Выбрать главу

Субэфірны адчувальнік, ушыты ў Фольксвагенаў ручнік, заміргаў часцей. Высока па-над планетай жоўтыя аграмадзіны пачалі разлятацца-разгортвацца веерам. Тым часам у абсерваторыі на Джодрэл Бэнк нехта вырашыў, што самы час зрабіць перапынак у працы і сербануць гарбаткі.

– Чаму без ручніка? – раптам запытаўся Фольксваген Гольф у Артура.

Артур, які цяпер дабіваў апошнія паўтара літра піва, няўцямна зірнуў на Фольксвагена.

– Ну, няма... А што, трэба?

Яму абрыдла здзіўляцца, бо, далібог, літаральна ўсё было пазбаўлена сэнсу.

Фольксваген раздражнёна прыцмокнуў языком.

– Пі давай, – зноў загадаў ён.

У гэты самы момант праз тупамернае мармытанне карчмы, праз зыкі музычнага аўтамата, праз ікаўку чалавека, які сядзеў поруч і якому Фольксваген урэшце купіў пяцьдзясят віскі, знадворку пратачыўся пошум маштабнага руйнавання.

Артур захлынуўся півам. Хапатліва падскочыў.

– Што гэта? – залямантаваў ён.

– Не трывожся, – адказаў Фольксваген, – яны пакуль што не пачалі.

– Ну, дзякуй Богу... – сказаў Артур і абмяк.

– Спадзяюся, гэта ўсяго толькі рабочыя, якія бураць твой дом, – сказаў Фольксваген, куляючы свае апошнія паўлітра.

– Чаго?! – зароў Артур.

Знянацку Фольксвагенавы чары спынілі сваё дзеянне. Артур агаломшана азірнуўся і паляцеў да акна.

– Божа ты мой – напраўду руйнуюць! Яны зносяць мой дом!!! Дык якой халеры, Фольксвагене, я раблю ў карчме?!

– На дадзеным этапе гэта практычна нічога не мяняе, – адказаў Фольксваген, – хай хлопцы пазабаўляюцца.

– «Пазабаўляюцца»? – завішчаў Артур. – Пазабаўляюцца?!

Ён хапатліва высунуўся з вакна, каб пераканацца, што Яны з Фольксвагенам размаўляюць пра адно і тое ж.

– Каб іх распляскала з іхнімі забаўкамі! – залямантаваў ён, выбягаючы з карчмы і адчайна махаючы амаль пустым куфлем піва

За гэты візіт у карчму ягоных сяброў тут яўна не паболела.

– Стойце, вандалы, спыніцеся! Дамаеды! – заверашчаў Артур. – Варвары адмарожаныя, спыніцеся, я сказаў!

Фольксваген мусіў ісці за Артурам. Імкліва павярнуўшыся да бармэна, ён папрасіў яшчэ чатыры пакункі арахісу.

-Трымайце, спадару, – сказаў бармэн, ляпаючы пакеты на стол. – Дваццаць восем пенсаў, калі ласка.

Фольксваген быў сама шчодрасць – працягнуў бармэну яшчэ адную пяціфунтавую купюру і паўтарыў: «Рэшты не трэба».

Бармэн глянуў на купюру, а потым на Фольксвагена. Бармэна раптам працяла дрыготка: ён на момант адчуў тое, чаго не зразумеў, бо ніхто на Зямлі ніколі не зазнаваў нічога падобнага.

У імгненне найвялікшага напружання кожная жывая істота на падсвядомым рэгістры пачынае дасылаць у наваколле слабенькі сігнал. Гэты сігнал транслюе свету асабістае адчуванне закінутасці, досыць дакладна паведамляючы, наколькі далёка знаходзіцца істота ад радзімы. На Зямлі немагчыма адбегчыся далей за дваццаць шэсць тысяч кіламетраў ад месца свайго нараджэння, – дыстанцыю не надта вялікую, трэба заўважыць, – і таму ў нас такія сігналы выходзяць нямоцныя, амаль незаўважныя.

Фольксваген Гольф жа перабываў у стане вялікага напружання, а ў дадатак яго радзіма, знаходзілася ў прадмесцях зоркі Бетэльгейзэ, то бок на адлегласці шасці светлавых гадоў ад Зямлі.

Бармэн на хвілю пахіснуўся, ашаломлены міжвольным уразуменнем настолькі вялікай адлегласці. Не тое што ён да канца мог ператравіць гэтыя лічбы, але цяпер глядзеў на Фольксвагена з пачуццём пашаны, амаль багавейнасці.

– Вы гэта сур’ёзна? – запытаўся ён ціхім шэптам, які нагнаў замагільнай цішы на ўсю карчму. – Вы сапраўды перакананы, што вельмі хутка будзе канец свету?

– Так, – адказаў Фольксваген.

– І што... сёння?

Тым часам Фольксваген акрыяў. Ён зноў зрабіўся старым добрым Фольксвагенам-нахабам.

– Зуб даю, – прамовіў ён. – І па маіх падліках, праз паўтары-дзве хвіліны.

Бармэн не мог паверыць гутарцы, якую ў гэтую хвіліну ён сам жа вёў, і не мог паверыць адчуванню, якое працяла ягонае сэрца толькі што.

– І ці магчыма нешта зрабіць? – спытаў ён яшчэ.

– Ды не, – адказаў Фольксваген, набіваючы кішэні пакункамі з арахісам.

У прыціхлым бары нейкі сіпач знянацку рассмяяўся з таго, якія недарэчныя ўсе скроілі грымасы.

Мужчына, які сядзеў побач з Фольксвагенам, ужо быў крыху нападпітку. Яго вочы павандравалі ўгору і ўперыліся ў Фольксвагена.

– Я тут падумаў, – сказаў мужчына, – што калі хутка канец свету, дык, можа, варта легчы на падлогу ці насунуць папяровыя пакеты на галовы, ці нешта такое...

– Калі ёсць жаданне, дык лягайце, – адказаў Фольксваген.