Зафод Біблброкс замаўчаў. Некаторы час панавала ціша. Потым ён нахмурыўся і сказаў:
– Мінулай ноччу я праз гэта ўсё не спаў. Праз думку, што частка майго мозгу хутчэй за ўсё не працуе як мае быць. 3 часам яшчэ прыйшло да галавы, што нехта іншы, без майго ведама і згоды, карыстаецца маім жа мозгам, каб прадукаваць слушныя ідэі. Я супаставіў дзве думкі разам і прыйшоў да высновы, што хтосьці іншы наўмысна заблакаваў частку майго мозга – вось чаму я не магу ёй паслугавацца. І вось я ўрэшце задаўся пытаннем, ці можна нейкім чынам даведацца, так гэта ці не...
Зафод Біблброкс працягваў:
– Я пайшоў у медпункт нашага зоркалёта і зрабіў сабе энцэфалаграму. Я зрабіў усе асноўныя віды сканаванняў сваіх абедзвюх галоваў. Вынікі ўсіх іншых тэстаў, якія я прайшоў пад кіраўніцтвам дзяржаўных медыкаў перад вылучэннем сваёй кандыдатуры ў прэзідэнты, былі агалошаныя публічна, але яны не выявілі анічога. Прынамсі, нічога новага і нечаканага. Яны пацвердзілі, што я лёгкі на язык спрытнюга, зацяты фантазёр, здрадлівы пазёр, – адным словам, нічога новага. І ніякіх іншых анамалій. Тады я пачаў рабіць сабе новыя аналізы, абсалютна адвольна – і зноў нічога ніякага. Тады я паспрабаваў перакласці вынікі тэстаў з адной галавы на другую. Нуль, пуста-пуста. Урэшце я адмовіўся ад новых захадаў, палічыўшы, што ўся гэтая ад’яда сэрца – адно прыступ параноі. Апошняе, што я зрабіў, перш чым канчаткова здацца: я ўзяў здымак з накладзенымі адзін на адзін вынікамі і паглядзеў на іх праз зялёны спектр. Памятаеш, калі я быў малым хлопчыкам, я заўсёды меў забабоны наконт зялёнага колеру? І адначасова заўсёды хацеў зрабіцца пілотам на зоркалётах бетэльгейзіянскай гандлёвай выведкі?
Фольксваген кіўнуў.
– І раптам усё стала на свае месцы, – працягнуў Зафод Біблброкс. – У сярэдняй частцы абодвух мазгоў два кавалкі мазжачкоў злучаліся толькі адзін з адным і ні з якімі іншымі часткамі вакол сябе. Нейкія мярзотнікі электрычнасцю перапалілі ўсе сумежныя сінапсы і гэтак зрабілі ліха цэламу кавалку мозга.
Фольксваген глянуў на яго агаломшана. Трыліян спалатнела.
– Ты думаеш, нехта залез табе ў галаву?
– Ага.
– Але ты, можа, ведаеш, хто гэта зрабіў? Ці з якое прычыны?
– 3 якое прычыны – я толькі магу здагадвацца. Аднак я даведаўся, як іх завуць.
– Даведаўся іхнія імёны?! Якім чынам?
– Яны выгравіравалі свае ініцыялы на прыпаленых кончыках нервовых сінапсаў. Схацелі, відаць, каб я тыя ініцыялы прачытаў.
Фольксваген, ашаломлены, зіркнуў на Зафода і адчуў, як па яго скуры пабегла дрыготка.
– Ініцыялы? На паверхні тваіх мазгоў?
– Ага...
– Дык кажы ты ўжо якія!
Які момант Зафод Біблброкс моўчкі пазіраў на іх. Потым адвёў позірк.
– «З.Б.», – ціха вымавіў ён.
У гэтае самае імгненне за іхнімі спінамі заструменіліся долу стальныя жалюзі, і ў пакойчык пачаў паступаць газ.
Пакуль усе трое трацілі прытомнасць, Зафод Біблброкс здушаным голасам вымавіў: «Рэшту я распавяду потым».
21
Паверхню Магратэі прасаваў ботамі пануры Артур. Каб сябру было чым заняцца, прадбачлівы Фольксваген пакінуў яму свой асобнік «Падарожнай кніжкі для аматараў Галактычнага аўтаспыну». Артур адвольна націснуў колькі клавіш.
«Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну» – нераўнамерна адрэдагаванае выданне з кучай пасажаў, якія ў свой час падаліся тадышняму рэдактару ўдалымі і дарэчнымі.
Адзін з такіх пасажаў (якраз на яго натрапіў Артур) распавядаў пра гісторыю аднаго маладзёна з імем Віт Ваяжыч, ціхмянага студэнта з Максімегагалонскага ўніверсітэта. Намагаючыся зрабіць бліскучую кар’еру, Віт Ваяжыч вывучаў старажытную філалогію, ператворную этыку і хвалёва-гарманічную тэорыю гістарычнага прымання. Аднойчы пасля ночы ў таварыстве Пангалактычнага Мазгатрушча і Зафода Біблброкса, Ваяжыч зрабіўся апантаным праблемай знікнення ўсіх шарыкавых асадак, якія ён панакупляў за апошнія гады.