Зафод глянуў на яго з горыччу.
– Халера-венера! – вылаяўся ён. – Вы разбудзілі мяне з майго дасканалага сну, а наўзамен упіхваеце чужыя мроі.
– Мы разбудзілі цябе толькі цяпер, бо папярэдняя планета была па калена ў рыбе, – дадала Трыліян.
– У рыбе?
– Некаторым людзям падабаюцца ўсялякія дзіўноты.
– А да рыбнай мы адведвалі плацінавую планету.
Нуднаватая трохі. Нам падумалася, што, можа, табе спадабаецца залатая.
Вакол, як кінуць вокам, расцілалася суцэльнае зіхценне.
– Хараство ж якое, – прабурчаў Зафод Біблброкс.
У небе з’явілася вялізная каталогавая лічба. Яна блішчэла і мяняла выгляд, а калі яны азірнуліся, дык наўкола зноў расцілаўся звычайны дол.
– Вой! – сказалі ўсе ў адзін голас.
Марская роўнядзь адлівала пурпурам. Пляж, на якім апынуліся вандроўнікі, быў ушпіляны жоўтымі і зялёнымі каменьчыкамі, з усяго відаць, страшэнна каштоўнымі. Горы на даляглядзе здаваліся пакатымі пагоркамі з чырвонымі ўзвышшамі. Зусім поруч стаяў пляжны столік, зроблены з чыстага срэбра, а побач тырчаў стракаты, ружова-ліловы, сонечны парасон бэзавага колеру, аздоблены махрой і кутасікамі.
У небе на замену каталогаваму нумару загарэўся вялізны надпіс:
«КУПЛЯЙЦЕ МАГРАТЭЯНСКАЕ!»
І потым пяцьсот абсалютна аголеных парашутыстак выскачылі з аблокаў.
Праз які момант усё знікла, і застаўся толькі веснавы выган. запоўнены статкам кароваў.
– Ой, мае мазгі! – запрычытаў Зафод Біблброкс.
– Ну, давай. кажы ўсё шчыра, – прамовіў Фольксваген.
– Дык вось, – пачаў Зафод Біблброкс, і ўсе трое селі, перастаўшы зважаць на ўсё новыя дэкарацыі, што паўставалі і знікалі вакол іх.
– Я зразумеў: што б там ні здарылася з маім мозгам, гэта зрабіў я. І зрабіў такім чынам, што ніякі аналіз, зыніцыяваны Галактычным Урадам, не ў стане мае ўмяшанні выявіць. І, ясная рэч, сам я пра свае ўмяшанні таксама нічога не ведаю... Я ж лухту вярзу?
Астатнія двое кіўнулі на знак згоды.
– Дык скажыце, напрамілы Бог, што такога сакрэтнага я ведаю, што не адкрываю нікому: ні Галактычнаму Ураду, ні нават сабе самому. Адказ на гэта мусіць быць: «Я не ведаю што». Далібог. Але я супаставіў факты і пачаў кеміць, што тут да чаго... Вось калі я пастанавіў балатавацца ў Прэзідэнты Галактыкі? Неўзабаве пасля смерці Прэзідэнта Юдэна Варанкса... Ты, Фольксвагене, памятаеш Юдэна?
– Памятаю, – адказаў Фольксваген. – Гэта той мужык, якога мы сустрэлі, калі былі дзецьмі. Капітан зоркалёта, газападобны арктурыянін. Ён даў нам пражаных каштанаў, калі ты праламіў уваходны люк у ягоны мегакарабель. Ён яшчэ казаў, што ты самы дзівосны хлопчык, якога ён толькі бачыў.
– Вы пра што? – запытала Трыліян.
– То даўняя гісторыя, – сказаў Фольксваген. – Мы гадаваліся разам на Бетэльгейзэ. Арктурыянскія мегакараблі займаліся перавозкамі аб’ёмных грузаў паміж галактычным Цэнтрам і зацішнымі закуткамі Сусвету. Бетэльгейзіянская гандлёвая выведка шукала для іх новыя рынкі збыту, каб паводле іхняй наводкі арктурыянцы змаглі дастаўляць туды сваю прадукцыю. Піраты былі тады істотнай праблемай (потым іх усіх павынішчалі ў бітве ля Фіялетавай Вады), і таму кожны мегакарабель аснашчалі ўсімі перадавымі абарончымі сродкамі, вядомымі галактычнай навуцы. Мегакараблі былі злавеснымі махінамі, вялізныя што жах. Трапіўшы на арбіту якой-небудзь планеты, яны маглі спрычыніцца да сонечнага зацьмення.
Фольксваген зрабіў паўзу.
– Аднойчы малы Зафодзя вырашыў скрасці адзін такі мегакарабель. І намысліў здзейсніць гэта на трохтурбінным аэраскутары, распрацаваным для работ у стратасферы. Ён быў такая мартышка-гарэза! А дакладней, дурная малпа. Я паехаў з Зафодзем, бо пайшоў з ім жа ў заклад, што ён гэтага не зробіць, і таму не хацеў, каб ён ашукаў мяне і прынёс фальшывыя доказы свайго ўчынку. І што здараецца? Мы сядаем на трохтурбіннік, на якім Зафод паставіў магутны рухавік, агорваем тры парсекі за якія пару-тройку тыдняў, урываемся на мегакарабель – аж я дагэтуль не разумею якім чынам, – праходзім на капітанскі масток, махаючы цацачным бластарамі і патрабуем ад тамтэйшага капітана, якога звалі Юдэн Варанркс, пражаных каштанаў. Больш недарэчнае і ідыёцкае патрабаванне ўявіць цяжка. Усё гэта каштавала мне пазбаўлення кішэнных на цэлы год. І за што? За каштаны.
– А той капітан, гэты Юдэн Варанкс, – штосьці неверагоднае, – прамовіў Зафод Біблброкс. – Пакарміў нас, наліў па пяцьдзясят – усе гэтыя дзіўныя трункі з розных куткоў Галактыкі – трактаваў купу пражаных каштанаў, вядома. і мы файна прабавілі час. Потым ён тэлепартаваў нас назад. У самае змрочнае крыло бетэльгейзіянскай дзяржаўнай турмы, тое, у якім узмоцненая ахова. Шырокай душы быў чалавек.. Зрабіўся потым Прэзідэнтам Галактыкі.