Гэтак паўсталі перадумовы для ўзнікнення новага віду індустрыі: элітнай планетабудовы на замову. Калыскай элітнай планетабудовы зрабілася Магратэя. Тут, на Магратэі, каб стварыць планеты чыёйсьці мроі, гіперкасмічная інжынерыя высмоктвала матэрыю з белыхдзіраку касмічным вакууме. І выштукоўвала планеты з золата. Рабіла плацінавыя планеты, гумовыя планеты з частымі землятрусамі, – усё было старанна выбудоўвана з мэтаю задаволіць усё новыя і новыя прыхамаці самых заможных людзей Галактыкі.
Індустрыя элітнай планетабудовы квітнела, ажно па невялікім часе Магратэя сама зрабілася найзаможнейшай планетай усіх часоў, пакуль рэшта Галактыкі, даведзеная планетабудаўнікамі да торбы, ужо трэсла латкамі.
І тады сістэма ляснула: Імперыя развалілася, і панурая моўча апанавала мільярдамі галодных планет. Моўчу перарываў толькі рып асадак шкаляроў, якія ўначы карпелі над сваімі дапытлівымі рэферацікамі па ацэнцы планавай планетэканоміі.
Сама ж Магратэя знікла, і памяць пра яе хутка перасялілася ў сутонлівы лес легендаў. У нашыя высокакультурныя, асвечаныя дні, ясная рэч, абсалютна ніхто не верыць ў яе існаванне».
16
Артур прачнуўся ад таго, што нехта спрачаўся ўголас. Ён вырушыў да капітанскага мастка. Там размахваў рукамі Фольксваген.
– Зафодзя, ты псіх, – казаў ён. – Магратэя – плёткі старой цёткі. Аб ёй бацькі баяць сыночкам і дачушкам перад сном, каб іхнія малыя выраслі эканамістамі. Гэта, гэта...
– ...Планета, у чыю арбіту мы зараз трапілі, – настойваў Зафод Біблброкс.
– Слухай, можа, асабіста ты і трапіў у ейную арбіту, – парыраваў Фольксваген, – але наш карабель...
– Гэй, камп’ютару! – крыкнуў Зафод Біблброкс.
– Ой, толькі не ён...
– Здароўкі, мальцы! Гаворыць Эдзі, ваш бартавы камп’ютар. Я ў добрай форме і гуморы, і калі вы парупіцеся выпусціць супраць мяне на рынг якую-небудзь свежую праграму, дык я буду рады павыбіваць ёй усе біты.
Артур запытальна глянуў на прысутную тут Трыліян. Яна на мігах запрасіла далучыцца да іх, але загадала зрабіць гэта моўчкі.
– Гэй, камп’ютару! – паўтарыў Зафод Біблброкс. – Скажы нам нашыя каардынаты.
– Ды няма базару, мальцы, – прамармытаў камп’ютар. – У гэтую самую хвілю мы ляцім па арбіце і знаходзімся на вышыні пяцьсот кіламетраў над легендарнай планетай Магратэяй.
– Балбатаць што на рот лезе можа ўсякі! – запярэчыў Фольксваген. – Я б не даверыў гэтаму кампу нават вагу маю зважыць!
– Ды як рэпу грызці – для вас усё што заўгодна, – імпэтна забалбатаў камп’ютар, працягваючы выплёўваць білетную стужку. – Калі трэба, дык у дадатак з дакладнасцю да адной мільённай я вызначу псіхалагічныя праблемы вашай асобы.
Але тут улезла ў гутарку Трыліян:
– Зафодзе, мы ў любы момант можам трапіць на светлы бок планеты, – сказала яна. – Як бы яна ні называлася...
– Што ты хочаш сказаць?! Гэта і будзе тая самая планета, пра якую я і казаў!
– Так, згода, гэта планета. Я ні з кім не хачу спрачацца – адно хіба мушу заўважыць, што не адрозню Магратэю ад любога іншага кавалка халоднай скалы. Проста хутка світанак.
– Добра. добра, – прамармытаў Зафод Біблброкс. – Давай прынамсі паглядзім на хараство. Камп’ютару!
– Здароўкі! Што я магу...
– ...Ты можаш заваліць дынамік і яшчэ раз паказаць нам планету.
Цёмная безаблічная груда зноў запоўніла экран – пад імі бегла паверхня планеты. Якую хвілю яны моўчкі сузіралі яе, тым часам як Зафод Біблброкс ад хвалявання не знаходзіў сабе месца.
– Мы пакідаем начны бок планеты, – хутка вымавіў ён.
Пад імі ўсё круціцца планета.
– Да паверхні цяпер пяцьсот кіламетраў, – працягваў Зафод Біблброкс.
Ён зноўспрабаваў аднавіцьурачыстае пачуццё, якое, на яго думку, павінна было выклікаць гэтае імгненне. Магратэя! Яго падсцябнула скептычная грымаса Фольксвагена. Магратэя!
– Праз лічаныя секунды мы павінны ўбачыць...
Гляньце! – выгукнуў Зафод Біблброкс.
І гэты момант настаў. Нават абцёрханы галактычнымі пералётамі дасведчаны аўтаспыннік не здолеў бы стрымаць свайго захаплення ад гэтага велічнага відовішча – усходу сонца, убачанага з арбіты. А тут жа ў дадатак разгортваўся ўсход двух сонцаў – адзін з найяскравейшых цудаў Галактыкі.
Суцэльную чэрань знянацку працяла сляпучае святло. Набрыняўшы, павялічыўшыся ў памерах, яно пырснула ва ўсе бакі тонкімі, падобнымі да сярпа, лёзамі. Праз лічаныя секунды з’явіліся два сонцы. два светлавыя агмені, што апалілі белымі языкамі чорныя берагі далягляду. Пад імі ў празрыстай атмасферы няўмольнымі дзідамі акрэсліліся шматкаляровыя лініі.