Пердылюбібляйц пакорпаўся ў расцяробе з папер і дастаў празрыстую цагліну, на якой былі выгравіраваныя ягоная імя і абрысы Нарвегіі.
– Ну, і дзе тут сэнс? – пацікавіўся ён. – Прынамсі я яго тут не бачу. Я раблю ф’ёрды ўсё сваё жыццё. На пэўным этапе яны ўвайшлі ў моду, і я атрымаў гран-пры.
Пердылюбібляйц пакруціў цагліну-ўзнагароду ў руках і нядбала адкінуў яе ўбок, аднак не настолькі ўжо нядбала, каб тая не прызямлілася на мяккую паверхню.
– У новай версіі Зямлі, якую мы цяпер будуем, кіраўніцтва даручыла мне рабіць Афрыку. І я, ясная рэч, стаў будаваць яе з усімі маімі ўлюбёнымі ф’ёрдамі. Я шмат пажыў, каб дапяць, што яны дададуць любому кантыненту адчуванне барочнай вытанчанасці.
А кіраўніцтва кажа, што гэта «недастаткова экватарыяльна». Ну і слова – «экватарыяльна»! – з ягоных вуснаў вырваўся смяшок. – Каго хвалюе нейкая там экватарыяльнасць? Так, згода: навука навучылася рабіць колькі прыгожых рэчаў, але як на мяне, дык лепей мець шчасце, чым рацыю.
– Дык, знакам тым, ты шчаслівы?
– Не. Якраз тут і пачынаюцца нестыкоўкі.
– Шкада, – са спагадай прамовіў Артур. – Але выдае на тое, што ты колісь быў як сыр у смятане.
Недзе на сцяне выбліснуў белы агеньчык.
– Хадзем, -сказаў Пердылюбібляйц, – мышы прызначылі табе аўдыенцыю. Тваё прыбыццё на планету ўсіх тут моцна ўзрушыла. Гэта трэцяя паводле сваёй неверагоднасці падзея за ўсю гісторыю Сусвету.
– А якія былі першыя дзве?
– Ну, гэта ўсякія-розныя супадзенні, – няўважна адказаў Пердылюбібляйц.
Адчыніўшы дзверы, ён спыніўся, чакаючы, што Артур паследуе за ім.
Артур яшчэ раз азірнуўся, потым глянуў на сябе, на закарэлую вопратку, у якой ён валяўся ў гразюцы чацвярговым ранкам.
– Ну скажы, што за жыццё – ні куецца ні плешчацца! – сам сабе прамармытаў Артур.
– Што, выбачай? – перапытаў яго дзядок.
– Ды нічога – спрабую жартаваць, – адказаў Артур.
31
Шырока вядома, што нядбала кінутыя фразы тояць у сабе небяспеку, аднак жа, далібог, публіка часта не ўсведамляе ўсяе глыбіні гэтай праблемы.
Да прыкладу, у тое самае імгненне, калі Артур сказаў: «Ну скажы, што за жыццё – ні куецца ні плешчацца!», у тканцы прасторава-часавага кантынууму нечакана адкрылася недарэчная чарвяточынка і адымчала прамоўленае далёка-далёка назад у часе, амаль праз усё бязмежжа касмічнага абсягу, да адной зацішнай Галактыкі, дзе вычварныя, узброеныя да зубоў істоты балансавалі на мяжы жудаснай міжзоркавай вайны.
Два кіраўнікі варожых бакоў у апошні раз сустракаліся за сталом перамоваў.
Жахлівая ціша панавала па-над тым сталом. Палкаводзец Ул’гёргскага войска – ён блішчэў чорнымі баявымі шортамі, упрыгожанымі каштоўным каменнем, – пыхліва глянуў на палкаводца Дж’дзугвунцкага ваярства (той жа лунаў у зялёнай аблачыне слодычных выпарэнняў і адчуваў за спінай падтрымку мільёна бліскучых і жудасных касмічных крэйсераў, якія па адным слове каманды былі гатовыя прынесці ворагу высакавольтную смерць), – і запатрабаваў ад свайго апанента, гэтага касмічнага выпаўзня, узяць назад словы, сказаныя наконт яго мамы.
Выпаўзень сваім рухам скалануў моташныя выпарэнні, што атачалі яго, і ў гэтае самае імгненне словы: «Ну скажы, што за жыццё – ні куецца ні плешчацца!» – праплылі па-над сталом перамоваў.
На вялікі жаль, па-ўл’гёргску гэтая фраза – найпякельнейшая лаянка, якую толькі можна сабе ўявіць, і варожым бакам не засталося нічога, як на стагоддзі працягнуць смертазабойчую вайну.
Па каторым часе пасля таго як большая частка тамтэйшай Галактыкі пакрышылася ў друзачкі, высветлілася, ясная рэч, што ўвесь вэрхал з абразай не варты і грызенай рэпы, і тады два варожыя касмафлоты, залагодзіўшы свой канфлікт, задзіночылі свае парадкам пашкуматаныя шэрагі з мэтаю нанесці агульны ўдар ужо па нашай Галактыцы, якая, як урэшце выявілася, і была крыніцай абразлівай заўвагі.
Яшчэ праз якую тысячу гадоў магутныя зоркалёты прадраліся праз пустэльныя абсягі космасу і ўрэшце з ваяўнічым воклічам абрынулі ўсю сваю збройную моц на першую-лепшую планету нашай Галактыкі – а ёй абсалютна выпадкова сталася Зямля. На Зямлі ж, дзякуючы жудасным памылкам у вылічэнні маштабаў, цэлы баявы флот прыхадняў з космасу незнарок праглынуў невялічкі цюцька.