– Адзінае, што зразумела, – ляцім мы не бізнэс-класам, – дадаў Артур.
У часава-прасторавай тканцы з’явіліся булдыркі. Буйныя гідкія булдыркі.
– Гггааааўўўррггххх... – вырвалася з Артура.
Ён адчуў, як ягонае цела мякне і расцягваецца ў нязвыклыя кірункі.
– Здаецца, Саўтэнд знікае з вока... Зоркі трапілі ў гіганцкі вір... Камякі пылу... Мае ногі зносіць у бок далягляду... Маю левую руку – тудысама...
Яго працяла жахлівая здагадка:
– Халера-венера! Як жа мне цяпер насіць мой электронны гадзіннік?!
Артур у роспачы скасавурыўся ў бок Фольксвагена.
– Фольксвагене! Ты ператвараешся ў пінгвіна. Спыніся!
Зноўку пачуўся чыйсьці голас:
– Адзін супраць дзвюх у сямідзесяціпяцітысячнай ступені.
Фольксваген пакрочыў, валюхаючыся на пінгвінаў манер.
– Гэй, вы дзе? – пракракаў ён. – Як так? Што тут адбываецца і ці можна ўсё гэта спыніць?
– Калі ласка, разнявольцеся! – прыязна сказаў голас, не раўнуючы, як кажуць сцюардэсы, калі ў наяўнасці засталося толькі адно крыло і два рухавікі, адзін з якіх палае. – Вы ў поўнай бяспецы!
– Пры чым тут бяспека?! – гняўліва абурыўся Фольксваген. – Вы што, не бачыце, што я цяпер хай сабе ў поўнай бяспецы, але пінгвін, а ў майго сябра зараз расцякуцца рукі і ногі?!
– Ды ўсё ў парадку – зараз я іх збяру назад, – адгукнуўся Артур.
– Адзін супраць дзвюх у пяцьдзясяттысячнай ступені, – прамовіў голас.
– Мушу прызнацца, – дадаў Артур. – Яны цяпер крыху даўжэйшыя, чымся тыя, да якіх я прызвычаіўся... Хаця з іншага боку...
– А вам не падаецца, што трэба сёе-тое патлумачыць? – па-птушынаму клякочучы, загаласіў Фольксваген.
Голас запярхекаў. У далечы прашпацыравала ліліпуцка-вялізная лічба чатыры.
– Шаноўнае спадарства, ласкава запрашаем, – вымавіў голас, – на зоркалёт «Залатое Сэрцайка»!
– Усё, што тут адбываецца, – не прычына для трывогі, – працягваў голас. – Па першым часе вам, відаць, будзе моташна – вас жа выратавалі ад вернай смерці з імавернасцю два ў ступені дзвесце семдзесят шэсць тысяч супраць аднаго. Цалкам магчыма, нават з яшчэ меншай імавернасцю. Цяпер мы ляцім два ў ступені дваццаць пяць тысяч супраць аднаго. Як толькі мы будзем пэўныя наконт таго, што такое нармальны парадак рэчаў, мы яго адразу ж адновім. Дзякуй за ўвагу. Два ў ступені дваццаць тысяч супраць аднаго...
І голас сціх.
Фольксваген і Артур апынуліся ў ружовым пакойчыку.
Фольксваген аніяк не мог супакоіцца.
– Здурнець можна! Артуру, нас жа падабраў зоркалёт, які кіруецца рухавіком Бясконцай Неймавернасці. Фантастыка! Пра яго нават колісь чуткі хадзілі. Іх, вядома, на самым высокім узроўні абверглі, але ж, мусіць, такі рухавік таемна канструявалі. Пабудаваць рухавік на неймавернай цязе! Гэта. я табе скажу... Артуру? Што такое?!
Артур штомоцы сіліўся зачыніць дзверы пакойчыка, але вушак быў дрэнна дапасаваны. І вось праз адтуліны ў пакойчык шчаміліся маленькія хцівыя ручкі з запэцканымі ў атрамант пальчыкамі, а знадворку роспачна гаманіла шмат чыіхсьці танклявых галасоў.
Артур падняў вочы ўгору.
– Фольксвагене! – прамовіў ён. – Там, за дзвярыма, – шматтысячны натоўп малпаў, якія хочуць паразмаўляць з намі пра п’есу «Гамлет», якую яны напісалі.
10
Рухавік Бясконцай Неймавернасці (РБН) – новы цудоўны спосаб пераадольваць міжпланетныя адлегласці. Ён прызначаны для тых, хто не жадае ўблытвацца ў цягамотныя скачкі праз гіперпрастору.
РБН адкрылі ў выніку шчаслівага збегу акалічнасцяў, і пасля даследчая група на Дамогране гэты спосаб перасоўвання прыручыла і абкультурыла як змагла.
Калі ласка, кароткая гісторыя вынаходства РБН.
Прынцып вырабу невялікай колькасці канцавой імавернасці пры пасярэдніцтве простай зачэпкі лагічных ланцужкоў субмезонных мазгоў чмелязяўра-57 да атамнай друкаркі, апушчанай у генератар броўнаўскага руху (напрыклад, у стары добры кубачак гарачай гарбаты) былі – ясная рэч – добра вывучаныя, і такія генератары ўжываліся для стварэння святочнага настрою на вечарынках. Напрыклад, яны маглі зрабіць так, каб усе малекулы ў бялізне якой-небудзь госціцы – згодна з Тэорыяй Нявызначанасці – адначасова адскокнулі на трыццаць сантыметраў убок.
Шмат выбітных фізікаў заяўляла, што падтрымліваць падобныя вынаходніцтвы – ганьба часткова таму, што падобныя працы спрыяюць далейшай дэградацыі навукі, але ў асноўным таму, што згаданых вышэй фізікаў на такія вечарынкі ніколі не клікалі.
Яшчэ адна рэч, якая раздражняла фізікаў, – гэта пастаянная няўдача, якая насцігала іх, калі яны канструявалі машыну, што можа стварыць поле бясконцай імавернасці. Гэтае поле патрабуецца, каб шпурляць зоркалёт паміж самымі далёкаадлеглымі зоркамі на неймаверна-неверагодныя дыстанцыі. Урэшце, зацяўшыся ад няўдачы і злосці, навукоўцы афіцыйна абвясцілі, што існаванне такой машыны немагчымае ў прынцыпе.