Выбрать главу

Затым паследваў доўгі перыяд карпатлівых пошукаў: Ваяжыч абнікаў Галактыку і адведаў, адну за адной, усе планеты, якія былі эпіцэнтрам страты шарыкавых асадак. Урэшце ён прапанаваў арыгінальную тэорыйку, якая ў свой час моцна ўзвярэдзіла ўяўленне публікі. «Далёка-далёка ў космасе, – сцвярджала гэтая тэорыйка, – побач з планетамі, населенымі гуманоідамі, рэптылоідамі, рыбоідамі, хадзячымі дрэвоідамі ды звышразумным адценнем блакітнага, круціцца таксама планета, цалкам аддадзеная на водкуп шарыкава-асадкавым формам жыцця. І менавіта туды на ПМЖ кіруюцца ўсе пакінутыя без нагляду асадкі. Яны ціхенька даюць драла праз чарвяточыны ў прасторы. Яны ведаюць, што на гэтай планеце змогуць весці свой непаўторны шарыкава-асадкавы лад жыцця, рэагуючы на вельмі адметныя шарыкава-асадкавыя раздражняльнікі, – і ў цэлым імкнучыся да шарыкава-асадкавага эквіваленту шчасця і дабрабыту».

Усё было складна і суладна, аж пакуль аднойчы Віт Ваяжыч не абвесціў, што сапраўды знайшоў гэтую планету і што каторы час нават працаваў там кіроўцам лімузіна ў адной сям’і танных асадак-пстрычак зялёнага колеру. Як вынік – Ваяжыча выкінулі з вучобы, узялі падпіску пра нявыезд. Ваяжыч напісаў кнігу, пасля чаго быў вымушаны даць драла за мяжу, бо не сплаціў падаткаў за публікацыю, – звычайны лёс усіх тых, хто фанатычна прагне выставіць сябе ідыётам на публіцы.

Калі ж па касмічным адрасе, на якім настойваў Ваяжыч, аднойчы паслалі навуковую экспедыцыю, экспедыцыя сапраўды адкрыла невялічкі астэроід, населены адным-адзінюсенькім пенсіянерам-пустэльнікам, які шматкроць прысягнуў мамай і таткам, што ніякіх асадак на ягонай планеце не было і ў паміне няма (аднак гэтае сведчанне па некаторым часе выявілася непрыхаванай хлуснёю).

І, ясная рэч, засталіся пытанні, на якія не знайшлося адказаў: адкуль браліся загадкавыя шэсцьдзясят тысяч альтаірскіх талераў, якія штогод спраўна паступалі на рахунак пенсіянера-пустэльніка ў «З’ешНеЭканомьБанк», а таксама што гэта за неверагодна паспяховы шахер-махер з асадкавым сэканд-хэндам, на якім Зафод Біблброкс грэб дурныя грошы?

Прачытаўшы гэтую гісторыю, Артур адклаў кнігу ўбок.

Робат, млявы і абыякавы да жыцця, па-ранейшаму стаяў скурчаны на сваім месцы.

Артур падняўся і пакрочыў да вяршыні вырвішча. Абышоўшы яго наўкола, ён глянуў на абодва сонцы, што велічна закочваліся за Магратэю.

Артур вярнуўся ў вырвішча і пабудзіў робата. Нават калі твой суразмоўца – маніякальна-дэпрэсіўны робат, гэта ўсё лепей, чым нікога.

– На ноч бярэцца, – заўважыў Артур. – Зірні, робаце, па небе зоркі рассыпаліся...

Калі глядзіш з самага сэрца цёмнай туманнасці, дык зорак асабліва не ўбачыш, а хай сабе і ўбачыш, дык усё роўна яны будуць выглядаць бляклымі. Пры ўсім тым гэтае відовішча вартае ўвагі. Марвін паслухмяна зірнуў на зоркі, а потым зноў апусціў вочы.

– Бачу, – прамовіў ён. – Паскудства ж, так?

– А памятаеш заход сонца?! Я такога хараства і ўявіць не мог!.. Ажно два сонцы! Усё роўна як два вулканы зажыва зварыліся ў космасе.

– Ды бачыў я – ось дзе брыдота! – прамовіў Марвін.

– У нас дома было толькі адно сонца, – не сунімаўся Артур. – Я ж прыляцеў, як ты памятаеш, з планеты Зямля.

– Ведаю, – адказаў Марвін. – Вечна ты пра яе трындоліш. Кашмарная планетка з жудаснай гісторыяй!

– Не! Гэта была цудоўная планета!

– А на ёй былі акіяны?

– Анягож, – выдыхнуў Артур. – Велічная сінь акіянаў, што пагойдваліся ў сваёй бязмежнасці...

– Кадук іх бяры... – прамовіў Марвін.

– Ты ў калектыве з іншымі робатамі як, сябруеш з кім? – пацікавіўся Артур.

– Варагую, з усімі да апошняга. Ты куды?

Артур не мог больш трываць робата і падняўся зноўку.

– Пайду, яшчэ разочак папрастаю ногі, – адказаў ён.

– Я цябе не вінавачу, – сказаў Марвін і паспеў налічыць у думках пяцьсот дзевяноста сем мільярдаў авечак, перш чым праз якую секунду не занурыўся ў сон.

Артур паляпаў сябе па тулаве, каб заахвоціць кроў працаваць з трохі большым імпэтам. І пацёгся да вырвішча.

Паколькі атмасфера была прарэджаная і не было месяца, ноч спусцілася на планету надзвычай імкліва. Зрабілася цёмна хоць на воўка лезь. Праз гэтую суцэльную цямрэчу Артур малай драбніцай не ўплішчыўся ў нейкага дзядка.

22

Дзядок стаяў да Артура спінаю, назіраючы за апошнімі ясачкамі святла, што патаналі ў цямрэчы паза даляглядам. Дзядок быў у вялікіх гадах. Высокі ростам, апрануты ў доўгі балахон. Калі ён паварочваўся, дык адкрываўся ягоны твар: вытанчаны, крыху змардаваны, аднак злосці ў ім не адчувалася, – банкіру з такім абліччам вы б з радасцю даверылі свае ашчаджэнні. Але дзядок яшчэ не павярнуўся – нават пакуль што не зрэагаваў на Артураў выгук.