Выбрать главу

– Малаваценька, – працягваў Зафод Біблброкс, злёгку прысвіснуўшы.

– Ага, – пагадзілася Трыліян і гулліва глянула на яго.

– Гэтую вялікую таямніцу Неймавернага трэба яшчэ патлумачыць. Бачу, неймавернасць разгулялася тут напоўніцу. І калі мы атрымалі такі мізэрны вынік, дык, пэўна, мусіла адбыцца нешта фантастычна неверагоднае.

Зафод Біблброкс нашкрэбаў колькі лічбаў, закрэсліў іх, потым адшпурнуў аловак.

– Халера-венера, не падлічыць!

– Ну, і што далей?

Зафод Біблброкс у раздражненні сутыкнуў дзве свае галавы і заскрыгатаў зубамі.

– Добра, хай сабе, – раптам прамовіў ён справавым тонам. – Камп’ютару!

Галасавыя ланцугі вярнуліся да жыцця.

– Чагоські? Здароўкі! – сказалі яны і адразу ж выскачыла білетная стужка. – Мой клопат – зрабіць ваш дзень лепшым, прыгажэйшым, дасканалейшым...

– Ясна, добра. Завалі дынамік і палічы сёе-тое для мяне.

– Ды як рэпу згрызці, – загаманіў камп’ютар. – Вы хочаце прагноз імавернасці, які грунтуецца на...

– Ага, давай, падлічы імавернасць.

– Файна, – працягнуў камп’ютар. – Крыху цікавай інфармацыі: вам ніколі не прыходзіла да галавы, што людскія жыцці кіруюцца тэлефоннымі нумарамі?

На адным з твараў Зафода Біблброкса – а неўзабаве і на другім – з’явілася грымаса пакуты.

– Ты што, зусім з працэсараў з’ехаў?

– Пакуль не, але вы сам глузданецеся, калі даведаецеся, што...

У Трыліян заняло мову. Яна стала націскаць кнопкі на кібер-штурмане Рухавіка Неймавернасці.

– Тэлефоннымі нумарамі? – перапытала яна. – Гэтая агрэгаціна сказала «тэлефоннымі нумарамі»?

На экране высвеціліся лічбы.

Камп’ютар з ветлівасці зрабіў паўзу, але хутка прыпусціў ізноў:

– Я толькі хацеў сказаць...

– Не хаці! – парабіла яго Трыліян.

– Зірні, што гэта? – выгукнуў Зафод Біблброкс.

– Не ведаю, але тыя два прыбышы ўжо ідуць на капітанскі масток разам з нашым нікчэмным робатам... – адказала Трыліян. – Ці можам мы іх злавіць на якую-небудзь камеру?

13

Марвін валачыўся па калідоры, працягваючы енкі:

– І, вядома, з левага боку яшчэ дыёды зашчымелі...

Артур, ідучы побач, змрочна перапытаў:

– Што, праўда баліць?

– Ага, – адказаў Марвін. – Я ж прасіў замяніць мяне, але ўсім напляваць.

– Я цябе разумею.

3 вуснаў Фольксвагена зляцеў няўцямны свіст і зумканне.

– Касмічныя ўгоднікі! – ціхенька выгукнуў Фольксваген. – Зафод Біблброкс...

Знянацку Марвін, спыніўшыся, выпрастаў руку.

– Вы ж, пэўна, ведаеце, што зараз адбудзецца?

– Не, і што ж? – перапытаў Артур, які, вядома, не меў аніякага жадання таго ведаць.

– Мы падышлі да яшчэ адных дзвярэй.

Гэта былі рассоўныя дзверы-люк, якія вялі ў калідор. Марвін падазрона зіркнуў на іх.

– І?.. Дык мы пойдзем праз іх ці што? – пацікавіўся Фольксваген, трацячы цярплівасць.

– «Пройдзем праз іх», – здзекліва пераняў Марвін голас Фольксвагена. – О, так! Гэта ж уваход на капітанскі масток... І мне загадалі даставіць вас сюды. Я ўвогуле не здзіўлюся, калі канваяванне станецца самым інтэлектуальна складаным заданнем для мяне за ўвесь сённяшні дзень.

Пакрысе, з вялікай агідаю, ён наблізіўся да дзвярэй, усё роўна як нейкі паляўнічы, што пільнуе сваю ахвяру. Дзверы імкліва рассунуліся.

– Дзякуй вам, – сказалі дзверы, – за тое, што зрабілі звычайныя дзверы вельмі шчаслівымі.

У металёвай грудзіне Марвіна ўсё заклекатала.

– Здурнець можна! – жалобным рэчытатывам прамовіў Марвін. – Толькі ты пачынаеш думаць, што горш ужо няма куды, як раптам робіцца яшчэ паганей.

3 апошніх намаганняў ён прапхнуўся праз дзверы, пакідаючы Фольксвагена і Артура пазіраць адзін на аднаго і пацепваць плячыма. Яны пачулі Марвінаў голас, які сыходзіў з наступнага памяшкання:

– Вось, калі ласка, прыбышы з космасу, – сказаў ён. – Дык як вам лепей: каб я сеў у кут і заіржавеў там, ці застаўся на месцы і пакрысе разваліўся стоячы?

– Ага, Марвіне, давай іх сюды, – пачуўся голас некага яшчэ.

Артур глянуў на Фольксвагена і са здзіўленнем заўважыў, што той усміхаецца.

– А чаго ты?..

– Ціху! – сыкнуў на яго Фольксваген. – Заходзь.

І прайшоў на капітанскі масток.

Артур, знерваваны, паследваў за ім. Ягонаму здзіўленню не было межаў, калі ён убачыў чалавека, які гойдаўся на крэсле, паклаўшы ногі на кантрольную дошку, і чысціў зубы сваёй правай галавы левай рукой. Правая галава, здавалася, заглыбілася ў свае справы, але левая ашчэрылася шырока, разняволена, бестурботна. Колькасць рэчаў, якіх не магло быць у прынцыпе, – зашкальвала. Артур адчуў, што яго сківіца ўдарылася ў грудзі.