Выбрать главу

Толькі шэсць чалавек у Сусвеце ведаюць, што абавязак Прэзідэнта Галактыкі – не браць уладу ў свае рукі, а ўсяляк старацца адцягваць ад яе ўвагу.

Зафод Біблброкс выдатна выконваў свае абавязкі.

Калі ў затоку, абагнуўшы мыс, шугануў прэзідэнцкі катар, навукоўцам заняло мову і асляпіла вочы ад сонца і майстэрства стырнавога. Слізгаючы па марской паверхні і робячы шырокія бакавыя заносы, катар блішчэў і зіхцеў.

Па шчырасці, заносы і пырскі – гэта занадта, бо катару ўвогуле не трэба было дакранацца да вадзяной паверхні. Яго падтрымлівала мглістая падушка іонаў, але дзеля прыліку корпус катара аснасцілі тонкімі плаўнікамі, якія можна было апускаць у ваду. Калі катар імчаўся ўздоўж затокі, плаўнікі з сыканнем рассякалі паверхню вады, пакідаючы ў моры глыбокія парэзы, якія з буяннем разыходзіліся і потым, успененыя, зарасталі ў кільватары.

Зафод Біблброкс любіў парысавацца: пазёр ён быў першарадны.

Ён імкліва крутануў стырно. Катар панесла юзам. Зафод Біблброкс зрабіў неверагодны віраж перад самімі скаламі і спыніўся, пагойдваючыся на ўсхваляванай вадзе.

Праз якое імгненне ён спрытна выбраўся на палубу: памахаў рукою і выскаліўся тром мільярдам чалавек. Трох мільярдаў людзей на гэтай выспе, вядома ж, не было, але яны сачылі за кожным рухам Зафода Біблброкса праз вочка мініятурнай трохвымернай камеры, якая лісліва лунала поруч. Штукарствы Прэзідэнта заўсёды выдатна глядзеліся ў трохвымеры: бо дзеля гэткіх выбрыкаў тое 3D і вынаходзілі.

Зафод зноў выскаліўся. Тры мільярды і шэсць чалавек яшчэ не ведалі, але сёння ён мусіць адпаліць найвялікшую штуку, якую толькі можна сабе ўявіць.

Лятучая камера вярнулася да буйнога плана адной з дзвюх галоваў Зафода (той, якая мела большы рэйтынг папулярнасці). Зафод зноў памахаў рукою. Калі не браць пад увагу другую галаву і трэцюю руку, Зафод Біблброкс найбольш нагадваў гуманоіда. Меў светлыя ўскудлачаныя валасы, што тырчэлі ва ўсе бакі. Яго сінія вочы зіхцелі абсалютна неспасцігальным бляскам, а яго шчокі амаль заўсёды заставаліся непаголеныя.

Да яго катара падплыў шасціметровы празрысты шар-пухір, круцячыся і пагойдваючыся, а таксама зіхочучы пад промнямі брыльянцістага сонца. У сярэдзіне шара стаяла шырокая паўкруглая канапа, абабітая раскошнай чырвонай скурай: чым больш шар пагойдваўся і круціўся, тым больш канапа здавалася непарушнай, усё роўна як якая абцягнутая скурай скала. Як і ўсё астатняе, гэты пухір быў зроблены для рысоўкі.

Зафод Біблброкс прашыўся праз сценку шара і вальяжна разлёгся на канапе. Ён выпрастаў дзве рукі ўздоўж спінкі, пакуль трэцяя змахвала пыл з каленькі. Ягоныя галовы з усмешкай пераглянуліся. Зафод Біблброкс падняўся на ногі. Яму захацелася шалёна зараўці.

Вада пад шарам-пухіром закіпела, забурліла і заструменілася ўгору. Ён узняўся ў паветра, круцячыся і гайдаючыся на грэбні хвалі. Усё вышэй і вышэй караскаўся шар-пухір, кідаючы на скалы водбліскі святла. Вышэй уздымаўся ён – вось ён ужо на грэбні фантана. Тым жа часам як вада, што сягнула свайго максімума, ляцела дзясяткі метраў пад гэтым транспартным сродкам долу і абрыналася назад у мора.

Уявіўшы сябе збоку, Зафод Біблброкс усміхнуўся.

Неймаверна ідыёцкі від транспарту, але разам з тым дужа эфектны.

Ля вяршыні скалы шар-пухір на які момант задрыгацеў, уплішчыўся ў рэйкавую каляіну, скаціўся да маленькай увагнутай платформы і знерухомеў, усё роўна як трапіўшы ў якую лунку.

Пад бурлівыя авацыі Зафод Біблброкс выйшаў з шара-пухіра, а яго аранжавы пас палыхнуў.

– Прыбыў спадар Прэзідэнт Галактыкі!

Ён пачакаў, пакуль суцішацца воплескі, і падняў руку ў вітальным жэсце.

– Салют! – сказаў Зафод Біблброкс.

Да яго нясмела падпоўз павук-сакратар і паспрабаваў увапхнуць у руку копію падрыхтаванай прадмовы. З трэцяй па сёмую старонкі арыгіналу гэтай прамовы знаходзіліся ў дадзены момант колькі кіламетраў ад затокі ў моры Дамограна, набраклыя вадою. Старонкі 1 і 2 прысабечыла чубковая папараць-птушка – паперкі ўжо паспелі зрабіцца неад’емнай часткай нядаўна змайстраванага ёю гнязда. Гняздо было сканструявана ў асноўным з пап’е-машэ для толькі што народжаных папараць-птушанят. Уцячы з таго гнязда рабілася абсалютна немагчымай місіяй. Чубковая папараць-птушка безумоўна чула пра барацьбу за выжыванне, але ўблытваць у яе сваіх нашчадкаў яна не збіралася.

Зафод Біблброкс не меў патрэбы ў падрыхтаванай прамове і таму далікатна адхіліў асобнік, прапанаваны яму павуком-сакратаром.

– Салют! – паўтарыў ён.