Выбрать главу

– Бач – дзянніца! – стаіўшы дыханне, прамовіў Зафод Біблброкс. – Сонцы-блізнюкі, Ярыла і Яморда.

– Ці якія іншыя сонцы-блізнюкі... – прабурчэў Фольксваген.

– Не, гэта Ярыла і Яморда! – упарціўся Зафод Біблброкс.

Сонцы выбліснулі ў касмічнай прасторы, і царкоўная музыка ў нізкіх рэгістрах напаіла паветра капітанскага мастка. Гэта кплівым тонам нешта перапяваў Марвін – ягоная нелюбоў да людскога роду проста не ведала межаў.

Назіраючы за грандыёзным светлавым відовішчам, што разыгрывалася перад імі, Фольксваген проста палаў ад узрушэння, але толькі ад самога выгляду дзіўнай, невядомай яму планеты. Яго крыху раздражняла, што Зафод Біблброкс дзеля нейкіх сваіх мэтаў дастаў на свет божы і ўскідваў усім на вочы гэтую вартую смеху байку. Гісторыя пра Магратэю падавалася Фольксвагену здзяцінелай лухтой. Хіба ж не дастаткова захапляцца хараством пекнага саду і адначасова не прымушаць сябе верыць, што ў ім жывуць чароўныя феі?

Артур увогуле не ўцяў, да чаго тут усе гэтыя магратэянскія сагі. Ён падышоў да Трыліян і спытаў яе, аб чым гаворка.

– Я адно ведаю, што казаў на гэты конт Зафод, – прашаптала яна. – Іхняя Магратэя – такая сабе сівая легенда, у якую цяпер ніхто не верыць. Як Атлантыда на Зямлі. Хіба іхняя легенда кажа, што на Магратэі людзі будавалі планеты.

Гледзячы на экран, Артур міргнуў, адчуўшы, што яму чагосьці страшэнна бракуе. І раптам ён уцяміў, чаго менавіта.

– А на гэтым зоркалёце ёсць гарбата?

Калі «Залатое Сэрцайка» пранеслася па сваёй арбітальнай траекторыі, воку адкрылася яшчэ больш планетных абсягаў. Сонцы цяпер высока стаялі ў чорным небе – піратэхніка ўсходу ўжо адстралялася, і пры звычайным дзённым святле паверхня планеты выявілася панурай і брыдкай. Шэрай, запыленай, з невыразнымі контурамі рэльефу. Усё выглядала змярцвела і вусцішна, нібы ў якім склепе.

Час ад часу на даляглядзе вымалёўваліся інтрыгоўныя абрысы: цясніны, можа быць, горы ці нават гарады, але калі зоркалёт набліжаўся, лініі дрыгацелі, рабіліся невыразнымі, і потым усё акрэсленае знікала. Рэльеф планеты размыўся ад часу, ад павольнага руху млявага разрэджанага паветра, што слалася па паверхні стагоддзе за стагоддзем.

Відавочна гэта была старая, вельмі старая планета.

Назіраючы, як пад імі бяжыць шэры краявід, Фольксвагена кальнула сумненне. Неабдымнасць часу ўстурбавала яго, ён адчуў ягоную прысутнасць. Адкашляўшыся, ён сказаў:

– Нават робячы дапушчэнне, што гэтая планета – Магратэя...

– Гэта і ёсць Магратэя!

– ...А гэта не Магратэя, – працягваў Фольксваген. – Нават дапускаючы, што гэта Магратэя, што ты тут забыў? Тут жа нічагусенькі няма!

– На паверхні – няма, – стаяў на сваім Зафод Біблброкс.

– Хай сабе, давай дапусцім, што там, у глыбінях, сапраўды нешта ды ёсцека. Але ж, я спадзяюся, ты тут зусім не дзеля археалагічных раскопак? Дык што табе тут трэба?

Адна галава Зафода Біблброкса зірнула ўбок. Другая галава таксама зірнула ўбок, каб пабачыць, на што касавурыцца першая, але там асабліва не было на што глядзець.

– Ну, прычын, чаму я заляцеў сюды, некалькі, – бестурботна адказаў Зафод Біблброкс. – Часткова таму, што мне цікава, часткова таму, што я шукаю прыгодаў і гуза на лоб, але ў асноўным мой учынак моцна замешаны на славалюбстве і грошалюбстве.

Фольксваген зірнуў на яго строга. Ён ніяк не мог пазбыцца моцнага ўражання, што сам Зафод не мае ані найменшага паняцця, чаму ён сюды прыляцеў.

– Ведаеш, не даспадобы мне гэтая планета, – з трымценнем у голасе прамовіла Трыліян.

– Ат, не бяры да галавы, – пачаў супакойваць Зафод Біблброкс. – Маючы палову скарбаў былой Галактычнай Імперыі, Магратэя можа дазволіць сабе выглядаць крыху неахайна.

«Вярзе абы-што, – сказаў самому сабе Фольксваген. – Нават дапускаючы, што гэта калыска старадаўняй цывілізацыі, якая цяпер ператварылася ў попел, нават дапускаючы вялікую колькасць надзвычай неймаверных рэчаў, усё роўна быць таго не можа, каб купа каштоўных скарбаў захавалася тут хоць у якой форме і не страціла сваёй каштоўнасці і цяпер».

Ён пацепнуў плячыма:

– Я ўпэўнены, што гэта мёртвая планета і толькі таго.

– Невядомасць мяне проста поедам есць, – паскардзіўся Артур.

У нашыя дні стрэс і стан нервовай напругі лічаць сур’ёзнай грамадскай праблемай ва ўсіх частках Галактыкі і таму, – дзеля таго, каб сітуацыя ні ў якім разе не пагоршылася, – варта зрабіць так, каб далейшае развіццё падзеяў было выкладзена загадзя: