Выбрать главу

На падлозе ляжалі Фольксваген Гольф і Артур Дэнт. Яны хапалі ротам паветра, усё роўна як паўжывыя рыбіны.

– Ну вось, калі ласка! – прамовіў задыханы Фольксваген. Потым ён пашкрабаў пальцам мазаіку, пакуль падлога праходзіла праз трэцюю Вяху Невядомага. – Я ж казаў, што нешта ды прыдумаю.

– Выдатна, – прамовіў Артур – проста выдатна.

– Ну, хіба я не малайчына – прыдумаў учапіцца за зоркалёт, які мінае побач? – дадаў Фольксваген. – А той нас выратаваў.

Знізу імкліва адляталася варонка сапраўднай Галактыкі – аж рабілася млосна. А вось разнастайныя галактыкі-фальшыўкі гойсалі ў космасе, усё роўна як горныя казлы. Выбліснула першабытнае святло, блямкнуўшыся аб прастору і час, нібыта камяк напалову перастрававанага жэле. Час выпрастаўся, заквітнеў; прастора ссохлася і скурчылася. Найвялікшая простая лічба ціха збегла ў кут і схавалася на векі вечныя.

– От, не дуры галавы! – запярэчыў Артур. – Шанцы памерці былі проста астранамічна высокія.

– Не прыдзірайся – мой план урэшце спрацаваў, – заўпінаўся Фольксваген.

– А куды, на які зоркалёт мы трапілі? – спытаў Артур, пакуль пад імі расчынялася шахта вечнасці.

– Чорт яго ведае, – адказаў Фольксваген. – Я яшчэ не расплюшчыў вачэй.

– Вось, і я таксама, – прамовіў Артур.

Сусвет пусціўся ў скокі, застыў, затрымцеў і падаўся ўшыркі ў некалькіх нечаканых напрамках.

Артур і Фольксваген расплюшчылі вочы і, нямала здзіўленыя, азірнуліся.

– Божа літасцівы! – выгукнуў Артур. – Тут усё выглядае, як на прыморскім бульвары ў Саўтэндзе.

– Фу ты, ну, я проста рады гэта чуць, – сказаў Фольксваген.

– А што такое?

– Ды спярша мне падалося, што я з’ехаў з глузду.

– Дык, можа, і з’ехаў. Можа, ты толькі падумаў, што я сказаў гэтую фразу пра бульвар.

Фольксваген задумаўся.

– Дык сказаў ты тую фразу ці не? – урэшце спытаў ён.

– Думаю, сказаў, – адгукнуўся Артур.

– Ну, тады, напэўна, з’язджаем з глузду мы абодва.

– Ага, – пагадзіўся Артур. – Беручы пад увагу пэўныя акалічнасці, мы былі б вар’ятамі, калі б палічылі наваколле Саўтэндам.

– Дык думаеш, гэта ўсё ж Саўтэнд?

– Сто адсоткаў.

– Згодны.

– І таму мы вар’яты.

– І надвор’е якраз спрыяе...

– Ага, – сказаў вар’ят, які праходзіў побач.

– Хто гэта там кажа? – запытаўся Артур.

– Хто? Той дзяцюк з пяццю галовамі і кустом бузіны, абвешаным вэнджанымі селядцамі?

– Ага.

– Не ведаю. Нейкі чалавек.

– Ясна.

Абодва працягвалі сядзець на мазаічнай падлозе і з пэўнай збянтэжанасцю сачылі за дзіцяткам гіганцкіх памераў, якое хутка перасоўвалася па пяску, а таксама за дзікімі коньмі, што грымотна скакалі па небе, везучы новую партыю металічных парэнчаў для агароджы Парка Нестабільнасці.

– Слухай, калі гэта ўсё ж Саўтэнд, дык нешта ў ім не тое, – вымавіў Артур.

– Ты маеш на ўвазе тое, што мора застаецца непарушным, тым часам як прыбярэжная скала і будынкі пагойдваюцца, быццам на хвалях? – перапытаў Фольксваген. – Тады маеш рацыю: надта ўсё нязвыкла.

– Адным словам, – працягнуў ён, па тым як магутны выгук раскалоў Саўтэнд на шэсць роўных частак,якія сталі скакаць і кружляць адна вакол адной у несамавітай гуллівай манеры. – ...Адным словам, сапраўды, дзіўна ўсё тут.

Шалёны рык духавых і струнных інструментаў апаліў наваколле. На дарогу выскачылі гарачыя дзесяціпенсавыя пончыкі, з неба паваліліся жахлівыя рыбіны, а Артур і Фольксваген палічылі за найлепшаедаць адсюль драпака.

Яны працярэбліваліся праз шчыльную сцяну гуку, горы састарэлых ідэяў, даліны маркотных мелодый, кірмашы атопкаў і дзіравых ракетак, як знянацку пачулі дзявочы голас.

Разважлівы такі голас, аднак адзінае, што ён прамовіў, былі словы: «Адзін супраць дзвюх у ступені сто тысяч, і зніжэнне».

Запанавала ціша.

Фольксваген прасачыў за нейкім промнем святла і пасля азірнуўся, намагаючыся вызначыць, адкуль паходзіць голас, але не ўбачыў нічога вартага ўвагі.

– А хто там гудзе? – голасна выкрыкнуў Артур.

– Не ведаю, – крыкнуў у адказ Фольксваген. – Незразумела. Выдае, нехта вылічвае імавернасць.

– Імавернасць? У сэнсе?

– Ну, імавернасць, верагоднасць. Ну, ведаеш: адзін да дзвюх, тры да аднаго, пяць супраць чатырох. Голас сказаў «адзін да дзвюх у стотысячнай ступені». Гэта, як ты разумееш, досыць неверагодна.

Без усякага папярэджання мільёнлітровы чан з заварным крэмам самохаць перакуліўся проста па-над імі.

– Дык што гэта ўсё азначае? – пракрычаў яшчэ раз Артур.

– Што, крэм?

– Не, вымярэнне імавернасці!

– Не ведаю. Не маю паняцця. Думаю, мы трапілі на зоркалёт.