Выбрать главу

Прастэтнік Воган Джэлц расцягваў вусны ва ўсмешку вельмі павольна. Гэта было зроблена не столькі дзеля выразу эмоцыі, колькі таму, што Джэлц намагаўся прыгадаць, як тэхнічна робіцца ўсмешка. Толькі што ў тэрапеўтычных мэтах ён як след аблаяў палонных, і цяпер, пасля невялічкай перадухі, пачуваўся гатовым пусціцца ў свае руцінныя паскудствы.

Вязняў пасадзілі ў Крэслы Аматараў Паэзіі ды навязалі рукі і ногі. Воганы не маюць ані найменшых ілюзіяў, як іхнія оды падабаюцца большасці публікі. Іхнія колішнія спробы складаць вершы былі часткай зацятага жадання заняць свой пачэсны пасад між расамі, каб іх пачалі прымаць, як прымаюць усякі асвечаны і культурны народ, аднак цяпер адзіная рэч, якая прымушала іх практыкаваць вершаскладанне, – іхняя чысцюткая, нічым не разведзеная, тупалобая ўпартасць.

На брыве Фольксвагена Гольфа з’явілася кропля халоднага поту. Кропля абмінула прыціснутыя да яго скроняў электроды. Электроды мацавалася да шматлікіх электронных прыстасаванняў: узмацняльніка фантазіі, паляпшайзера рытму, рыфмавальніка, канвертэра метафар, – адмыслова распрацаваных прыбораў, каб аптымізаваць засваенне паэмы слухачом і гарантаваць, што ніводзін нюанс паэтычнай думкі не трапіць камеце пад хвост.

Артур Дэнт сядзеў і дрыжаў. Ён не меў паняцця, чаго чакаць, аднак бедаваў наперад, што раз яму не спадабалася нічога з папярэдніх падзеяў, да лепшага сітуацыя яўна не зменіцца.

Воган пачаў чытаць – гэта быў гнюсотны ўрывак з паэмы ўласнага сачынення.

– О ты, пранцагалічны гаўнахрушчу... – пачаў воган.

Спазмы скаланулі цела Фольксвагена Гольфа – гэта было значна агідней за тое, да чаго ён рыхтаваўся.

– ...О, мой грыпозна-жоўты смаркагной!..

– Ааааааа-гггггг-хххххх! – голасна захрыпеў Фольксваген. Яго галава міжвольна адскочыла назад, калі боль важкімі камлыгамі загрукацеў па ёй. Поруч, як у смузе. Фольксваген бачыў Артура, які бязвольна дрыгацеў і торгаўся на сваім крэсле. Фольксваген сціснуў зубы.

– Сракветнай гушчай я цябе расклюшчу, – працягваў бязлітасны воган. – Каб ты не выпярдольваўся са мной.

Яго галашэнні ўзвіліся да непадумных рэгістраў:

– А як забрыдагнідзіш з хрэнавоку

І абкаўтнеш каўтун свой, глістадром,

То бзямнеш пердаглумна з дрыстакокам

Ты наўсуцэль,

дашчэнту і

суздром!

– Ннннннннннннн-йййййййййй-ррррррр-ххххххххххх! – засычэў Фольксваген Гольф.

Калі электрычны разрад апошняга радка дзёўбнуў яго ў скроні, развітальны спазм уздрыгануў усё яго памярцвелае цела. Ён выбіўся з сілы.

Артур абмяк.

– А зараз, братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі сваёй... – прамовіў Джэлц (ён не ведаў, што насамрэч Фольксваген – ураджэнец маленькай планеткі з прадмесцяў Бетэльгейзэ, а калі б нават ведаў, дык яму было б пляваць).

– ...Я прапаную вам просты выбар. Ці вы запырхаеце ў касмічным вакууме, ці... – тут дзеля меладраматычнага эфекту воган зрабіў паўзу, – ...ці вы скажаце, як вам спадабалася мая паэма?

Воган адкінуўся назад у вялізны фатэль, чыя спінка нагадвала распрастаныя крылы кажана, і зірнуў на хлопцаў. Потым зноў скроіў псеўда ўсмешку.

Фольксваген натужліва задыхаў. Аблізаў сваім брудным языком ссохлы рот і застагнаў.

Артур выразна сказаў:

– Як на мяне, дык выдатная паэзія.

Фольксваген павярнуўся і ўзорыўся ў Артуравы вочы: з’явіўся ход, які папросту не прыйшоў яму да галавы.

Воган здзіўлена ўзняў брыво, якое цалкам асланіла ягоны ж нос. Гэта быў добры знак.

– О-о, добра... – досыць ашаломлена буркнуў ён.

– Так, так, – працягваў Артур. – Я лічу, што месцамі лірычны малюнак надзвычай цікавы...

Фольксваген працягваў перыцца на Артура, пакрысе ўпарадкоўваючы свае думкі вакол абсалютна новага плана па выратаванні. Можа, яны і праўда выкруцяцца з гэтай нявыкруткі?

– Так, прашу працягваць, – заахвоціў Артура воган.

– Ну... і гэта... вельмі цікавы рытмічны малюнак, і сюжэт, не паверыце, таксама вельмі цікавы... – працягваў Артур. – Бо ён грунтуецца на дакладных назіраннях...

Ён заблытаўся.

Фольксваген кінуўся яму на дапамогу, выгукнуўшы:

– ...грунтуецца на дакладных назіраннях за штодзённым жыццём...- ён заблытаўся таксама, але да таго часу агойтаўся Артур:

– ... простага народу... Гуманізм...

«Ваганізм!» – сыкнуў на яго Фольксваген.

– Ай, сапраўды, выбачайце... Ваганізм і народнасць уласцівыя чулай душы песняра, якая пры дапамозе ўсебаковага апісання станоўчых і адмоўных вобразаў... – Артур адчуў, што ён выйшаў на фінішную прамую. – ...бярэцца ператварыць звычайны літаратурны твор у сапраўдную энцыклапедыю народнага жыцця, каб малады чытач, – ён сягнуў фінальнага акорда, – набыў глыбокае разуменне... э-э...