Выбрать главу

Урэшце апошнія промні сонца цалкам згаслі, і тады дзядок павярнуўся. Ягоны твар па-ранейшаму заставаўся асветлены, і калі Артур стаў шукаць вачыма крыніцу святла, то за колькі метраў убачыў нейкі транспартны сродак. «Кампакт-лятак на паветранай падушцы» – здагадаўся Артур. Лятак разліў вакол сябе няяркае азярцо святла.

Аблічча дзядка, які глянуў на Артура, падалося замаркочаным.

– Ты абраў халодную ноч, каб наведаць нашу мёртвую планету, – урэшце вымавіў дзядок.

– Хто... хто вы такі? – запінаючыся, вымавіў Артур.

Дзядок адвёў позірк. Пачуццё маркоты, здаецца, яшчэ раз адбілася ў яго на твары.

– Няважна, як мяне завуць, – адказаў ён.

Выдавала, яго штосьці моцна турбуе. А ўцягвацца ў гутарку, адчувалася, ён не жадаў. Артуру зрабілася не па сабе.

– Як... вы... мяне напалохалі... – няскладна прагаварыў ён.

Мужчына зноў павярнуўся да Артура, крыху прыўзняўшы брыво.

– Га-а?

– Я кажу – вы мяне заспелі знянацку.

– Не трывожся, я супраць цябе нічога не маю.

Артур нахмурыўся.

– Але ж вы смалянулі па нас ракетамі! – абурыўся ён.

Дзядок зірнуў на вырвішча. Святло з Марвінавых вачэй пакідала размытыя плямы на вялізным шкілеце кашалота.

Дзядок хіхікнуў.

– Аўтаматычная сістэма, – прамовіў ён, і з яго вуснаў вырваўся дробны ўздых. – Старадаўнія камп’ютары, адлічваючы панурыя тысячагоддзі, гібеюць у вантробах Магратэі, а пражытыя гады не найлепшым чынам адбіліся на іх запыленай электроннай памяці. Думаю, яны выпусцілі ракеты абы пусціць, прагнаць аднастайную тупамернасць свайго існавання.

Дзядок самавіта глянуў на Артура і дадаў:

– Я, бач, трохі цямлю ў навуках.

– Э-э... праўда? – перапытаў Артур, які праз дзіўную памяркоўнасць дзядка пачаў ставіцца да суразмоўцы з асцярогай.

– Ага, – пацвердзіў дзядок і яго голас перасёкся.

– А-а, – сказаў Артур, – э-э...

Дзіўным парадкам ён адчуў сябе палюбоўнікам з анекдота, заспетым у ложку з чужой жонкай, калі муж раптам завітвае ў спальню, пераапранае штаны, кідае пару дробных заўваг наконт надвор’я і сыходзіць сабе зноў.

– Ты выглядаеш трохі ніякавата, – сказаў дзядок, а ў голасе яго адчуўся ветлівы клопат.

– Э-э... ды не. Але так. Разумееш, насамрэч мы не чакалі тут нікога знайсці. Я так меркаваў, што вы ўсе тут ужо даўно зямельку парыце...

– Думаў, мы памёрлі?! – здзівіўся дзядок. – Касмічныя ўгоднікі, не! Мы ўсяго толькі заснулі.

– Заснулі? – у сваю чаргу здзівіўся Артур.

– Ну, так, праз эканамічны крызіс, – адказаў дзядок, якога яўна не турбавала, разумее яго Артур ці не.

– Дык, кажаце, эканамічны крызіс?

– Ну, разумееш, пяць мільёнаў гадоў таму эканоміка Галактыкі ляснула, і, беручы пад увагу тое, што планетабудоўля – паслуга не для бедных, мы...

Ён зрабіў паўзу і ўтаропіўся ў Артура.

– Ты ж у курсе, што мы будуем планеты? – спытаўся дзядок з урачыстымі ноткамі ў голасе.

– У курсе, – адказаў Артур. – Я падумаў быў, што...

– Хавайся ў бульбу якая цікавая прафесія! – працягваў дзядок, а ягоныя вочы пакрыла настальгічная плёнка. – Асабіста я ўнадзіўся рабіць прыбярэжную лінію. Як жа я цешыўся жытцы, па драбках канструюючы ф’ёрды!.. Дык вось, – дзядок зноў паспрабаваў ухапіцца за нітку размовы, – аднойчы настаў эканамічны спад і мы падумалі, што ашчадзім сабе шмат сіл і нерваў, калі проста пераспім яго. Мы запраграмавалі камп’ютары, каб тыя абудзілі нас, калі крызіс міне.

Дзядок задушыў у горле скрушны ўздых і працягнуў:

– Камп’ютары падключаныя да рынкавых табло на Галактычнай таварна-сыравіннай біржы і павінны разбудзіць нас, калі іншыя планеты змогуць аздаравіць эканоміку настолькі, каб дазволіць сабе нашу элітную планетабудоўлю, наш нятанны сэрвіс.

Артур, сталы чытач «Guardian», быў шакаваны такім дзелавым ухопам.

– Але ж гэта забаронены прыём!

– А, сапраўды? – далікатна перапытаўся дзядок. – Выбачайце, я крыху не ў курсе сучаснай маралі.

Тут дзядок паказаў на вырвішча, што расцілалася знізу.

– Робат твой? – запытаўся ён.

– Не, – пачуўся кволы металічны галасок з кратару. – Я – мой.

– Які ён робат! Гэта ж электроннае прыстасаванне па распаўсюдзе маніякальна-дэпрэсіўных настрояў.

– Хай ён падыдзе, – загадаў дзядок.

Артур быў здзіўлены пачуць рашучыя ноткі, што знянацку пракінуліся ў голасе дзядка. Дзядок паклікаў Марвіна, які і так і сяк удаваў, быццам кульгае.

– Але па добрай развазе, дык хай застаецца, дзе стаяў, – сказаў дзядок. – А вось ты мусіш пайсці са мною. Нас чакаюць вялікія справы.