Выбрать главу

– Зафодзе?

– Ага?

У авале святла абмалявалася постаць Трыліян.

– Здаецца, мы толькі што знайшлі тое, што шукалі.

– Што, праўда?!

Фольксвагену звесці вочы не ўдалося. У куце ягонай каюты прымайстраваўся маленькі камп’ютар з клавіятурай. Фольксваген сеў да яго і паспрабаваў укласці артыкул пра воганаў для «Падарожнай кніжкі», але не здолеў адшукаць трапных шпілек і скласці ніводнага з’едлівага пасажу, а таму кінуў гэты занятак і, ухутаўшыся ў халат, пайшоў на шпацыр да мастка.

Пабачыўшы там дзве постаці, якія ўсхвалявана вывучалі нешта, схіліўшыся над прыборнай дошкай, Фольксваген здзівіўся.

– Бачыш? Карабель хутка трапіць на арбіту, – казала Трыліян. – Тут нейкая планета. На тых самых каардынатах, якія ты і прадказаў.

Зафод Біблброкс пачуў шум і падняў вочы ўгору.

– Фольксвагене! – сыкнуў ён. – Хадзі сюды – зірні.

Фольксваген падышоў і зірнуў. На экране зіхцеў шэраг лічбаў.

– Пазнаеш гэтыя галактычныя каардынаты? – запытаў Зафод Біблброкс.

– Не.

– Я дам табе падказку... Гэй, камп’ютару!

– Здароўкі, мальцы! – імпэтна адгукнуўся камп’ютар. -

Пажондная кампанія тут збіраецца, як я пагляджу...

– Завалі дынамік і пакажы выгляд за бортам! – сказаў Зафод.

Святло на капітанскім мастку патухла. Экраны зазіхцелі, і іх святло адбілася ў чатырох парах вачэй, якія выглядалі неба звонку.

Але на экранах была абсалютная чарната.

– Пазнаеш? – прашаптаў Зафод.

Фольксваген насупіўся.

– Ды не... – адказаў ён.

– Што бачыш?

– Нічога.

– Пазнаеш?

– Ты ўвогуле пра што?!

– Мы ў Туманнасці Конская Галава. Адна аграмадная хмара цемрадзі.

– І пра ўсё гэта я мушу даведацца з абсалютна пустога экрана?

– Адзінае месца, дзе ў Галактыцы можна ўбачыць абсалютна цёмны экран, – гэта самае сэрца цёмнай туманнасці.

– Цудоўна, – адгукнуўся Фольксваген.

Зафод Біблброкс рассмяяўся. Выдавала на тое, што ён быў чымсьці моцна, амаль па-дзіцячы ўсхваляваны:

– А-ёй, гэта ж страх як выдатна, а не проста цудоўна!

– Дык чаму захраснуць у цёмнай хмары – незямны кайф і мроя над мроямі? – пацікавіўся Фольксваген.

– А што ты чакаў тут знайсці? – налягаў Зафод Біблброкс.

– Ды нічога.

– І ні зорак, ні планет?

– Не, нічога.

– Гэй, камп’ютару! – крыкнуў Зафод Біблброкс. – Павярні вугал агляду на сто восемдзясят градусаў і пры гэтым ні гуку!

Спярша падалося, што нічога не змянілася, але потым на краёчку вялізнага экрана бліснула зыркае святло. Па экране прапаўзла чырвоная зорка велічынёю з талерку, а за ёй другая – была тое сонечная сістэма з падвойнымі сонцамі. Пасля з’явіўся вялізны месяц, абрэзаны палямі экрана – ён адкінуў чырвоны цень на чарнільную цемру, – начны бок планеты.

– Я знайшоў яе! – закрычаў Зафод Біблброкс, грукаючы кулаком па корпусе прыборнай дошкі. – Я знайшоў яе!

Збянтэжаны, Фольксваген утаропіўся ў швагра.

– Што знайшоў?

– Планету... – загаманіў Зафод Біблброкс. – Самую неверагодную планету за ўсю гісторыю космасу!

15

Вынятак з «Падарожнай кніжкі для аматараў Галактычнага аўтаспыну», старонка 634784, раздзел 5А. Назва артыкула – «Магратэя»;

«Некалі, у сутонні старадаўніх часоў, у вялікія векапомныя дні былой Галактычнай Імперыі, жыццё было бурлівае, заможнае і збольшага не абкладзенае падаткамі. Магутныя зоркалёты аралі касмічныя прасторы між экзатычных сонцаў, шукаючы ў далёкасяжных абшарах Галактыкі прыгодаў і ўзнагарод. У тыя дні дух быў бадзёры, працэнты па дэпазітах – высокія, мужчыны былі сапраўднымі мужчынамі, жанчыны – сапраўднымі жанчынамі, а маленькія футравыя істоты з Альфа-Цэнтаўры адпаведна – сапраўднымі маленькімі футравымі істотамі з Альфа-Цэнтаўры. Усе як адзін адважна сустракалі небяспеку тварам да твару, усім пагалоўна быў уласцівы нечуваны гераізм, і ў адзін пагодны дзень абсалютна ўсе даастатку без ваганняў і дакораў сумлення сталі мазаць масла проста на хлеб. Менавіта гэтак паўстала-выкавалася велічная Імперыя.

Вядома: шмат хто з людзей зрабіўся фантастычна багаты, але гэтае назапашванне капіталу было абсалютна натуральнай з’явай, якой не варта саромецца, бо горкіх бедакоў не існавала – прынамсі сярод вартых узгадаў асоб. Аднак жыццё ўсіх паспяховых бізнэсоўцаў і купцоў няўхільным парадкам пакрысе зрабілася нуднаватым і раздражняльным. Увесь цяжар за гэтую нуду багатыры ўскладалі на краявіды і клімат родных планет. Цяпер нічога не прыносіла ім задавальнення: то надвор’е адвячоркам нейкае не лагоднае, то дзень доўжыцца на паўтары гадзіны больш, чым трэба, то мора падчас заходу сонца няправільнага ружовага колеру...