Выбрать главу

Іх адразу адхвастаў сцюдзёны сівер. Хутаючыся ад холаду, экіпаж ступіў на трап, які вёў да неўрадлівага пылу Магратэі.

– Працэсарам чую – усё скончыцца слязьмі, – пракрычаў наўздагон Эдзі, бразнуўшы за імі люкам.

Праз пару хвілін ён адчыніў і зачыніў уваходны люк зноў – згодна з абсалютна нечаканай камандай, якая заспела яго знянацку...

20

Па неўрадлівым грунце павольна сунуліся пяць постацяў. Грунт сям-там быў панура-шэры, у іншых месцах – панура-руды, рэшта ж яго – яшчэ менш цікавай воку каляровай гамы. Наваколле выглядала як балота пасля меліярацыі: пазбаўленае хоць якой расліннасці і пакрытае трохсантыметровым слоем пылу. Было сцюдзёна.

Найбольш гэты краявід прыгнятаў Зафода Біблброкса. Ён валачыўся, не паспяваючы за астатнімі, і неўзабаве знік з вока за невялічкім грудком.

Вятрыска джаліў Артуравы вочы і вушы, а цяжкае прарэджанае паветра сціскала горла. Аднак найвялікшым раздражняльнікам для хлопца стаўся ўласны мозг.

– Апупенна... – вымавіў Артур, і гук яго ўласнага голаса непрыемна завібраваў увушшу.

Прарэджанае паветра кепска праводзіла гук.

– А па мне – дзіч і пустка! – заныў Фольксваген. – Сярод кашэчых гаўняшак і то цікавей.

Фольксваген адчуў, як мацнее яго раздражненне. Чаму з усёй процьмы зорных сістэм у Галактыцы – а большасць іх кішма-кішэла жыццём, экзотыкай і прыгодамі, – пасля пятнаццаці гадоў турмы яго собіла трапіць у гэтакую глухмень?! Ні табе хоць шапіка з хотдогамі на даляглядзе. Ён пахіліўся і зачарпнуў камяк зямлі – пад камяком таксама не было нічога вартага падарожжа даўжынёю ў тысячу светлавых гадоў.

– Не дуры, – пачаў абараняць планету Артур. – Ты што, не разумееш, я ўпершыню стаю на паверхні іншай планеты?.. На паверхні абсалютна чужога свету! Адно шкада: гэты новы свет – поўныя дзюркавічы.

Трыліян скурчылася ад холаду. Яе працялі дрыжыкі. Яна насупілася. Яна гатовая была паклясціся, што краёчкам вока згледзела амаль незаўважны шпаркі рух. Аднак азірнуўшыся, убачыла адно зоркалёт, нерухомы і маўклівы, за сто метраў за іхнымі спінамі.

Супакоілася Трыліян праз якую секунду, калі злавіла вокам Зафода Біблброкса, што стаяў на краі стромы і махаў, запрашаючы астатніх падысці.

Выдавала на тое, што Біблброкс быў чымсьці моцна ўзрушаны. аднак ніхто не дачуў, што ён там крычаў – усё праз прарэджаную атмасферу планеты.

Падышоўшы да краю стромы, усе зразумелі, што ейны бераг выгінаўся колам, уфармоўваючы вырвішча метраў сто пяцьдзясят у папярэчніку. Зямля на сценках вырвішча была спярэшчаная чорнымі і чырвонымі камякамі. Усе спыніліся і зірнулі ў цэнтр. Змесціва нагадвала вадкую гуму. 3 агідаю вандроўнікі выявілі, што гэта свежае мяса кашалота.

На краі вырвішча яны сустрэліся з Зафодам Біблброксам.

– Зірніце, – сказаў ён, паказваючы ў сярэдзіну.

Там самотна ляжаў раскіданы шкілет кашалота. Жывёліна не паспела пажыць дастаткова, каб расчаравацца ў жыцці. Цішу парушалі адно гукі міжвольных прыступаў млосці, якія вырываліся з горла Трыліян.

– Спадзяюся, закопваць гэтага кашалота няма сэнсу, – прамармытаў Артур і тут жа пашкадаваў пра свае словы.

– Хадзем, – сказаў Зафод Біблброкс і пачаў першы спускацца ў вырвішча.

– Чаго, туды, на дно? – спытала Трыліян з непрыхаванай гідотаю.

– Туды, – пацвердзіў Зафод Біблброкс. – Я вам сёе-тое пакажу.

– Мы і так сёе-тое бачым, – занатурылася Трыліян.

– Ды не кашалота пакажу, – настойваў Зафод Біблброкс. – Іншае сёе-тое. Давайце, хадзем.

Усе завагаліся.

– Гайда, уперад! – напіраў Зафод Біблброкс. – Я знайшоў уваход.

– Уваход? – з гідлівасцю ў голасе перапытаў Артур.

– Уваход у нутро планеты! Падземны лёх. Ад сутыкнення кашалота з паверхняй з’явіўся пралом – таму нам туды. У самыя кішкі часу, куды не ступала нага жывой істоты, мусіць, пяць мільёнаў гадоў...

Марвін зноў пачаў свае саркастычныя напевы.

Зафод Біблброкс даў Марвіну плескача і той заваліў дынамік.

Працятыя дробнымі дрыжыкамі вандроўнікі з гідлівасцю паследвалі па схіле за Зафодам Біблброксам, спрабуючы не глядзець на гаротнага творцу вырвішча.

Марвін горка заўважыў:

– Жыццё... Яго трэба ненавідзець ці не заўважаць, бо любіць не ўдасца.

У месцы, дзе кашалот ударыўся аб планету, абсыпаўся грунт, адкрываючы вокусетку галерэяў і праходаў, загрувашчаных валунамі і кашалотавымі вантробамі. Зафод Біблброкс пачаў быў расцярэбліваць уваход у адзін з такіх праходаў, але Марвін даў рады значна хутчэй. 3 цёмных праломаў тхнула вільгаццю. Калі Зафод пасвяціў туды ліхтарыкам, у пыльнай імгле яны толкам нічога не ўбачылі.