Выбрать главу

Артур глянуў на яго з пачуццём, якое можна акрэсліць як «зачараваная ашаломленасць». Перад імі каля невыразных сферычных аб’ектаў, у касмічным бязмежжы на пэўнай адлегласці, – адлегласці, якую Артур не змог ні дакладна ацаніць, ні нават хоць прыблізна прыкінуць, – лунала цэлая група дзіўных завісяў і выкшталцоных клубкоў, складзеных з металу і агню.

– Тут, чалавеча, – працягнуў Пердылюбібляйц, – мы зрабілі большасць нашых планет.

– Ты хочаш сказаць, што... пасля перапынку... вы зноў жадаеце ўзяцца за сваё... рамяство? – запытаўся Артур, з натугаю падбіраючы словы.

– Не, далібог не! – выгукнуў дзядок. – Галактыка пакуль што не здольная плаціць за нашыя паслугі. Што ты! Мы прачнуліся, каб выканаць адну такую спецзамоўку... Для адных нашых вельмі... важных кліентаў з іншага вымярэння. Думаю, цябе зацікавіць.... Ён перад табою, вунь дзе...

Артуравы вочы праследавалі за пальцам Пердылюбібляйца, аж пакуль зямлянін не згледзеў сферу, што лунала ў пустэчы. Гэта, уласна кажучы, была адна са шматлікіх канструкцый, ля якіх хоць нешта дзеілася, хоць тая дзейнасць была надта нязначная, каб на яе было варта паказваць пальцам...

Аднак у гэты самы момант выбліск асвятліў сферу і з усёй выразнасцю выявіў нанесены на яе корпус арнамент. Арнамент, выдатна знаёмы Артуру, арнамент, чые няроўныя, часам падобныя да кляксаў абрысы былі такія ж звыклыя, як і выгляд простых ангельскіх словаў. Арнамент, які ўжо даўно ператварыўся ў неад’емную частку Артуравых мазгоў. Пакуль убачаная карціна вандравала па закутках ягонай свядомасці, намагаючыся да чаго-небудзь там прыляпіцца і набыць хоць які сэнс, сам Артур на нейкую секунду сеў у ашаломленай моўчы.

Адна частка Артуравага розуму цвердзіла, што ён цудоўна ведае, на які аб’ект у гэты самы момант глядзяць ягоныя вочы і што азначаюць гэтыя абрысы. Іншая ж частка пайшла ў глухую непрызнанку, ухіляючыся ад усякай адказнасці ў гэтым пытанні.

Зноў шугануў выбліск, і гэтым разам сумневаў не засталося.

– Зямелька!.. – прашаптаў Артур.

– Ага, планета Зямля, – весела вымавіў Пердылюбібляйц. – Калі быць дакладным, дык яе рэзервовая копія. Мы тут робім копію з нашых старых чарцяжоў.

Запанавала паўза.

– Ты хочаш сказаць... – пакрысе прамовіў Артур, намагаючыся трымаць сябе ў руках, – што першапачаткова Зямлю стварылі вы?

– Анягож! – адказаў Пердылюбібляйц. – Ты калі-небудзь быў у месцы, якое называецца... мусіць... Нарвегія?

– Не давялося, – прамовіў Артур.

– Шкада, – сказаў Пердылюбібляйц. – Маіх рук справа. Нават архітэктурную прэмію атрымаў за яе. Усе гэтыя мілыя зломы ф’ёрдаў. Калі я пачуў пра знос планеты, знішчэнне Нарвегіі мяне засмуціла найбольш.

– Гэта вас яно засмуціла?!

– Ага. Якія пяць хвілін – і ўсё пазбылася сэнсу. Так яны напартачылі – хавайся ў бульбу!

– Га? – перапытаў Артур.

– Мышы былі злосці поўныя косці.

– Злосці поўныя косці?.. М-мышы?!

– Ну, так, мышы, – мякка адказаў Пердылюбібляйц.

– Дык я мяркую, што ўззлавалі таксама і сабакі, і коткі, і качкадзюбы...

– Гэта ўсё так, але ж фінансавалі ўсё не качкадзюбы.

– Паслухайце, вам жа гэта ашчадзіць шмат клопату і часу, калі я з’еду з глузду проста тут і зараз? – пацікавіўся Артур.

Пэўны час лятак імчаўся ў няёмкай моўчы.

– Зямлянін, чалавеча! – паспрабаваў усё цярпліва патлумачыць Пердылюбібляйц. – Твая родная планета і кіравалася, і ўтрымлівалася, і нават была замоўленая мышамі. Яе разбурылі воганы за пяць хвілін да выканання задання, дзеля якога яе і будавалі. І вось цяпер мышы просяць нас пабудаваць яшчэ адну Зямлю.

Артур толькі і здолеў вымавіць:

– М-мышы?

– Так ёсць,чалавеча.

– Паслухай, я перапрашаю, мы з табой гаворым пра адное і тое ж: футравых жывуноў, дробных такіх, зацыкленых на сыры, ад якіх жанчыны лезлі на стол у тэлекамедыях пачатку шасцідзясятых?

Пердылюбібляйц далікатна кашлянуў.

– Чалавеча, сачыць за тваёй манерай выказвацца – не на мае зубы. Не забывайся, я ж праспаў унутры Магратэі пяць мільёнаў гадоў і трошкі не ў курсе пра гэтыя твае «тэлекамедыі шасцідзясятых». Гэтыя жывуны, якіх вы клічаце мышамі, – не тыя, за каго сябе выдаюць. Яны – злучальны масток у нашым вымярэнні са светам звышінтэлектуальных шматвымерных істотаў. Таму ўсе выбрыкі з сырам і піскам – суцэльнае замыльванне вачэй.

Пердылюбібляйц зрабіў паўзу і, спагадліва склаўшы бровы домікам, працягнуў:

– Баюся, яны ставілі на вас вопыты.