Выбрать главу

– Зафодзе, – сказала яна стрымана, – яны без скафандраў луналі ў адкрытым космасе... Ты ж не хацеў бы, каб яны аддалі Богу душу, га?

– Ну, ведаеш... не хацеў. Прынамсі не такім чынам, але ж...

– «Не такім чынам»? А якім чынам ты хацеў, каб яны памерлі, га? – Трыліян схіліла голаў набок.

– Ну, праз каторы час іх мог бы падабраць хто іншы...

– Праз секунду яны памерлі б!

– Калі б ты парупілася абдумаць праблему крыху даўжэй, яна бы знікла самохаць.

– Ты што, усцешыўся б, калі б яны памерлі?

– Ну, «усцешыўся» не зусім тое слова, але ж...

– Хопіць, – прамовіла Трыліян, паварочваючыся да прыборнай дошкі. – І ў любым разе, я іх не падбірала.

– Што значыць «не падбірала»? А хто падабраў?

– Зоркалёт падабраў.

– Чаго?!

– Карабель. Сам-адзін.

– Га?

– Калі мы ўключылі Рухавік Бясконцай Неймавернасці.

– Неверагодна!

– Э-э, Зафодзе, яшчэ як верагодна.

– Дык...

– Зафодзе, – прамовіла яна, ляпаючы яго па плячы. – Не бойся ты наконт прыбышоў! Яны проста парачка хлопцаў. Зараз пашлю па іх робата, і ён прывядзе іх сюды. Гэй, Марвіне!

Галава робата, які сядзеў скурчаны ў куце, здрыганулася, потым застыла зноў, аднак па каторым часе крыху загайдалася. Робат з цяжкасцю падняўся на ногі, нібыта ён быў разоў у пяць цяжэйшы, чым ёсць насамрэч, і зрабіў тое, што які-небудзь старонні назіральнік, пэўна, палічыў бы за гераічныя высілкі дабрацца да процілеглай сценкі каюты. Цяпер робат стаяў перад Трыліян і, здавалася, глядзеў ёй праз левае плячо.

– Думаю, вам варта ведаць, што я ў глыбачэзнай дэпрэсіі, – сказаў робат. Яго нізкі голас патыхаў поўнай безнадзейнасцю.

– О, Божа літасцівы! – прамармытаў Зафод і плюхнуўся ў фатэль.

– Новае заданне якраз адцягне тваю ўвагу ад цяжкіх роздумаў, – адказала Трыліян. У ейным голасе пракінулася ледзь прыкметная спагада.

– Скулля яе чым адцягнеш, – заныў Марвін. – У мяне неверагодна аб’ёмныя мазгі.

– Напрамілы Бог, Марвіне! – пачала пагражаць Трыліян.

– Добра, добра, – адказаў Марвін. – Што трэба зрабіць?

– Спусціцца да другога шлюзу і прывесці сюды двух прыбышоў.

Пасля мілісекунднай паўзы з дасканала падабранымі тэмбрам і інтанацыяй – адкрыта крыўдаваць тут сапраўды не было на што – Марвін змадэляваў сваю вялікую пагарду і агіду стасоўна ўсяго людскога роду:

– І гэта ўсё?

– Усё, – пацвердзіла Трыліян.

– Ідыёцкае заданне, – падсумаваў Марвін.

Зафод ажно падкінула з фатэля.

-Трыліян пляваць, ідыёцкі або інтэлектуальны гэты занятак! – выгукнуў ён. – Яна адно хоча, каб ты гэта зрабіў! Уцяў?

– Будзе зроблена, – бомкнуў Марвін, нібы вялікі паколаты звон. – Абавязкова.

– Выдатна... – амаль спакойна прамовіў Зафод. – Цудоўна... Дзякуй.

Марвін павярнуўся і падняў на Зафода свае пляскатыя трохкутнікі чырвоных вачэй.

– Я ж вас не прыгнятаю? – поўным невымоўнае тугі голасам спытаў ён.

– Што ты! – хуткастрэльна адказала Трыліян. – Абсалютна не прыгнятаеш, далібог...

– Прыгнятаць вас мне б не хацелася.

– Ды не бяры ты да галавы, – зноў жвавенька адпарыравала Трыліян. – Пачувайся і паступай натуральна, і ўсё будзе добра.

– Дык усё ў парадку? – працягваў дапытвацца Марвін.

– У абсалютным, Марвіне! – ціўкнула Трыліян. – Будзь такім, які ты ёсць... Гэта ж частка нашага жыцця.

Марвін адарыў яе сваім электронным позіркам.

– Жыццё... – прамовіў ён. – Хто вы такія, каб казаць мне пра жыццё?!

Ён панура развярнуўся на пятках і пацёгся прэч з кабіны. Дзверы з задаволеным «бахам» бразнулі за яго спінай.

– Зафодзе, у мяне няма больш моцы трываць гэтага робата, – прастагнала Трыліян.

Вялікая Галактычная Энцыклапедыя вызначае робата як механічнае прыстасаванне, прызначанае рабіць працу чалавека. Рэкламны аддзел вытворчага аб’яднання ўсегалактычнага значэння «Піксельмаш» вызначае робатаў як «твой асабісты прышпільны мабільны шпаркі дамавік».

«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» вызначае рэкламны аддзел вытворчага аб’яднання «Піксельмаш» як «хеўру бязглуздых доўбняў, якіх першымі паставяць да сценкі, калі пачнецца рэвалюцыя». Пад артыкулам ёсць зноска, якая інфармуе чытачоў, што рэдакцыя «Падарожнай кніжкі» з вялікай радасцю прыме на працу карэспандэнта, абазнанага ў робатабудаўнічай тэматыцы.

Па неверагодным супадзенні ў адным з асобнікаў «Вялікай Галактычнай Энцыклапедыі», які праваліўся праз расколіну ў часе з тысячагадовай будучыні, рэкламны аддзел аб’яднання «Піксельмаш» акрэслены як «хеўра бязглуздых доўбняў, якіх першымі паставілі да сценкі, калі пачалася рэвалюцыя».