Ніхто ў пакоі не заўважыў ягонага, такога нестандартнага, прыходу – яго ўсё роўна як не было. Ён ужо пачаў здагадвацца, што навакольныя падзеі – відэазапіс, які шасціканальна праектуецца ў яго мозг.
Пакой быў збольшага такі самы, як яго апісаў Пердылюбібляйц. За сем з паловаю мільёнаў гадоў яго як след даглядалі і прыблізна што стагоддзе прыбіралі і мылі. Панэль з ультрачырвонага дрэва паспела абслізгацца па беражку, кілім крыху выцвіў, але вялікі камп’ютарны працэсар у сваім глянц-парадку ўзвышаўся на скуры, якая абцягвала верх панэлі, гэтак, нібыта яго зрабілі ўчора.
Два строга апранутыя чалавекі самавіта занялі свае месцы перад працэсарам і сталі чакаць.
– Час амаль што прыспеў, – сказаў адзін, і Артур са здзіўленнем заўважыў, што ў прарэджанай карцінцы ля шыі прамоўцы раптам матэрыялізавалася два словы. Словы былі «сп. Ланквілоўскі». Паміргалі пару разоў і зніклі без следу. Да таго, як Артур паспеў перастрававаць убачанае, загаварыў другі мужчына, і словы «сп. Пшык» з’явілася ўжо ля ягонай шыі.
– Семдзясят пяць тысяч пакаленняў таму нашыя прашчуры запусцілі гэтую праграму, – сказаў другі мужчына. – І за ўсе гэтыя мільёнагоддзі мы зробімся першымі, хто пачуе, як камп’ютар прамаўляе.
– Здурнець можна, Пшыку, – згадзіўся першы чалавек. і знянацку да Артура дайшло, што ён глядзіць відэазапіс з субтытрамі.
– Мы зробімся першымі, хто пачуе Той Самы Адказ, – прамовіў Пшык. – Адказ на Вялікае Пытанне пра Сэнс Жыцця...
– Сусвет, – дадаў Ланквілоўскі.
– І Усё Такое!..
– Ціху! – засычэў Ланквілоўскі, дапамагаючы сабе жэстам. – Здаецца, Глыбакадумны будзе гаварыць!
На імгненне запанавала ціша, падчас якой панэль кіравання, што знаходзілася перад працэсарам, стала паволі вяртацца да жыцця. Загарэліся і зноў патухлі лямпачкі, выпрабоўваючы ўласныя сілы і наструньваючыся на працоўны лад. 3 камунікатыўных каналаў данёсся далікатны погуд.
– Добры дзень, – нарэшце павітаўся Глыбакадумны.
– Э-э... Дабрыдзень, о Глыбакадумны, – усхваляваным голасам вымавіў Ланквілоўскі. – Дык ці маеш ты той самы... э-э...
– Адказ? – велічна перапыніў яго Глыбакадумны. – Так, маю.
Двух мужчын працяла дрыготка нецярплівасці. Недарма яны чакалі!
– Той Самы Адказ? – выдыхнуў Пшык.
– Туды Самей няма куды, – запэўніў Пшыка Глыбакадумны.
– Адказ пра Усё Такое?.. Адказ на Вялікае Пытанне пра Сэнс жыцця, пра Сусвет і Усё Такое?
– Так.
Абодва мужчыны былі напагатове. Іх папярэдняе жыццё было адным доўгім падрыхтоўчым курсам: адразу пасля нараджэння іх адмыслова абралі на гэтую ролю, каб яны зрабіліся дыпламаванымі сведкамі гэтага імгнення. Але – от хоць ты што: калі тое імгненне настала, ім абодвум проста заняло мову. Ланквілоўскі і Пшык пачуваліся не раўнуючы як усхваляваныя першакласнікі.
– І ты гатовы даць яго нам? – выціснуў з сябе Ланквілоўскі.
– Гатовы, – адказаў Глыбакадумны.
– Зараз?
– Зараз.
Абодва мужчыны аблізнулі перасохлыя губы.
– Але мне падаецца, што вам ён не спадабаецца, – дадаў Глыбакадумны.
– Пляваць! – загарачыўся Пшык. – Нам трэба яго ведаць! Зараз жа!
– Зараз? – перапытаў Глыбакадумны.
– Так, зараз!
– Ну, добра, – пагадзіўся камп’ютар і зноў заглыбіўся ў моўчу. Мужчыны засоўгаліся ад нецярплівасці. Іх пачуцці напяліся дазвання.
– Вам ён, праўда, не спадабаецца, – зноў заўважыў Глыбакадумны.
– Кажы ўжо!
– Добра, – сказаў Глыбакадумны. – Той Самы Адказ на Вялікае Пытанне...
-Так!
– ... пра Сэнс Жыцця, пра Сусвет і Усё Такое... – працягваў Глыбакадумны.
– Так!!!
– ...Вось такі... – вымавіў Глыбакадумны і зрабіў паўзу.
– Давай!!!!!!!
– Такім чынам...
– Ну?!!!!!
– Сорак два, – з бязмежнай веліччу вымавіў Глыбакадумны і замаўчаў.
28
На доўгі, ox, які доўгі час усталявалася ціша. Краёчкам вачэй Пшык злавіў цэлае мора стурбаваных, напятых ад чакання твараў, якія запаўнялі пляц знадворку.
– Нас жа лінчуюць? – шэптам запытаўся ён.
– Не перабольшвай, – мякка прамовіў Глыбакадумны.
– «Сорак два»! – заверашчаў Лунквілоўскі. – Гэта ўсё, што ты можаш сказаць нам за сем з паловаю мільёнаў гадоў працы?
– Я скурпулёзна пераправерыў гэты адказ, – прамовіў камп’ютар. – І гэта, клаву на адсячэнне, менавіта Той Самы Адказ. А каб ужо быць абсалютна шчырым з вамі, дык дадам, што праблема палягае ў тым, што вы самі не надта ведаеце, як гучыць пытанне.
– Ведаем, ведаем пытанне! Гэта ж Вялікае Пытанне пра Сэнс Жыцця, пра Сусвет і Усё Такое, – заблагаў Лунквілоўскі.