І тут аднойчы адзін студэнт, якога пакінулі падмятаць падлогу фізічнай лабараторыі пасля нейкага на рэдкасць правальнага эксперыменту, злавіў сябе на думцы:
«Калі, – пачаў разважаць ён, – існаванне Рухавіка Бясконцай Неймавернасці немагчымае ў прынцыпе, тады – разважаючы лагічным чынам – яго стварэнне мае канцавую неверагоднасць. Стуль вынікае, што ўсё, што трэба зрабіць, каб гэтую неверагоднасць здабыць, – гэта падлічыць, наколькі ж яна неверагодная, загрузіць гэтую лічбу ў генератар Канцавой Неймавернасці, запарыць свежай гарбаты... і ўвамкнуць!»
Студэнт зрабіў гэтак і быў дужа здзіўлены, высветліўшы, што ў яго атрымалася з ніадкуль з нічога стварыць доўга шуканы Рухавік Бясконцай Неймавернасці.
Ягонае здзіўленне толькі павялічылася, калі пасля таго, як за гэтае вынаходніцтва Галактычная Акадэмія ўручыла студэнту звышпрэстыжную прэмію «За духоўнае браджэнне», яго лінчаваў натоўп раз’юшаных фізікаў, якія ўрэшце прызналі, што адзінае, чаго яны ўпраўду цярпець не ў стане, – гэта кемныя разумнікі і дапытлівыя самасуі.
11
Імаверна непрабіўная рубка «Залатога Сэрцайка» выглядала як у самым сярэднестатыстычным зоркалёце, за выняткам свайго ўзорнага глянц-парадку, што панаваў тут, – карабель жа быў абсалютна новы! 3 некаторых сядзенняў нават не паздымалі цэлафанавых чахлоў. Кабіна была ў асноўным белая, даўгаватая, памерамі з невялічкую кавярню. Не тое каб надта доўгая: дзве сценкі пакрысе выкрыўляліся ў паралельнай манеры, і ўсе куты кабіны былі абрысаваныя ў надзіва выгнутых формах. Праўду кажучы, пабудаваць звычайную даўгаватую трохвымерную кабіну было б куды прасцей і практычней, але тады ніхто б не заўважыў працы дызайнера. А вось жа гэтая кабіна выглядала дужа эрганамічна і страшэнна прасунута: з вялікімі тэлеэкранамі, што ўзвышаліся над кантрольнай панэллю, і з утопленымі ў насценных нішах панэлях навігацыі, і доўгім шэрагам камп’ютараў, якія выпіналіся з насценнай пукатасці. У адным куце сядзеў згорблены робат, чыя зіхоткая стальная галава бязвольна звісала паміж зіхоткіх стальных ног. Ён таксама быў абсалютна новы, але нягледзячы на выдатна сканструяваны корпус і да бляску нашмараваныя дэталі, усё ў ягоным больш-менш чалавекападобным тулаве здавалася нейкім нягеглым, нібыта з дрэнна дастасаванымі адна да адной часткамі. Як напраўду, дык усе часткі пасавалі дасканала, але нешта ў ягонай паставе як бы казала, што яны могуць дастасоўвацца лепей.
Зафод Біблброкс нервова хадзіў тут-сюд сходамі па двухпавярховай кабіне, кратаючы рукамі зіхоткае абсталяванне, і ўзрушана хіхікаў.
Трыліян села, згорбіўшыся сярод купы прыладаў, выразна чытаючы ўголас лічбы. Яе голас праз апавяшчальную сістэму насіўся па ўсім зоркалёце.
– Пяць супраць аднаго і неймавернасць падае... – сказала яна, – чатыры супраць аднаго... тры супраць аднаго... два... адзін... імаверны фактар адзін супраць аднаго... у нас нармальнасць, паўтараю, у нас нармальнасць.
Трыліян выключыла мікрафон, потым уключыла зноў – і дадала з лёгкай усмешкай: «Усе вашыя праблемы толькі ў вашай галаве. Калі ласка, разнявольцеся. Па вас хутка прыйдуць».
Зафод вызверыўся:
– Трыліян, ды хто яны такія?
Каб павярнуцца да яго тварам,Трыліян крутанулася на сваім крэсле. Пацепнула плячыма.
– Ды так, два хлопцы, якіх мы, здаецца, падабралі ў адкрытым космасе, – сказала яна. – Сектар ЭЭ7, Масіў Э-Альфа.
– Так, давай пацеш сябе прыемнай думкай, Трыліян, – выказаў незадаволенасць Зафод. – Ты, вядома, перакананая, што ў цяперашніх абставінах гэтак паводзіцца разумна. То бок, мы даем драпака, палова паліцыі Галактыкі дыхае нам у патыліцу – а мы спыняемся, каб падабраць аўтаспыннікаў?! Малайчынка, Трыліян! Дзясятка за альтруізм і зухаватасць, але мінус мільён за дзіравую мазгаўню, ясна?
Ён нервова зашчоўкаў клавішамі на прыборнай дошцы. Пакуль Зафод не паспеў набраць што істотнае, Трыліян моўчкі адхіліла ягоную руку наўзбоч. Якая б рыса характару ні апаноўвала Зафода ў пэўны момант: гарачлівасць, сляпое выхваленне, пыха – ён пачынаў рухацца, як мядзьведзь, і мог хутка і лёгка ўзарваць карабель пры дапамозе аднаго бязглуздага руху. Трыліян нават стала падазраваць, што галоўная прычына таго, што Зафоду заўсёды ўдавалася весці нагэтулькі насычанае і паспяховае жыццё, палягала ў тым, што ён ніколі не ўсведамляў сэнсу ніводнага свайго ўчынку.