Выбрать главу

– Гэта быў Зафод? – выгукнуў Фольксваген.

– Так, – сказаў Артур, зіркаючы на Зафода і намагаючыся не выглядаць няўдахам. – Але тады ў яго было толькі дзве рукі і ўсяго адна галава, і называў ён сябе Філам, і я...

– ...І ты мусіш прызнацца, што ён сапраўды прыляцеў з іншай планеты, – прамовіла Трыліян, падышоўшы да іх з іншага боку капітанскага мастка.

Яна адарыла Артура прыязнай усмешкай, якая прыпячатала яго да зямлі, не раўнуючы як тона цаглін. Потым Трыліян зноў занялася кіраваннем зоркалёта.

На некаторы час запанавала ціша, і тут з разварушаных мазгавых звілін Артура на свет божы выцерабілася:

– Трыліян Макмілан? – вымавіў ён. – А ты што тут робіш?

– Тое, што і ты, – адказала яна. – Я прагаласавала, і мяне падабралі. Апроч таго, куды можна прыткнуцца выпускніцы з дыпломам па матэматыцы і яшчэ адным па астрафізіцы? Выбар быў просты: пачаць свой тыдзень на зоркалёце або ў чарзе па грашовую дапамогу для беспрацоўных у цэнтры занятасці насельніцтва.

– Бясконцасць мінус адзін, – прамармытаў камп’ютар. – Поўная сума неймавернасцяў.

Зафод Біблброкс азірнуўся, потым глянуў на Фольксвагена, на Артура і ўрэшце – на Трыліян.

– Трыліян, – вымавіў ён. – Дык што, усякія такія выбрыкі адбывацьмуцца кожны раз, што мы будзем уключаць рухавік Бясконцай Немагчымасці?

– Баюся, гэта цалкам імаверна, – адказала Трыліян.

14

«Залатое Сэрцайка» бязгучна ляцела праз касмічную цемру – цяпер на старой добрай фатоннай цязе. Чатыром сябрам экіпажу было непамысна, бо яны адчувалі, што разам іх звёў не акт свабоднай волі ці якое банальнае супадзенне, а хутчэй нейкае кур’ёзнае вычварэнне фізічных законаў – нібыта нехта паспрабаваў давесці, што стасункі паміж людзьмі падпарадкоўваюцца тым самым законам, якія кіруюць адносінамі міжатамамі і малекуламі.

Калі на салон карабля спусцілася штучная ноч, дык кожны з сяброў экіпажу быў рады зашыцца ў асобнай каюце, каб сабрацца з думкамі і даць усім падзеям годныя тлумачэнні.

Трыліян не спала. Яна сядзела на канапе і пазірала на маленькую клетку, у якой варушыліся дзве белыя мышы – яе апошняя сувязь з планетай Зямля. Трыліян дамаглася таго, каб Зафод Біблброкс дазволіў узяць іх з сабою на зоркалёт. Яна, можа, ад пачатку і не мела намераў вяртацца на Зямлю, аднак яе моцна засмуціла ўласная абыякавасць да сумнай навіны. Катастрофа падавалася такой далёкай і нерэальнай, ажно ніякія думкі не ішлі Трыліян да галавы. Яна пазірала, як мышы варушацца ў клетцы ды скачуць шалёным галопам па пластыкавым коле, пакуль гэтае відовішча не захапіла яе цалкам. Раптам яна адхіснулася і вярнулася на капітанскі масток, каб пабачыць дробныя зіхоткія знічкі і рыскі. Іх пакідаў за сабою карабель, рухаючыся праз касмічную бездань. Трыліян пашкадавала, што не можа здагадацца, аб чым гэта яна стараецца не думаць.

Зафод Біблброкс не спаў. Яму таксама зрабілася прыкра, што ён не ведае, аб чым ён гэта сам сабе забараняе думаць. Колькі Зафод Біблброкс сябе памятаў, ён заўсёды пакутаваў ад невыразнага, абрыдлівага адчування, што частка яго самога знаходзіцца не з ім. Большасць часу ён даваў гэтаму адчуванню рады: запіхваў дакучлівую думку куды падалей ці проста стараўся на яе не зважаць, але нечаканае і невытлумачальнае з’яўленне Фольксвагена Гольфа і Артура Дэнта вярнула тое адчуванне зноў. Чамусьці яму падалося, што гэтая падзея ёсць часткай галаваломкі, якую ён не ў стане бачыць цалкам.

Фольксваген Гольф не спаў. Ён быў надта ўзрушаны думкай пра вяртанне ў шэрагі дзейных аўтаспыннікаў. Якраз тады, калі надзеі амаль не засталося – пятнаццаць гадоў фактычна турэмнага зняволення скончыліся. Сумеснае непрацяглае падарожжа з Зафодам Біблброксам абяцалася стацца бліскучай прыгодай, аднак ва ўсім гэтым спатканні са стрыечным шваграм нешта Фольксвагену муляла і прымушала заставацца напагатове. Навіна пра тое, што Зафод Біблброкс зрабіўся Прэзідэнтам Галактыкі, Фольксвагена проста агаломшыла. Тое самае можна сказаць пра аповед пра Зафодавы спосаб пакінуць займаную пасаду. Але што насамрэч хавалася за гэтым спектаклем? Пытацца пра гэта самога Прэзідэнта Галактыкі рацыі няма: падаецца, ён сам, творачы што-кольвек, проста шукае гузаў на лоб. Ого, гэты Прэзідэнт Галактыкі – абавязкова штуку адпаліць! На ўсе жыццёвыя перашкоды Зафод Біблброкс налятаў з мяшанкай выкшталцонай таленавітасці і шчырага галавацяпства, і часцяком было цяжка адрозніць першае ад другога.

Артур спаў: ён вельмі стаміўся.

У дзверы Зафода Біблброкса нехта пагрукаў. Дзверы адсунуліся.