Выбрать главу

– Падабаецца? – прагрымеў ён. – У якім сэнсе?

– Ну, у сэнсе, ці даюць табе твае дзеянні адчуванне насычанага і ўцешнага жыцця? – перафармуляваў сваё пытанне Фольксваген. – Усе гэтыя тупанні, крыкі, выпіхванні людзей у адкрыты космас?..

Воган зіркнуў на нізкую жалезную столь і яго бровы амаль набеглі адно на адно. Краёчкі рота палезлі долу. Урэшце ён сказаў:

– Ну, жыццё непаганае...

– Ясная рэч! – пагадзіўся Фольксваген.

Каб зірнуць на Фольксвагена, Артур павярнуў галаву.

«Фольксвагене. што ты робіш?» – запытаў ён здзіўленым шэптам.

– Як што... спрабую цікавіцца навакольным светам, – сказаў ён.

Потым зноў спытаўся вогана:

– Дык кажаш, хлопча, жытка не бяды?

Воган зірнуў на яго зверху, а млявыя думкі паволі расцякліся па змрочных глыбінях яго свядомасці.

– Ага, – сказаў ён,- але калі ты ўжо закрануў гэтую тэму, дык большасць майго жыцця – невялікае што. Акрамя, можа быць... – ён паварушыў мазгамі зноў. Гэты працэс вымагаў узірання ў столь. – ... Акрамя, можа быць, некаторых крыкаў з пагрозамі, якія мне сапраўды да душы.

Ён набраў паветра ў лёгкія і загырчаў:

– Супраціўляцца няма!..

– ...Ну, ясна, ясна, – хуценька перарваў яго Фольксваген, – ты проста спец па пагрозах, як я пагляджу. Але калі ўсё так паскудна, – сказаў ён паволі, каб воган здолеў як след асэнсаваць пачутае, – дык нашто ты робіш гэта? Якая прычына? Дзеўка? Садысцкія схільнасці? Жаданне адпавядаць апошнім мужчынскім стандартам? Ці ты проста зрабіў выснову, што існаванне ў такой беспрасветнай нудзе – ужо само па сабе выпрабаванне для сапраўднага вогана?

Артур збянтэжана перавёў погляд з вогана на бетэльгейзіянца.

– Э-э... – прамовіў вартаўнік. – Э-э... ліха яго ведае... Я думаю, што ўсё на свеце трэба рабіць як мае быць... Мая цётка кажа, што гвардыя на касмічным флоце – неблагая кар’ера для маладога вогана. Ну, ведаеце – мундзір, фарсуністая кабура з паралізуючым пісталетам, нуда беспрасветная...

– Ну, вось, Артур, бачыш, – сказаў Фольксваген з выглядам чалавека, які ўрэшце атрымаў довады, які пацвярджалі ягоныя дапушчэнні, – а ты кажаш, што ў жыцці гора-бяду прыняў толькі ты.

Артур усё ж палічыў за лепшае працягваць думаць пра сваю гора-бяду. Акрамя непрыемнасцяў з Зямлёю і таго, што яго мала не прыдушылі, перспектыва апынуцца ў адкрытым космасе яго моцна трывожыла.

– Пастарайся жыць і ягонымі праблемамі, – напіраў на Артура Фольксваген. – Вось ён, бедны ды страдны, а справа ўсяго ягонага жыцця -тупаць нагамі і выкідваць людзей за борт...

– І крычаць на іх, – дадаў вартаўнік.

– Ага, і крычаць, – пагадзіўся Фольксваген, паблажліва паляпаўшы здаравезную ручышчу, якая сціснула яму горла. – І ён нават не ведае, чаму мусіць гэта рабіць!

Артур пагадзіўся, што гэта сапраўды вельмі сумна. Сваю згоду ён выказаў кволым, ледзь заўважным жэстам, бо яму здушылі шыю. Засмучанае вуркатанне вылецела з ахоўніка:

– Ну, зараз вы расклалі ўсё па паліцах, і я хачу спытаць...

– Ага, малайчынка, слухаю ўважліва... – падахвоціў вогана Фольксваген.

– ...Дык якая альтэрнатыва? – працягваў вуркатанне воган.

– Ну... – сказаў Фольксваген выразна, але павольна, – спыніць свае дзеянні, вядома! Скажы ім, што тваё сумленне забараняе табе гэта рабіць, скажы, што воганы з народам!

Фольксваген адчуў, што ён мусіць да гэтага нешта дадаць, але на якое імгненне падалося, што воган прыслухаўся і сур’ёзна ўзважвае гэтыя словы.

– Ээхххххмммммммммммммммммммммммммммм... – прамовіў ахоўнік. – эхм, ну, нешта не тое ты кажаш.

Фольксваген адчуў, што ўсё прапала.

– Пачакай, пачакай – гэта толькі пачатак, я яшчэ, разумееш, не ўсё сказаў...

Але ў гэты момант воган зноў узмацніў ухоп і працягнуў выконваць загад дацягнуць вязняў да шлюзу.

– Ну, калі вы не супраць, – сказаў ён, – дык лепей я дацягну вас да шлюзаў, а то мне яшчэ трэба папрактыкавацца ў крыках.

Але Фольксваген быў яўна супраць.

– Добра... але слухай! – ужо не так павольна і не так выразна.

– Аээээнннннннннн, – сказаў Артур без выразнай інтанацыі.

– Пачакай! – чапляўся Фольксваген. – Яшчэ ёсць музыка, мастацтва, сусветная культура ўрэшце, і ўсялякае-рознае, што можна абмяркоўваць. Арргггггг!

– Супраціўляцца няма сэнсу! – заблагаў ахоўнік, і потым дадаў:

– Разумееце, калі я дацягну вас да шлюзу, дык мяне могуць узвесці ў афіцэр-крычалы, а вось для некрыклівых і нецягавітых афіцэраў агулам застаецца не так шмат пасадаў, таму я ўжо лепей займуся тым, што ўмею.

Яны апынуліся ля масіўнага круглага люка, які вёў у невялічкі перадшлюзавы адсек. Ахоўнік націснуў пару кнопак і люк закруціўся, адчыняючыся.