б! Раён, стартаваўшы ў дзесятую пяцігодку, выканаў заданні 1976 года па ўсіх паказчыках. Ураджай збожжа склаў 29,7 цэнтнера. Раён выйшаў пераможцам ва Усесаюзным сацыялістычным спаборніцтве.

Адным словам — навін безліч. І кожны дзень дабаўляе новыя.

Дык скажыце, паважаныя чытачы, хіба не аджыла свой век старая прыказка «Астравец — свету канец»? Бо на Астравеччыне — усё, як у людзей.

А часам і лепей.