Фольксваген і Артур неяк няўцямна прамармыталі непераканаўчы пратэст.
– Ненавіджу люкі! – працягваў Марвін. Потым звярнуўся да парачкі сяброў:
– Я ж вас не прыгнятаю сваёй прысутнасцю?
– Дык урад якой планеты валодае... – пачаў быў Фольксваген ізноў.
– Ніякі Урад ніякай планеты гэтым зоркалётам не валодае! – раздражнёна адказаў робат. – Ён сагнаны.
– Сагнаны?!
– «Сагнаны?!», – перадражніў Фольксвагена Марвін.
– Кім? – настойваў Фольксваген.
– Зафодам Біблброксам.
3 Фольксвагенам здарылася нешта дзіўнае. Прынамсі пяць адценняў ашаломленасці адначасова перакрывілі яго твар. Выдавала, што яго левая нага, якая ўзнялася была па-над зямлёю, мела праблемы з пошукам падлогі. Фольксваген вытарашчыўся на робата і намаганнямі цягліцаў паспрабаваў выблытацца з усіх сваіх грымас.
– Зафодам Біблброксам? – перапытаўся ён, ледзьве варушачы вуснамі.
– Перапрашаю. Я, можа, кажу якія непрыстойнасці? – перапытаў Марвін, працягваючы валюхацца. – Ну, ужо выбачайце, што ўвогуле дыхаю ў вашай прысутнасці – хаця, наагул кажучы, я ніколі не дыхаю, таму я не разумею, чаму я гэтак сказаў... Божа мой, Божа, у мяне такая дэпрэсія! Вось яшчэ адзін самазакаханы люк. Гэтае жыццё... Хто вы такія, каб казаць мне пра жыццё?!
– Ды ніхто тут не кажа табе пра жыццё! – раздражнёна прамармытаў Артур. – Фольксвагене, ты як?
Фольксваген узорыўся на Артура.
– Робат толькі што сказаў «Зафод Біблброкс»? – перапытаў Фольксваген.
12
Кожны раз, калі Зафоду Біблброксу ўдавалася злавіць хвалю якой-небудзь субэфірнай радыёстанцыі, – а ён хацеў паслухаць навіны пра сябе, – моцнае бразгатанне джанк-музыкі напойвала адсекі «Залатога Сэрцайка». Кіраваць радыёпрымачом – той яшчэ галаўны боль. Шмат гадоў радыё наладжвалі, націскаючы кнопкі і круцячы ручкі. Потым тэхналогіі ўдасканаліліся: панэль зрабілі сэнсарнай. Сёння ж вам варта ўсяго толькі з надзеяй на лепшае памахаць рукой у неакрэсленым кірунку – і досыць. Гэта, ясная рэч, ашчаджае энергію цягліцаў, аднак адсюль вынікае, што калі вы маеце жаданне заставацца на адной хвалі, вам давядзецца – псіхуй-не псіхуй, – аднак, сядзець абсалютна нерухома.
Зафод паварушыў рукой – усталяваўся новы канал. Фастфуд-музыкі на ім было больш, аднак цяпер яна зрабілася адно фонам для навін.
Тэкст на гэтым канале бязлітасным чынам падладжвалі пад музычны рытм.
– ...Суб-эфірнае радыё вяшчае для вас дваццаць чатыры гадзіны на содні. Стоадсоткавая зона пакрыцця па Галактыцы, – загарлала радыё. – Скажам сваё шчырае, сардэчнае «прывітанне» ўсім разумным формам жыцця ў Сусвеце... А таксама ўсім астатнім адстальцам. Любыя аўтсайдэры! Самы галоўны сакрэт поспеху – ляснуць каменем па камні... І, вядома, найгучнейшая навіна на сёння – сенсацыйнае выкраданне дзіва над дзівамі, цуда над цудамі – эксперыментальнай мадэлі зоркалёта з Рухавіком Бясконцай Неймавернасці! Выкраданне здзейсненае нікім іншым як Прэзідэнтам Галактыкі Зафодам Біблброксам! І пытанне, над якім чухае патыліцу ўся-ўсенькая Галактыка: «Няўжо Вялікі Бібл нарэшце ўкляпаўся па самыя вушы ці ён выкруціцца зноў?» Так-так, той самы Зафод Біблброкс, які ўласнаручна вынайшаў Пангалактычны Мазгатрушч, колішні махляр і аферыст, мужчына, якога Зюзя Ангорская назвала ў сваіх мемуарах «сэкс-тытанікам», бо яго полавая моц саступае адно Саюз-Апалону Бельведэрскаму. Біблброкс, які перамагаў у «Еўрасабачанні» сем разоў, з лёгкасцю перасабачыўшы сваіх канкурэнтаў... Ці ёсць яму што сказаць у сваю абарону і апраўданне гэтым разам? На гэтае пытанне адказвае Зафодаў асабісты мазгазнаўца Зіг Мундфройд.
На імгненне, падчас галавакрутнай трэлі, музыка спынілася. У эфір уварваўся другі голас, напэўна, мундфройдаўскі. Ён зазначыў: «Такі так! У гэтым увесь наш кляйнэ Зафодзік, ферштэйн?...»
Але далей пачуць нічога не ўдалося, бо праз зону, у якой наладка радыёпрымача рэагуе на рухі, праляцеў электраловак. Зафод абярнуўся і, раз’ятраны, згледзеў Трыліян – аловак шпурнула менавіта яна.
– Э-э! Ты што творыш? – абурыўся Зафод.
Трыліян пагрукала пальцамі па экране, поўным нейкіх лічбаў.
– Я сёе-тое прыдумала,- адказала яна.
– І што, праз гэта трэба перарываць выпуск навінаў, які інфармуе пра мяне?
– Ты ўжо ведаеш пра сябе дастаткова.