– Але дзякуй за гутарку, – дадаў воган. – Шчаслівага палёту!
Ён пхнуў Фольксвагена ў перадшлюзавы адсек. За ім на падлогу паваліўся задыханы Артур. Фольксваген праціснуўся і роспачна таргануў люк, які зачыняўся перад самым яго носам.
– Паслухай мяне! – закрычаў ён вартаўніку. – Існуе цэлы свет, пра які табе нічагуткі невядома... Вось. паслухай-паслухай, – у роспачы ён паспрабаваў выціснуць з сябе хоць адзін культурны фрагмент: адзінае, што ён мог зымправізаваць – гэта першы такт Пятай сімфоніі Бетховена.
– «Та-да-та-дам!» Хіба ў цябе гэтая музыка не выклікае дрыжыкаў па целе?
– Не-а, – адказаў вартаўнік. – Ніякіх. Але я напішу пра яе маёй цётцы.
І калі ён што да гэтага дадаў, дык яго ўжо не пачулі. Люк захлопнуўся, і зніклі ўсе гукі, за выняткам аддаленага гуду карабельнага рухавіка.
Яны сядзелі ў да бляску адпаліраванай камеры, падобнай да цыліндра: два метры ў папярэчніку і тры метры ўдоўжкі.
Фольксваген, цяжка дыхаючы, азірнуўся:
– Далібог, у хлопца неблагі патэнцыял.
Артур па-ранейшаму ляжаў на ўвагнутай падлозе камеры – там, дзе і паваліўся. Угору яго вочы не падымаліся. Ён адно ляжаў, цяжка дыхаючы.
– Дык цяпер нам ужо дакладна капец?
– Капец, капец, – пацвердзіў Фольксваген, – з крыжыкам.
– Слухай, а ты нічога не прыдумаў? Здаецца, ты казаў, што нешта прыдумаеш. Можа, ты нешта прыдумаў, а я і не ў курсе.
– Ну, так, нешта я ды прыдумаў, – задыханым голасам адказаў Фольксваген.
Артур са спадзевам глянуў на яго.
– Але, на жаль, – працягваў Фольксваген, – гэтая ідэя прыдатная для тых, хто знаходзіцца па той бок ад гэтага люка.
Ён пхнуў нагою люк, за які іх толькі што шпурнулі.
– Але ж гэта была добрая ідэя?
– Ну, ясна, вельмі файная.
– І ў чым яе сутнасць?
– Ну, я не распрацаваў усіх дэталяў. Дык які сэнс рабіць гэта цяпер?
– Дык... э-э... што зараз будзе?
Фольксваген адказаў:
– Ну, э-э, гэта... Праз колькі імгненняў, я так думаю, перад намі адчыніцца шлюз і нас выцягне ў глыбокі космас, і потым мы задыхнемся. Калі ты набярэш поўныя лёгкія паветра, дык, зразумела, можаш працягнуць у вакууме секунд трыццаць...
Ён сашчапіў рукі па-за патыліцаю, яго бровы палезлі долу, і Фольксваген Гольф зазумкаў старадаўні гімн бетэльгейзіянскіх ваяроў. А яго вочы раптам зрабіліся чужымі, нават чужынскімі.
– Дык, значыцца, усё, – сказаў Артур, – мы памрэм...
– Ага, – сказаў Фольксваген. – хіба што... Не! Пачакай хвілінку!
Ён раптам скокнуў да супрацьлеглай сценкі, згледзеўшы нейкі прадмет, які застаўся па-за вокам Артура.
– Гэта што за выключальнік? – закрычаў ён.
– Які, дзе?! – закрычаў у адказ Артур, круцячыся на месцы.
– Не, я памыліўся, – сказаў Фольксваген. – Так што так – мы памрэм.
Ён зноў сеў, прытуліўшыся да сценкі, працягваючы зумкаць песеньку, якую быў перарваў.
– Ведаеш, – сказаў Артур, – у імгненні, як гэтае, калі я захрас у воганскай вязніцы з ураджэнцам Бетэльгейзэ і хутка задыхнуся ў адкрытым космасе, я хацеў бы пачуць, што казала мне маці, калі я быў хлопчыкам.
– І што, што яна табе казала?
– Не ведаю – я ж не слухаў.
– А-а...
Фольксваген працягнуў сваё зумканне.
«Здурнець можна! – падумаў Артур. – Калоны Нэльсана не існуе, «Макдональдса» няма і ўсё, што засталося, – гэта я і фраза «пераважна бясшкодная». А яшчэ праз хвіліну можа застацца толькі адна фраза «пераважна бясшкодная». А ўчора ж мне здавалася, што наша планета нядрэнна маецца».
Зашумеў рухавік.
Калі вонкавы люк адчыніўся ў пустое чарноцце, ушпілянае неверагодна зыркімі плямкамі святла, дык адначасна з лёгкім свістам было чуваць пранізлівы рык імклівага паветра, Фольксвагена і Артура выпхнула ў адкрыты космас, нібыта затычкі з цацачнай стрэльбы.
8
«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» – вельмі адметная кніга. Дывізія рэдактараў цягам доўгіх гадоў складала і пераскладвала гэтую кнігу незлічоную колькасць разоў. «Падарожная кніжка» змяшчае заўвагі і назіранні, сабраныя цэлым войскам палявых даследчыкаў і вандроўных карэспандэнтаў.
Уступ да яе пачынаецца гэтак:
«Космас – вялікі. Вельмі вялікі. Вы, далібог, не дасцё веры, наколькі космас неверагодна, неймаверна аграмадны. То бок, вы можаце, ясная рэч, заявіць, што дарога ў аптэку – таксама няблізкі свет, але ў параўнанні з космасам яна – пыл і ня варты ўвагі драбок. Іншымі словамі...»
І гэтак далей.
Пасля пары-тройкі абзацаў манера падачы тэксту робіцца больш дзелавой і менш узнёслай, «Падарожная кніжка» пачынае выдаваць сапраўды важныя і карысныя звесткі, як, да прыкладу, інфармацыю пра тое, што на прыгожай – воч не адвесці – планеце Віфселамін настолькі ўстрывожыліся цэласнасцю краявідаў, якія пакрысе разбураюцца і разносяцца дзесяццю мільярдамі турыстаў, што кожны год наведваюць планету, ажно там пастанавілі падчас ад’езду любога турыста хірургічным шляхам вымаць у яго розніцу паміж колькасцю таго, што ён з’еў і колькасцю таго, чаго ён тут пазбыўся натуральным шляхам. Таму жыццёва неабходна, каб пасля паходу ў віфселамінскую прыбіральню вы заўсёды бралі квітанцыю.