Ён павярнуўся да свайго летака, які, здавалася, без хоць якога адмысловага сігналу з боку гаспадара праз цемру пад’ехаў бліжэй да іх.
Артур згары ўніз зірнуў на Марвіна, які зноў паказваў не менш бліскучы спектакль: натужліва і як бы з апошніх высілкаў ён цёгся назад у вырвішча, пакрыўджана мармычучы пры гэтым сабе пад нос нейкую гняўлівую тыраду.
– Хадзем, – сказаў дзядок. – Хадзем пакуль не позна.
– Позна? – перапытаў Артур. – Позна для чаго?
– Як цябе клічуць, чалавеча?
– Дэнт, Артур Дэнт.
– Хто жэніцца запозна, у таго жана грыпозна, спадару Дэнтартурдэнце, – сувора прамовіў дзядок. – Гэта, так бы мовіць, такая народная прымаўка-папярэджанне.
У яго стомленых вачах яшчэ раз пракінуўся выраз замаркочанасці.
– Я ніколі не быў спецам у пагрозах, але, кажуць, яны часам вельмі эфектыўныя.
Артур міргнуў.
– Вялікі арыгінал, – прамармытаў ён.
– Выбачай, што ты сказаў? – пацікавіўся дзядок.
– Ат, нічога, прашу прабачэння, – збянтэжана прамовіў Артур. – Добра, згода, дык куды ісці?
– У мой лятак, – адказаў дзядок, жэстам прапануючы Артуру зайсці ў транспартны сродак, які завіс побач. – Мы выправімся ў нетры планеты, дзе ў гэты самы момант наша раса прачынаецца пасля пяцімільённагадовай дрымоты. Магратэя абуджаецца.
Сеўшы поруч з дзядком, Артур міжволі здрыгануўся. Дзіўная, нязвыклая сітуацыя, ціхуткае пагойдванне летака, пакуль ён ідзе наўздым у начное неба, – Артур адчуў сябе не ў сваёй талерцы.
Ён глянуў на дзядка: старэчы твар асвятляўся прыцішаным святлом дробных агеньчыкаў – то знізу тачылася святлом прыборная дошка.
– Прашу прабачэння, – прамвіў Артур. – А як, дарэчы, вашае імя?
– Маё? – перапытаў дзядок, і зноўку тая самая замаркочанасць пракінулася ў ягоных вачах. Дзядок зрабіў паўзу.
– Маё імя, – зноў загаварыў ён, – Пердылюбібляйц.
Артур папярхнуўся.
– Выбачайце, як-як? – прамармытаў ён.
– Пердылюбібляйц, – паўтарыў дзядок.
– Пярды... што?
Дзядок сур’ёзна глянуў на яго.
– Я ж кажу, гэта абсалютна няважна, – сказаў ён.
Лятак плыў праз ноч.
23
Часам рэчы не такія, якімі яны здаюцца, – гэта досыць істотная і вартая ўвагі рэмарка. Напрыклад, на планеце Зямля чалавек заўжды меркаваў, што ён разумнейшы за дэльфінаў. Чалавек аргументаваў гэта тым, што людскі род вынайшаў гэтак шмат: кола, Нью-Ёрк, войны і г.д. да т.п. – у процівагу дэльфінам, якія толькі й рабілі, што спаражняліся ў ваду і дурэлі ў поўны рост. Аднак, са свайго боку, дэльфіны таксама былі перакананыя, што вянец прыроды якраз яны – і мелі падобную аргументацыю.
Цікавая заўвага: дэльфіны з самага пачатку ведалі пра няўхільны знос планеты Зямля і рабілі безліч спробаў папярэдзіць чалавецтва пра небяспеку. Аднак большасць дэльфінавых спробаў выйсці на кантакт трактавалася людзьмі як забаўныя дзеянні, калі, падштурхнуўшы мячык або свіснуўшы ў свісцёлку, дэльфін хоча атрымаць пачастунак.
Урэшце дэльфіны плюнулі на марныя высілкі паразумецца з чалавецтвам і незадоўга да візіту воганаў па сваіх каналах пакінулі Зямлю.
Самае апошняе паведамленне, якое даслалі дэльфіны людзям, было патлумачана тымі як надзвычай складаны падвойны скачок з паваротам праз абруч з адначасовым высвістываннем амерыканскага гімна.
Але ж насамрэч паведамленне казала:
«Бывайце здаровы і дзякуй за рыбку!»
Калі ўжо на тое, дык адзін біялагічны від на Зямлі быў разумнейшы нават за дэльфінаў. Яго прадстаўнікі бавілі шмат часу, праседжваючы ў лабараторыях. Вывучаючы людскія паводзіны, яны бегалі ў сярэдзіне колаў і рабілі неверагодныя ў сваёй вышуканасці вопыты на людзях. А тое, што людзі зноўку няправільна тлумачылі сабе гэтыя паводзіны, было абсалютна сугучна далёкасяжным планам гэтага віду.
24
Праз халодную цемру бязгучна слізгаў кампакт-лятак – адна-адзінюткая пляма святла сярод глыбокай магратэянскай ночы. Лятак набіраў вялікую хуткасць. Магратэянін, здавалася, канчаткова занурыўся ва ўласныя думкі, і толькі Артур спрабаваў завязаць размову, дзядок адказваў пытаннем на пытанне: цікавячыся, ці зручна Артуру сядзець, такім чынам перапыняючы гутарку.
Артур спрабаваў вылічыць хуткасць палёту, але іх атуляла нагэтулькі густая цемра, што арыенціраў не было і знаку. У дадатак, пачуццё палёту глушылася і змякчалася – Артур нават з цяжкасцю даваў веры, што яны ўвогуле не стаяць на месцы.
Па каторым часе ўдалечыні з’явілася плямка святла, аднак ужо праз лічаныя секунды яна так разраслася, што Артур зразумеў: яна з каласальнай хуткасцю насоўваецца проста на іх. Артур паспрабаваў даўмецца, што гэта за транспарт такі. Ён ускінуў на святло вочы, але згледзець формы і памеры плямы не выпадала. Як падалося задыханаму Артуру, раптоўна лятак рушыў напярэймы. да немінучага сутыкнення. Адносная хуткасць плямы здавалася проста астранамічнаю, і Артур не паспеў нават выдыхнуць перад тым, як усё паспяхова скончылася. Наступнае. што ён адчуў: з усіх бакоў іхні лятак, здаецца, атачыла непадумная срэбная клякса. Ён павярнуў галаву і ўбачыў маленькую чорную кропку, якая імкліва памяншалася недзе далёка за спінай. І толькі праз некалькі секунд Артур сцяміў, што адбылося.