Выбрать главу

Пруток адламаўся. Зоркалёт раптоўна закруціла і панесла на ўздым. Каманду бязлітасна раскідала па капітанскай кабіне. Асобнік «Падарожнай кніжкі для аматараў Галактычнага аўтаспыну», які належаў Фольксвагену, адляцеў да процілеглай секцыі панэляў кіравання, і электронная кніга пачала голасам тлумачыць усім, хто жадаў слухаць, пра найлепшы спосаб правозіць кантрабандай з Антарэі гланды антарэянскіх чаюкоў-даўгахвосцікаў.

Экіпаж з цікавасцю даведаўся, што чаюковыя гланды на палачцы – агідная, але шалёна папулярная закуска-дэлікатэс, на якую грашавітыя дурні, хочучы ўразіць іншых грашавітых дурняў, выдаткоўваюць неймаверныя грошы.

Тымчасам зоркалёт каменем паваліўся з неба.

У гэтую самую секунду – плюс-мінус імгненне – нехта з каманды пасадзіў сіняк на перадплеччы. Пра гэта варта было згадаць, бо, як ужо высветлілася, ва ўсім астатнім усе выйшлі жывымі і здаровымі, а смерцяносныя атамныя ракеты такі не пацэлілі ў зоркалёт.

Бяспека экіпажа найперш.

– Мальцы, дваццаць секунд да сутыкнення, – сказаў камп’ютар.

– Дык уключай ужо, халера-венера, рухавік! – зароў Зафод Біблброкс.

– Вядома, будзе зроблена, мальцы, – сказаў камп’ютар. 3 далікатным пошумам рухавікі другім разам увамкнуліся, і, выйшаўшы са свайго піке, зоркалёт зноў апынуўся перад ракетамі.

Тым часам камп’ютар пачаў спяваць:

– Што мне снег, што мне гной, што па шапцы руберойд, – загугнявіў ён, – калі мае мальцы са мной!

Зафод Біблброкс крыкам загадаў камп’ютару заваліць дынамік, але яго голас патануў у шуме таго, што можна акрэсліць як «хуткі гамон».

– Што мне «кан-», што мне «-вой», што гасцініца «Савой»! – працягваў скавытаць Эдзі.

Карабель, які выйшаў з піке, па праўдзе кажучы, выйшаў з піке дагары нагамі, ажно цяпер прыціснуты да столі экіпаж быў не ў змозе дацягнуцца да панэляў кіравання.

– На мядзведзя я, мальцы, выйду не з-пад пугі, – зумкаў Эдзі.

Грымотна несучыся да зоркалёта, дзве ракеты самавітым чынам намаляваліся на экране.

-...Калі будуць там зайцы, што танцуюць бугі!

Па неверагодна памысным збегу акалічнасцяў яны не змаглі цалкам узгадніць свой курс з пакручастым курсам бязладнага зоркалёта, і таму ў гэты момант апынуліся проста пад ім.

– Цяжка ў шапцы, Манамах? Запрасі царэўну! Тут я штосьці не дапяў, там я штосьці не ўцяў – я дэбіл, напэўна!

І дадаў:

– Паводле новых, выпраўленых, звестак, пятнаццаць секунд да сутыкнення, мальцы...

Ракеты з гудам зрабілі шырокую пятлю і, даўшы нырца, селі зоркалёту на хвост.

Назіраючы за іхнімі віражамі, Артур зазначыў:

– Ну вось – цяпер ужо дакладны, безварыянтны капец.

– Ну, колькі можна не спускаць з языка: «нам капец, нам капец»?! – гняўліва азваўся Фольксваген.

– Добра, не буду больш. Але ж праўда, капец?

– 3 крыжыкам.

– Калі мае мальцы са мной! – зноў нараспеў прагугнявіў Эдзі.

Раптам у Артура завялася ідэя. Ён ускочыў на ногі.

– Слухайце, можа, давайце ўлучым гэты Рухавік Неймавернасці? – сказаў ён. – Мы ж калі вельмі захочам, дык зможам да яго дацягнуцца.

– Ты што, здурнеў? – ускінуўся на Артура Зафод Біблброкс. – Без належнага праграмавання ўсё можа пайсці дагары нагамі.

– Дык чаго ўжо баяцца? – закрычаў у адказ Артур.

– Што мне «ай», што мне «ой», што мне «я», «мяне» і «мной», – выводзіў свае спевы Эдзі.

Артур ускараскаўся на адныя, надзвычай вытанчаныя, літыя краткі, дзе крывая сцяны сустракалася са столлю.

– Калі мае мальцы са мной!...

– Можа, хто скажа, чаму Артур не можа ўлучыць Рухавік Неймавернасці? – закрычала Трыліян.

– Што мне дожджык з кіслатой! Пяць секундаў да сутыкнення. Прыемна было з вамі пазнаёміцца, мальцы! Хай дабраславіць і ўсцеражэ вас Бо... Ка-лі ма-е маль-цы са мной!

– Паслухайце, – падала голас Трыліян. – Можа, хто скажа ўрэшце...

Пасля гэтага адбыўся запамарочны выбух гуку і святла.

18

А пасля выбуху здарылася тое, што «Залатое Сэрцайка» працягнула сваё падарожжа ў цалкам звыклым рэжыме – бадай з крыху палепшаным інтэр’ерам. Капітанская каюта зрабілася прасторнейшай, а сценкі і столь атрымалі вытанчаныя пастэльныя адценні зялёнага і блакітнага. Пасярэдзіне каюты ўзвышаліся пакручастыя сходы, аплеценыя папараццю і нейкімі жоўтымі кветкамі. Сходы нікуды асабліва не вялі. Побач з імі на каменнай пліце, падмурку якогасьці сонечнага гадзінніка, стаялі клавіятура і дысплей галоўнага камп’ютара. Па-майстэрску ўсталяваныя па ўсёй каюце свяцільнікі і люстэркі стваралі ілюзію аранжарэі, нібыта сузіраеш шырокі прасцяг вытанчана падстрыжанага саду. Па абводзе аранжарэі на далікатных каваных ножках стаялі столікі з мармуровымі стальніцамі. Калі вы пачыналі пільна ўзірацца ў іх паліраваную мармуровую паверхню, паўпразрыстыя прылады, ледзьве абмаляваныя, рабіліся бачнымі, а як толькі вы дакраналіся да стала, дык прылады матэрыялізоўваліся ў вашай руцэ. Зазірнуўшы ў люстэрка пад розным вуглом, можна было ўбачыць адлюстраванне ці не ўсіх патрэбных камп’ютарных звестак (дарма што было няўцям, з якой паверхні яны адлюстроўваюцца). Адным словам, шыкбляск, вачэй не адвесці.