Выбрать главу

Яны далі нырца ў падземны тунэль, а адзіным прадметам, які перасоўваўся ў прасторы, быў лятак. Ён развіў неймаверную хуткасць адносна крыніцы святла – нерухомай дзіркі ў зямлі. Гэта быў уваход у тунэль. Неверагодная ж срэбная клякса зрабілася круглымі сценкамі тунэля, праз якія лятак і шмыгануў з хуткасцю, мабыць, некалькі тысяч кіламетраў на гадзіну.

Артур з жахам заплюшчыў вочы.

Праз пэўны адцінак часу, вымераць які Артур нават не паспрабаваў, падалося, што хуткасць падае, і неўзабаве зямляніну стала зразумела, што лятак запаволіўся для таго, каб мякка прыпыніцца.

Артур зноў расплюшчыў вочы. Яны па-ранейшаму ляцелі ў срэбным тунэлі. Лятак працярэбліваў свой шлях праз тое, што можна было акрэсліць як суплёт скрыжаваных тунэляў. Калі лятак урэшце спыніўся, іх абступіла невялікая, абабітая сталлю пячора.

Тутсама заканцоўвалася яшчэ пара-тройка тунэляў, і ў дальнім куце пячоры Артур згледзеў вялікую пляму цьмянага святла ў форме кола. Пляма выклікала раздражненне. Яна цвяліла, бо гулялася з вачыма – не дазваляла сфакусавацца і вызначыць адлегласць да сябе. Артуру прыйшла да галавы думка (дарэчы, памылковая), што гэтае святло можа быць ультрафіялетам.

Пердылюбібляйц павярнуўся і надзяліў Артура позіркам маркотных старэчых вачэй.

– Зямлянін, – урэшце развязаў язык Пердылюбібляйц. – Мы цяпер глыбока ў сэрцы Магратэі.

– А скуль ты здагадаўся, што я зямлянін? – захацеў даведацца Артур.

– Хутка ўсё-ўсенькае для цябе праясніцца, – уважна адказаў дзядок. – Ці прынамсі, – тут у ягоны голас пратачылася лёгкая няўпэўненасць, – усё зробіцца яснейшым, чым цяпер.

Пердылюбібляйц працягнуў:

– Мушу папярэдзіць, што пячора, у якую мы толькі што заляцелі, не існуе ўнутры нашай планеты... Бо пячора для гэтага крышачку... завялікая. Хутка мы пройдзем праз неаглядную прастору гіперкосмасу, і ад гэтага табе можа зрабіцца моташна.

3 вуснаў Артура зляцеў знерваваны ўскрык.

Пердылюбібляйц націснуў кнопку і дадаў фразу, якую цяжка было назваць супакаяльнай:

– Мяне штораз ад гэтага дрыготка працінае. Трымайся штомоцы!

Лятак шугануў проста ў кола святла, і Артур тут жа атрымаў поўнае ўяўленне пра тое, як выглядае бясконцасць.

Калі быць дакладным, гэта не была сапраўдная бясконцасць. Сама бясконцасць выглядае банальна і нецікава. Глядзець на бясконцасць – гэта ўсё роўна, што ўзірацца ў начное неба: далячынь неймаверная, і ўбачанае адтуль губляе ўсякі сэнс. Пячора, у якую прашыўся лятак, была чым заўгодна, толькі не бясконцасцю. Ну, хіба вельмі-моцна-дужа вялікім абшарам. Нагэтулькі вялікім, што складвалася дасканалае ўражанне неабсяжнай бясконцасці, якое само па сабе вымоўнейшае за самую бясконцасць.

Ад каласальнай хуткасці, якую развіў лятак, Артура зводзіла з розуму. Лятак з пасажырамі працярэбліваўся праз адкрыты космас, а брама, праз якую яны прайшлі, засталася па-за іхнімі спінамі дробнай блішчынкай на зіхоткім муры.

Мур.

Мур паказваў сваю поўную перавагу над чалавекам, заганяючы розум і ўяўленне чалавека ў казіны рог.

Мур узвышаўся сапраўдным гмахам – ажно ягоную вяршыню, падмурак і бакавыя межы няможна было ўбачыць вокам. Зірнуўшы на той мур, чалавек мог проста памерці ад вострага прыпадку галавакруту.

Мур, здавалася, быў абсалютна плоскім. Толькі найдасканалейшае лазернае абсталяванне магло выявіць, калі ён караскаўся ў бясконцасць, калі галавакрутна струменіўся долу, а калі шалёна разлятаўся ў два бакі, дык той мур яшчэ і загінаўся.

Мур сустракаўся сам з сабою праз трынаццаць светлавых секунд. Іншымі словамі, мур быў абалонкай пустой сферы, якая мела пяць мільёнаў кіламетраў у папярэчніку і была да верху залітая фантастычным святлом.

– Ласкава запрашаем... – прамовіў Пердылюбібляйц, пакуль гэты драбок, які называўся летаком, прыпусціў утрая шпарчэй за хуткасць святла, амаль неадчувальна для пасажыраў прашываючыся праз неймаверна-неверагодныя прасторы космасу. – Ласкава запрашаем, – паўтарыў Пердылюбібляйц, – у наш цэх зборкі.