Выбрать главу

– Гэтак нас у войску вучылі, – патлумачыў чалавек, і ягоныя вочы пачалі сваю доўгую дарогу дадому, да шклянкі з віскі.

– А пакеты на галовах дапамогуць? – запытаў бармэн.

– Не, – адказаў Фольксваген і прыязна ўсміхнуўся. – Выбачайце, мне трэба ісці.

Памахаўшы на развітанне, ён выйшаў з карчмы.

Яшчэ якое імгненне ў карчме панавала ціша, і тут досыць непрыемным чынам прыгаданы вышэй сіпач рассмяяўся яшчэ раз. За апошнюю гадзіну дзяўчына, якую ён дзесьці падчапіў і прывёў у карчму, ужо паспела моцна зненавідзець сіпача, і таму навіна пра тое, што праз паўтары хвіліны ейны партнёр ператворыцца ў дымок, складзены з вадароду, азону і вокісу вугляроду, мусіла прынесці ёй палёгку. Але з іншага боку, з надыходам канца свету дзяўчына, мусіць, сама будзе надта занятая ўласным ператварэннем у дымок.

Бармэн прачысціў горла. Ён пачуў, як яго ўласны голас кажа:

– Робім апошнія заказы!

Жоўтыя аграмадзіны, паскараючыся, пайшлі на спуск.

Фольксваген ведаў, што яны тут. Але далібог, не так ён сабе ўсё гэта ўяўляў!

Артур амаль дабег да свайго дома, што стаяў на гары. Ён і не заўважыў, што раптам зрабілася холадна, не заўважыў ветру, які ўзняўся знянацку, не заўважыў раптоўнай, невытлумачальнай віхуры з дажджом. Ён не бачыў нічога, акрамя гусенічнага бульдозера на руінах, якія колісь былі ягоным домам.

– Ах вы, варвары! – залямантаваў ён. – Я спаганю з вашай свінскай управы ўвесь кошт камяніцы, да апошняга шылінга! А вас я павешу, утаплю і чацвяртую!.. І адхвастаю пугай! І звару жыўцом... Пакуль вы... пакуль вы... пакуль вы не атрымаеце па заслугах!

Фольксваген вельмі хутка бег за Артурам. Вельмі-вельмі хутка.

– І потым я паўтару ўсю экзекуцыю ад пачатку! – працягваў лямантаваць Артур. – І калі скончу, дык збяру ўсе шматкі вашых целаў і пачну іх таптаць!

Артур не заўважыў, што людзі порстка выскоквалі з бульдозераў, не заўважыў, як спадар Просэр, агаломшаны, уперыў вочы ў неба. Тое, што згледзеў там спадар Просэр, было вялізнай жоўтай аграмадзінай, якая разносіла праз аблокі магутны гуд. Неверагодна вялізнай жоўтай аграмадзінай.

– І я буду танчыць і танчыць на вашых касцях! – працягваючы бегчы, лямантаваў Артур. – Пакуль на маіх ступаках не намуляюцца мазалі, ці пакуль я не прыдумаю яшчэ чаго больш паскуднага, што я магу зрабіць з вамі, і тады я...

Артур спатыкнуўся і паляцеў потарч, перакруціўся ў паветры і прызямліўся плазам на спіну. Тут ён заўважыў, што адбываецца нешта не тое. Яго пальцы сталі паказваць у неба.

– Ш-што гэта за такое? – завішчэў ён.

Што б гэта за такое ні было, яно імчалася па небе ў сваёй брыдкай жаўціні, разрываючы паветра напалам неверагодным рыкам. Потым аграмадзіна зрабіла імгненны скачок у прасторы, пакідаючы па сабе прарэджанае паветра, якое зноў сышлося за ёй з такім моцным выбухам, што магло ўвагнаць вашыя вушы ў чэрап на глыбіню двух метраў.

За першым выбухам грымнуў яшчэ адзін. Падобны да першага, хіба галаснейшы.

Цяжка сказаць з дакладнасцю, што ў той момант на ўсім зямным шары рабілі людзі, паколькі самі яны не вельмі здавалі сабе справу. Не тое каб гэтыя забяганні ў хату, выбяганні з хаты, немы енк у адказ на магутны рык мелі хоць якое значэнне. Калі рык чарговы раз абрынуўся на людзей, па ўсім зямным шары гарадскія вулкі запаланіў натоўп, а аўтамабілі сталі сутыкацца. Рык накочваўся, як марская хваля. Накочваўся на пагоркі і даліны, на пустэльні і акіяны і, здавалася, выроўніваў усё, з чым сутыкаўся.

Толькі адзін чалавек стаяў і глядзеў у неба. З неверагодным смуткам уваччу і гумовымі затычкамі ўвушшу. Ён дакладна ведаў, што адбываецца, і ведаў пра гэта з тае хвіліны, калі субэфірны адчувальнік пасярод ночы заміргаў праз падушку, прымусіўшы яго ўскруціцца на ложку. Менавіта гэтай падзеі ён чакаў усе гады. Аднак калі ён надоечы, самотна седзячы ў цямрэчы невялікага пакойчыка, расшыфроўваў сігнал, сцюдзёная пройма абхапіла яго розум сваімі абцугамі і сціснула сэрца. З усіх насельнікаў Галактыкі хто заўгодна, абсалютна любая раса запрашалася завітаць і даць планеце Зямля свой шчыры дабрыдзень, але толькі не воганы, барані Божа!

Нягледзячы на гэтую вялікую прыкрасць, Фольксваген па-ранейшаму ведаў, што яму належыць рабіць.

Калі воганскі зоркалёт працяў паветра скавытаннем высока па-над Фольксвагенам, бетэльгейзіянец, адразу ж адшпіліў свой заплечнік. Выкінуў адтуль кружэлкі з мюзікламі «Язэп і яго дзівосны стракаты плашч» ды «Евангелле». Ён не меў у іх патрэбы там, куды ён кіраваўся. Усё было гатова, усё было падрыхтавана.

Ручнік Фольксвагена паслухмяна чакаў сваіх шчасця і долі тамсама ў заплечніку.