Тым часам Фольксваген падскокнуў і, нібы робячы кантрольны стрэл, выпаліў:
– ...разуменне аб тым, аб чым бы ні гаварылася ў гэтай паэме!
А краёчкам рота шапнуў: «Малайчына, Артур, дзясятка з плюсам!»
Воган агледзеў палонных. На імгненне яго чэрствае, аўтаспынафобскае сэрца расцеплілася, але воган тут жа падумаў, што лёг ён сёння не еўшы, а ўстаў не спаўшы, і таму хай здохнуць усе ворагі ваганшчыны!
Ён загаварыў, і ад тэмбра яго голасу атмасфера ў пакоі наэлектрылізавалася, усё роўна як вакол ката, якога расчасалі нейлонавай шчоткай.
– Дык вы хочаце сказаць, што я пішу вершы, бо пад маёй грубай, бяздушна-бязлітаснай абалонкай хаваецца жаданне быць каханым? – спытаў воган. Ён зрабіў паўзу. – Гэткая ваша думка?
Фольксваген нервова захіхікаў.
– Ну... то бок... так, – адказаў ён, – мы ўсе, па сутнасці, недзе глыбока ў сярэдзіне... разумееце... э-э...
Воган падняўся.
– О, не! – сказаў воган. – Вы моцна памыляецеся: я пішу вершы, каб мая грубая, бяздушна-бязлітасная абалонка атрымала яшчэ больш грубай, бяздушна-бяслітаснай асалоды!! У любым разе я зараз выкіну вас у космас. Гэй, варта! Вазьміце вязняў да шлюза нумар тры і выкіньце іх за борт!
– Як за борт?! – загаласіў Фольксваген.
Падышоў здаравезны малады воган-ахоўнік і сваімі здаравезнымі ручышчамі з сілай выблытаў аўтаспыннікаў з рамянёў.
– Вы не можаце выкінуць нас у адкрыты космас! – закрычаў Фольксваген. – Мы пісьменнікі і пішам кнігу!
– Супраціўляцца няма сэнсу! – рыкнуў у адказ ахоўнік-воўган. Гэта была першая фраза, якую ён вывучыў, калі завербаваўся ў Вогполк.
Капітан глянуў на яго з адстароненым задавальненнем і, развярнуўшыся, сышоў з рубкі.
Артур пачаў раз’юшана круціць вачыма.
– Не хачу паміраць зараз! – заскавытаў ён,- У мяне галава ўсё яшчэ баліць! А выпраўляцца на нябёсы з галаўным болем – паганы варыянт. Я ж буду раздражнёны і таму мне там будзе не па кайфу!
Вартаўнік моцна схапіў абодвух аўтаспыннікаў за шыю і, пачціва нахіліўшы іх у бок капітанскай патыліцы, не зважаючы на іхні лямант, пацягнуў прэч з мастка. Сталёвыя дзверы зачыніліся, і капітан зноў застаўся адзін.
Ён ціха і захоплена зумкаў сабе пад нос, гартаючы свой нататнік з вершамі.
– Г-мммм, – сказаў ён, – «чулая душа паэта бярэцца ператварыць звычайны літаратурны твор у сапраўдную энцыклапедыю народнага жыцця...».
На хвілю ён прызадумаўся, але са злавеснай усмешкай пляснуў, загортваючы, нататнікам.
– Забіць іх мала, – урэшце вымавіў ён.
Доўгі, абшыты сталлю калідор ганяў рэха лядашчага супраціву двух гуманоідаў, надзейна сціснутых гумовымі падпахамі вогана.
– Шыкоўна! Здурнець можна! – засычэў Артур. – Адчапіся ты ад мяне, гадзе!
Воган-ахоўнік працягваў іх валачыць.
– Ды не бяры ты да галавы, – кінуў Фольксваген Артуру не дужа пераканаўча. – Я штосьці ды прыдумаю.
– Супраціўляцца няма сэнсу! – гыркнуў вартаўнік.
– Адна просьба – ці можаце вы паўстрымацца і не казаць падобных фразаў? – звярнуўся да вогана Фольксваген. – Бо як мыслячая асоба, чуючы падобныя фразы. зможа выпрацаваць пазітыўнае стаўленне да жыцця?
– Мілы мой Божа! – забедаваў Артур. – Ты, Фольксвагене, чаўпеш тут пра пазітыўнае мысленне, хаця тваёй роднай планеты ніхто сёння не разбураў... Сёння зранку я прачнуўся і падумаў, што мяне чакае цудоўны, пухкі дзянёк, я крыху пачытаю, расчашу сабаку... А цяпер усяго колькі хвілін на пятую, а мяне ўжо выпіхваюць з іншапланетнага зоркалёта, – і ўсё гэта адбываецца на адлегласці шасці светлавых гадоў ад драбкоў спапялёнай Зямлі!
Ён закашляўся і натужліва засоп. Тым жа часам воган узмацніў ухоп.
– Добра, добра, – пачаў супакойваць Фольксваген. – Спакуха, не панікуй!
– Прычым тут паніка? Гэта культурны шок, – адгрызнуўся Артур. – Чакай-чакай, вось зараз я прывыкну да рэальнасці і знайду якое апірышча. І вось тады я і пачну панікаваць як мае быць.
– Артуру, у цябе звычайная гістэрыка. Забі зяпу!
Фольксваген ліхаманкава спрабаваў штосьці ды прыдумаць, але яго зноў перарваў крык вартаўніка:
– Супраціўляцца няма сэнсу!
– І ты таксама забі зяпу! – сказаў Фольксваген.
– Супраціўляцца няма сэнсу!..
– Напрамілы Бог, досыць! – усхадзіўся Фольксваген.
Ён паварочваў галаву, пакуль яго вочы не апынуліся насупраць твару захопніка. У бетэльгейзіянца завялася ідэя.
– Слухай, табе што, сапраўды падабаецца вымаўляць гэтую фразу? – знянацку запытаўся ён.
Воган знерухомеў і па яго твары разліўся выраз бязмежнай дураты.