Выбрать главу

Але, па шчырасці, калі вы ўсё ж наважыліся асягнуць розумам адлегласць паміж зоркамі ва ўсёй яе гігантычнай неспасцігальнасці, майце на ўвазе, што той, хто быў адказны за ўступ да «Падарожнай кніжкі», зрабіў нацяжку. Пагадзіцеся, праўда ж, ёсць вялікая розніца паміж аб’ёмам пылу, які вы дастаяце з-пад канапы, і пылінкамі, якія вы змахваеце са стала? Не кажучы ўжо пра разбежнасць у памерах драбкоў: у залежнасці ад віду прадукту яны вельмі розняцца.

Але, разам з тым, руку на сэрца: адлегласці паміж зоркамі проста не ўкладаюцца ў чалавечую галаву!

Нават святлу, якое ляціць нагэтулькі хутка, аж некаторым расам патрабуюцца тысячагоддзі толькі каб высветліць, што яно ўвогуле перасоўваецца, – нават яму! – спатрэбіцца восем хвілін адно каб пераляцець ад зоркі з імем Сонца да месца, дзе калісьці круцілася планета Зямля. А толькі каб дасягнуць найбліжэйшай зоркі-суседкі, Проксімы Цэнтаўры, святлу спатрэбіцца ўжо на чатыры гады больш!

Каб даляцець да процілеглай часткі Галактыкі, напрыклад, да планеты Дамогран, святлу спатрэбіцца куды больш часу: пяцьсот тысяч гадоў. Рэкорд аўтаспыннікаў па пераадольванні гэтай адлегласці – пяць гадоў лёту, але за такой хуткасцю пабачыць па дарозе краявід за акном вы, на жаль, проста не паспееце.

«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» сцвярджае, што калі вы набераце поўныя лёгкія паветра, дык у суцэльным касмічным вакууме вы пражывяце секунд трыццаць. «На вялікі жаль, – працягвае «Падарожная кніжка», – у такім неверагодна, неймаверна вялікім памерамі космасе шанцы, што за гэтыя трыццаць секундаў вас падбярэ іншы касмічны карабель, раўняюцца аднаму супраць двух у 276709-ай ступені».

Па неверагодным супадзенні 2-76-709 – гэта таксама тэлефон адной кватэры ў Айлінгтане, дзе Артур аднойчы адведаў зацную вечарынку. На той вечарынцы Артур пазнаёміўся з файнай дзяўчынай, з якой у яго нічога не атрымалася, бо яна збегла з нейкім няпрошаным пустабрэхам.

Нягледзячы на тое, што планета Зямля, кватэра ў Айлінгтане і тэлефон, які меў прыведзены вышэй нумар, былі знішчаныя, крыху суцяшальна прагучыць

заўвага, што праз дваццаць дзевяць секунд Фольксваген і Артур былі выратаваныя.

9

Камп’ютар узрушана загергетаў нешта сам сабе, і тут заўважыў, што адчыняе і зачыняе шлюз выхаду без дай прычыны. Усё гэта адбылося таму, што ля прыбораў не было нікога, хто б мог гэтую прычыну не толькі даць, але і ўзяць.

У Галактыцы ўзнікла адна дзірка. Дзірка-пустэча, што трывала адну секунду. Тая пустэча была тры сантыметры ўшыркі і некалькі мільёнаў светлавых гадоў удоўжкі.

Калі яна зачынілася, з яе выпырхнула безліч папяровых каўпакоў і процьма каляровых балонікаў. Усе яны неўзабаве сіганулі ў галактычныя далячыні. Потым з дзіркі выскачыла сем чалавек з назіральнай групы маклераў-ліліпутаў, якія ўсе пагалоўна памерлі, часткова ад удушша, а часткова – ад здзіўлення.

3 дзіркі таксама вывалілася дзвесце трыццаць адна тысяча яечняў-«вочак», матэрыялізоўваючыся ў грувасткія купы, якія шпарка раслі на пабітых неўраджаем палях планеты Янкагрыль у зорнай сістэме Панзэі.

Уся янкагрыльская цывілізацыя сканала ад голаду, акрамя аднаго апошняга янкагрыльца, які склеіў дошчачкі праз некалькі тыдняў ад халестэрынавага атручання.

Усю секунду свайго існавання дзірка матлялася тут-сюд праз час самым неверагодным чынам. Недзе ў сівой мінуўшчыне яна сутыкнулася з адной маленькай групай атамаў, якія ў досыць хаатычнай манеры падарожнічалі праз пустыя прасторы космасу. Дзірка прымусіла іх скласціся надзіва адметнай і найменш чаканай узорам-малекулай. Тая малекула спрытна навучылася капіяваць самую сябе (гэтая здольнасць і была адной з яе адметнасцяў), і стуль прыгаданая вышэй група атамаў стала прыносіць істотныя праблемы на кожную планету, праз якую яна пралятала. Вось гэтак і пачалося жыццё ў Сусвеце.

Пяць Віхураў Прычын і Наступстваў сашчапіліся ў дзікім Віры Беспрычыннасці і выплюнулі на свет божы выкладзеную мазаікай падлогу.