Англіі больш не існуе. Ён перастрававаў гэты факт – неяк агораў. Амерыка, падумаў ён, знікла. Яму не ўдалося асягнуць гэта розумам. Ён зноў намысліў пачаць з меншага. Нью-Ёрк знік. Ніякай рэакцыі. Усё роўна ён ніколі ўсур’ёз не верыў у існаванне гэтага мегаполіса.
«Даляр, – падумаў ён, – страціў моц назаўсёды».
Яго працяла лёгкая дрыготка. «Усе кінастужкі з удзелам Хэмфры Богарта сцёртыя», – сказаў ён сабе.
Гэта яго моцна ашаломіла.
«Макдональдс», – падумаў ён. – Няма больш такой рэчы як Біг-мак.
Ён знепрытомнеў. Вярнуўшыся праз якую секунду да цямы, ён усвядоміў, што плача па маме. Хапатліва ўзняўся на ногі:
– Фольксвагене!
Фольксваген зірнуў на Артура з кута, дзе сядзеў, зумкаючы самому сабе пад нос. На яго думку, у міжпланетных падарожжах самым цяжкім этапам быў уласна пераезд.
– Ага? – адгукнуўся ён.
– Калі ты карэспандэнт і палявы даследчык у гэтай кніжкі і пабываў на Зямлі, дык ты, мусіць, сабраў пра нас які-ніякі матэрыял?
– Ага, думаю артыкул «Зямля» для новага выдання «Падарожнай кніжкі» я сапраўды крыху перараблю.
– Дай паглядзець, што пішуць пра Зямлю ў старым выданні.
– Трымай, калі ласка.
Фольксваген перадаў кнігу.
Артур схапіў яе і паспрабаваў утаймаваць шалёныя дрыжыкі ў руках. Знайшоў адпаведную старонку. Дысплэй выбліснуў, застракацеў – на ім з’явілася як бы выдрукаваная старонка. Артур упіўся вачыма ў напісанае.
– «Падарожная кніжка» не мае адпаведнага артыкула! – загарачыўся ён.
Фольксваген глянуў Артуру праз плячо.
– Вядома ж, мае,- пачаў супакойваць ён зямляніна.
– Вунь дзе, у ніжняй частцы дысплэю, якраз пасля артыкула пра Зюзю Ангорскую, слынную трохгрудую прастытутку з планеты Эратыкон-6.
Артур прасачыў за пальцам Фольксвагена. Праз якое імгненне, калі на дысплэі з’явіўся тэкст, Артураў розум мала-што не закіпеў ад абурэння.
– Што?! «Бясшкодная»?.. І гэта ўсё?! . «Бясшкодная»! Адно слова?!
Фольксваген пацепнуў плячыма.
– Ну, разумееш, у Галактыцы існуе сотні мільярдаў зорак, а месца ў мікрапрацэсарах «Падарожнай кніжкі» – абмежаванае, – сказаў ён, – І ў дадатак, ясная рэч, пра вашу Зямлю вельмі мала хто ведае.
– Але далібог, спадзяюся, хоць ты трохі паправіш напісанае?
– Ну, натуральна. Я якраз збіраюся паслаць рэдактару «Падарожнай кніжкі» новую версію гэтага артыкула. Рэдактар, вядома, павінны крыху ўсё адрэдагаваць і скараціць, аднак мая праўленая версія будзе адназначна крокам наперад.
– І што ў гэтым артыкуле будзе напісана? – пацікавіўся Артур.
– «Пераважна бясшкодная», – выдаў Фольксваген і збянтэжана закашляўся.
-«Пераважна бясшкодная»?! – абурана перапытаўся Артур.
– Што гэта за шум? – засычэў Фольксваген.
– Гэта быў мой крык!
– Пры чым тут ты?! – перарваў Артура Фольксваген. Думаю ў нас пачынаюцца праблемы.
– Толькі пачынаюцца?!
Звонку, па-за дзвярыма, ясна пачуўся гук зладжаных крокаў.
– Дэнтрасы? – прашаптаў Артур.
– Не-а, боты падкаваныя сталлю, – адказаў Фольксваген.
У дзверы гучна пагрукаліся.
– Дык хто тады? – запытаўся зноў Артур.
– Ну, – сказаў Фольксваген,- калі нам пашчасціла, дык гэта толькі ахоўнікі, якія прышлі, каб выкінуць нас у адкрыты космас.
– А калі не пашчасціла?
– Калі не пашчасціла, – змрочна прамовіў Фольксваген, – дык заявіцца сам капітан, які, пэўна, абавязкова спраўдзіць свае пагрозы пачытаць нам перад выкіданнем у адкрыты космас уласныя вершы...
7
Воганская паэзія – трэцяя паводле сваёй найгоршасці і найпаскуднейшасці ў Сусвеце.
Другое месца па праве займае лірыка вялікакрыйскіх касмагонаў. Падчас дэкламацыі іхнім народным паэтам Грантосем Смярдоцкім «Оды маленькаму камяку зялёнай склізі, якую я знайшоў пад пахамі пагодным ліпеньскім дзяньком», чатыры прывязаныя слухачы памерлі ад унутранага выліву крыві ў мозг, а кіраўнік Сярэднягалактычнай вертыкалі ў галіне Літаратуры і Мастацтва выратаваўся толькі таму, што адгрыз уласную нагу. Як пісалі СМІ, Грантось «меў вялікае расчараванне ад таго, як публіка прыняла яго оду», і ўжо збіраўся быў прынародна прэзентаваць сваю дванаццацітомную эпічную ванна-паэму «Ікочучы і булькочучы», калі яго ўласная тоўстая кішка, у адчайнай спробе выратаваць сябе і цывілізацыю, пралезла ў галаву праз горла, дзе, перакрыўшы доступ кіслароду, задушыла мазгі.
Найпаскуднейшая паэзія нумар адзін у Сусвеце знікла разам са сваёй творцай, паэткай Паўлай Нэнсі Мілстоўн-Джэнінгз з Грынбрыджа, графства Эсэкс, Англія, падчас зносу планеты Зямля.