Яму ўсе прамяніста ўсміхнуліся – ці, прынамсі, амаль усе. Ён вылучыў з натоўпу Трыліян. Трыліян была дзяўчынаю, якую Зафод Біблброкс, інкогніта прагульваючыся па адной планеце, нядаўна падчапіў. Яна была стрункая, смуглявая, гуманоідная, з даўгімі хвалямі чорных валасоў, пульхнымі вуснамі, дзіўным носам – кірпачкай і неверагодна брунатнымі вачыма. Са сваім рудым шалікам, павязаным адметным вузлом, і шаўковай карычневай сукняй, што струменілася долу, Трыліян нечым няўлоўна нагадвала арабку. ну, не тое каб хоць хтосьці на Дамогране чуў што-небудзь пра арабаў. Не так даўно арабы спынілі сваё існаванне, і нават калі б яны існавалі, дык былі б на адлегласці пяцісот тысяч светлавых гадоў ад Дамограна. Трыліян нікім асабліва не была, ці, прынамсі, гэтак сцвярджаў Зафод. Яна хіба толькі паўсюль лётала з ім і шчыра казала ўсё, што пра яго думае.
– Салют, цукерачка, – сказаў Зафод Біблброкс Трыліян.
Трыліян адказала яму імгненным выбліскам усмешкі і адвяла вочы. Потым яна зноў зірнула на Зафода Біблброкса і ўсміхнулася ўжо больш сардэчна – але гэтым разам гледзячы на штосьці іншае.
– Салют, – сказаў Зафод Біблброкс і невялічкай купе істотаў, якія прадстаўлялі прэсу. Яны стаялі непадалёк і прагнулі, каб ён спыніў салютаванні і пачаў дзяліцца напоўненымі зместам і сэнсам цытатамі. Журналістам Зафод Біблброкс прысвяціў асобную ўсмешку, бо ведаў, што праз колькі імгненняў ён забяспечыць іх хавайся ў бульбу наколькі напоўненай зместам і сэнсам цытатай.
Але наступныя словы, якія прамовіў Зафод Біблброкс, журналістам таксама не дужа прыдаліся. Адзін з раздражнёных чальцоў навуковай групы вырашыў, што сёння Прэзідэнт яўна не ў гуморы, каб прачытаць вытанчаную прамову, якую прынагодна для яго напісалі, і шчоўкнуў выключальнікам па пульце, які быў у кішэні. Гмах, падобны да конуса, рыпнуў з сярэдзіны. Па гмаху пайшла расколіна і ён паволі рассыпаўся. Усім заняло мову – дарма што ўсе яны цудоўна ведалі, што мае адбыцца, бо самі ўсё і прыдумалі.
Сярод парэшткаў гмаха, усё роўна як вылуплены з яйка, ляжаў вялізны карабель, сто пяцьдзясят метраў удоўжкі, абцякальны, як красовак, бялюткі і неверагодна, невымоўна прыгожы. У ягоным сэрцы знаходзілася маленькая залатая скрынка, якая несла ў сабе ці не самы мазгавіты прыбор у гісторыі Галактыкі, прыбор, які рабіў гэты карабель адметным, эксклюзіўным, прыбор, паводле якога і быў названы ўвесь карабель – «Залатое Сэрцайка».
– А-ёй! – сказаў Зафод Біблброкс «Залатому Сэрцайку». Сказаць яшчэ чаго моцы і жадання не ставала.
Аёйнуў зноў, бо ведаў, што гэты выгук раззлуе прэсу:
– А-ёй жа!
Натоўп пытальна павярнуўся да яго. Ён падміргнуў Трыліян, якая ўзняла брыво і ўпілася ў яго вачыма. Яна ведала, што ён мае сказаць і ў думках называла яго «няшчасным пазёрам».
– Гэта страх як прыгожа, – прамовіў Зафод Біблброкс. – Проста здурнець можна! Ажно скрасці хочацца.
Бездакорная цытата Прэзідэнта. Гэтак уласцівая яму цытата! Натоўп ухвальна зарагатаў, рэпарцёры радасна зашчоўкалі кнопкамі на сваіх субэфірных навінніках, а Прэзідэнт зноў выскаліўся.
Пакуль Зафод Біблброкс шчэрыўся ва ўсмешцы, яго сэрца калацілася як шалёнае, а яго рука мацала паралізуючую бомбу, што мірна гняздзілася ў яго кішэні.
Урэшце ён не вытрымаў. Узняў твар у неба, выпусціў дзікі выгук у вялікай тэрцыі. Шпурнуў бомбу на зямлю і пабег праз мора раптоўна застылых усмешак.
5
Нават на густ іншых воганаў Прастэтнік Воган Джэлц меў знешнасць не дужа прыемную. Ягоны кірпаты нос вытыркаўся па-над свінячай лабацінай. Ягоная балотнага колеру гумовая скура была дастаткова тоўстая, каб змагчы ацалець пасля варожых намераў і бясконцых інтрыг на галактычнай дзяржаўнай службе, і дастаткова непратачальная, каб пераносіць трохсотметровыя глыбіні без шкодных наступстваў для арганізму.
Не тое што Прастэтнік Воган Джэлц хоць раз выбраўся скупацца. Ягоны перагружаны графік абсалютна не дазваляў гэтай раскошы. Прастэтнік Воган Джэлц, быў такім, які ёсць, бо мільярды гадоў таму, калі воганы ўпершыню выбраліся са сваіх цягнучых першабытных мораў Ваганістану і распласталіся, цяжка дыхаючы, на некранутых берагах планеты... У час, калі першы промень светлага маладога вогнейка тым ранкам асвяціў іх, дык склалася ўражанне, што самі сілы эвалюцыі ў гэты самы момант узялі і адмовіліся ад воганаў назаўжды, у агідзе адвярнуліся і выкраслілі іх са сваіх спісаў як брыдкую і няўдалую памылку. Воганы ніколі не павінныя былі эвалюцыянаваць, воганы ніколі не павінныя былі выжыць.
Прычынай таго, што яны ўсё ж выжылі, была заўзятая, тупалобая ўпартасць гэтых істотаў. «Эвалюцыя? – казалі яны самі сябе. – Ды гары яна гарам!» І тое, што адмовілася рабіць для іх прырода, воганы зрабілі самастойна. На пэўным этапе яны нават навучыліся выдаляць свае ўсе самыя грубыя анатамічныя хібы шляхам хірургічнага ўмяшальніцтва.