Зафод Біблброкс зрабіў паўзу.
Наваколле запанурылася. Паўсюль кружляў чорны туман, абрысы чагосьці мядзведзеватага і нязграбнага цьмяна хаваліся ў ценях. Паветра час ад часу напаўнялася галасамі ілюзорных істотаў, якія выбівалі духі з іншых ілюзорных істотаў. Па гэтай планеце з каталога можна было зрабіць выснову, што шмат каму з замоўцаў падобныя пошумы прыпадаюць да сэрца.
– Фольксвагене, – ціхутка звярнуўся да Гольфа Зафод Біблброкс.
– Ага?
– Перад самай смерцю Юдэн прыйшоў да мяне.
– Чаго?! Ты ніколі не распавядаў.
– Не распавядаў...
– І што ён сказаў? Навошта прыходзіў да цябе?
– Ён распавёў пра «Залатое Сэрцайка». Скрасці зоркалёт – яго ідэя.
– Юдэнава?!
– Ага, – адказаў Зафод Біблброкс. – І адзіны магчымы спосаб яе скрасці – прысутнічаць на ўрачыстым спуску са стапеляў.
Якое імгненне Фольксваген здзіўлена таропіўся на Зафода, а потым разрагатаўся.
– Ты хочаш сказаць, – вымавіў ён, – што зладзіў сваё прэзідэнцтва адно дзеля таго, каб сцягнуць гэты зоркалёт?
– Анягож, – сказаў Зафод з такім ашчэрам, які прымусіў бы шмат каго замкнуцца ў пакоі з мяккімі сценкамі і самавітымі замкамі.
– Але нашто? – дапытваўся Фольксваген. – Навошта трэба гэты зоркалёт?
– А ліха яго... Думаю, калі б я свядома ведаў, што ў тым зоркалёце такога важнага і нашто ён мне прыдаўся, дык гэта ўсё зрабілася б заўважным на папярэдніх аналізах, і я б ніколі іх не прайшоў. Думаю, Юдэн распавёў мне шмат чаго, што пакуль схавана ад маёй свядомасці.
– Знакам тым, ты перакананы, што стаў корпацца ва ўласных мазгах толькі таму, што з табою паразмаўляў Юдэн?
– Ён быў той яшчэ майстар зачмурыць галаву.
– Згода. Але, Зафодзя, даражэнькі, ты ж сам сабе пан-гаспадар!
Зафод Біблброкс пацепнуў плячыма.
– Ну, я хацеў сказаць... Ты што, не маеш аніякага паняцця, нашто ўсё гэта? – запытаў Фольксваген.
Зафод занурыўся ў думкі, і, здавалася, на ягоным твары адлюстраваліся ўнутраныя сумневы.
– Не, – урэшце сказаў ён. – Я, здаецца. не ўтаямнічаны ні ў адзін са сваіх уласных сакрэтаў. Пакуль што.
Ён дадаў пасля доўгіх развагаў:
– Я ўсё цудоўна разумею. Я сам сабе ні халеры не давяраю.
Праз кароткі час апошняя планета з каталога ўцякла з-пад іхніх ног, і зноў праступіў нармальны цвёрды свет.
Яны сядзелі ў раскошным пакоі, поўным столікаў са шклянымі стальніцамі, чые сценкі былі ўвешаныя ганаровымі граматамі за паспяховы дызайн.
Высокі магратэянец стаяў перад імі.
– Мышы просяць вас на аўдыенцыю, – сказаў ён.
30
– Такія справы, – зазначыў Пердылюбібляйц, робячы кволае, для прыліку, намаганне прыбраць жахлівы вэрхал у сваім кабінеце. 3 нейкага стосу ён ухапіў паперку, аднак, не знайшоўшы, куды б яе пакласці, шпурнуў назад на стос, які адразу ж абрынуўся.
– Глыбакадумны спраектаваў Зямлю, мы яе пабудавалі, а вы на ёй жылі...
– ...А воганы прыйшлі і разбурылі яе за пяць хвілін да выканання праграмы, – дадаў Артур з ноткамі горычы ў голасе.
– Так, – адказаў Пердылюбібляйц, спыніўшы бездапаможныя агледзіны свайго пакою.
– Дзесяць мільёнаў гадоў працы камеце пад хвост.
Дзесяць мільёнаў гадоў, зямлянін! Ці можаш ты ўявіць сабе гэткі абсяг часу?! За такі прамежак любая галактычная цывілізацыя здольная пяць разоў паспець выгадавацца з аднаго-адзінюсенькага чарвячка. А тут – пшык – і няма!
Пердылюбібляйц зрабіў паўзу.
– Ну, вядома, для цябе гэтая гісторыя – усяго толькі плёткі старой цёткі... – дадаў ён.
– Ведаеце, гэта шмат што тлумачыць, – асцярожна заўважыў Артур. – Дзесьці на сподзе душы ў мяне ўсё жыццё варушылася гэткае даўкае адчуванне, што ў свеце нешта-нейкае робіцца: штосьці глабальнае, нават змрочнае, але ж ніхто не мог мне патлумачыць, што менавіта.
– Ды не, – адказаў Пердылюбібляйц. – Гэта побытавая параноя. На яе пакутуе ўся Галактыка.
-Уся Галактыка?! – перапытаў Артур. – Ну, як усе ў Галактыцы пакутуюць на параною, дык гэта нештачкі ды значыць! Можа, дзесьці па-за межамі вядомага нам Сусвету...
– Усё можа быць... Але каго гэта шманае? – перапыніў Пердылюбібляйц Артура датуль, пакуль апошні не з’ехаў на пафас.
– Я, можа, стары і зняможаны, – працягваў дзядок. – Аднак я па-ранейшаму перакананы, што шанец высветліць, што ж насамрэч адбываецца ў Галактыцы, нагэтулькі крыхотны, ажно адзінае, што можна зрабіць, гэта сказаць: «Ды гараць гэтыя пошукі сэнсу жыцця гарам!» і заняцца справай. Глянь во на мяне: я праектую берагавыя лініі, а за Нарвегію нават атрымаў узнагароду.