– Апрацаваць, – дадало мышаня Бэнджы.
– Пакраіць на кавалачкі...
– Дзякуй! – закрычаў Артур, у страху адхіснуўшыся ў сваім крэсле ад стала.
– Ды іх заўсёды можна замяніць, – пераканаўча ўмаўляла Артура мышаня Бэнджы. – Калі табе гэтыя мазгі такія неабходныя.
– Ну, так, замяніць на электронныя мазгі, – сказала мышаня Фрэнкі. – Якая-небудзь базавая мадэль мазгоў – і твая праблема вырашаная.
– «Якая-небудзь базавая мадэль мазгоў»?! – заскавытаў Артур.
– Ага, – пацвердзіў Зафод Біблброкс і раптоўна нядобра ашчэрыўся. – Табе дастаткова запраграмаваць свае новыя мазгі паўтараць: «Чаго?», «Я не зразумеў» і «Дзе тут гарбата?», і дай веры – падмены ніхто не заўважыць.
– Чаго?- перапытаў Артур, гэтым разам адхінаючыся ад стала ўсё далей.
– Вось, калі ласка! Наглядны прыклад, – заўважыў Зафод Біблброкс і закрычаў ад болю, які ў гэты самы момант прычыніла яму Трыліян.
– Я заўважу, – заўпарціўся Артур.
– Дзе там! – сказала мышаня Фрэнкі. – Мы ж запраграмуем твой мозг не заўважаць.
Фольксваген узняўся і пашыбаваў у бок дзвярэй.
– Слухайце, мышы, жывёлкі мілыя, тут такая рэч... – пачаў ён. – Баюся, мы не дамовімся.
– Яшчэ як дамовімся, – хорам сказалі мышы, а з іхніх галасоў знікла ўся мульцяшная харашмянасць.
3 пранізлівым енкам іхнія падобныя да шклянак транспартныя сродкі падняліся з паверхні стала і прыпусцілі ў бок Артура, які адхапіўся назад і забіўся ў самы кут, абсалютна няздатны да супраціву.
Трыліян адчайна схапіла Артура за руку і паспрабавала зацягнуць яго ў бок дзвярэй, якія беспаспяхова сіліліся адчыніць Фольксваген і Зафод, аднак той аблёг мёртвым грузам – здавалася, яго загіпнатызавалі лятучыя шклянкі, што кружлялі вакол яго.
Трыліян прыкрыкнула на яго, аднак Артур адноў сшэрх з растуленым ротам.
Яшчэ адзін удар – і Фольксваген і Зафод расчынілі дзверы. За дзвярыма стаяў гурт дужа выродлівых людзей, у якіх можна было беспамылкова пазнаць вышыбал-магратэйцаў. Прывабнасцю не вылучаліся не толькі яны: медычны рыштунак, які яны трымалі ў руках, таксама не выклікаў прыемных пачуццяў. Бамбізы пакрысе насоўваліся.
Дык вось. Артуру збіраюцца адкаркаваць чэрап, Трыліян тут рады не дае, а Фольксвагена і Зафода хутка скруціць купка ўзброеных да зубоў бамбізаў.
Адным словам, вялікім паратункам было тое, што ўсе сірэны магратэянскай сістэмы бяспекі прарэзалі атмасферу планеты сваім віскатам.
32
– Пагроза! Пагроза! – загаласілі сірэны па ўсёй Магратэі. – Прымагратэіўся варожы карабель! Узброеныя ўварвальнікі ў сектары 8А! Станцыі абароны,станцыі абароны!
Два мышаняты з раздражненнем абнюхвалі раскіданыя па падлозе шкляныя аскепкі сваіх транспартных сродкаў.
– Халера-венера! – у паўголаса вылаялася мышаня Фрэнкі. – І ўвесь гэты вэрхал – вакол кілаграма чалавечых мазгоў!
Мышаня пастаяла-пакруцілася. Яго ружовыя вочкі выбліснулі, а шыкоўная поўсць стала дубарам, быццам ад статычнай электрычнасці.
– Адзінае, што мы можам зараз зрабіць, – сфальшываваць пытанне, прыдумаць якое што-небудзь, каб гучала пераканаўча, – сказала мышаня Бэнджы, прыпаўшы да зямлі і задуменна дакрануўшыся да вусікаў.
– Цяжкаваценька будзе, – адказала мышаня Фрэнкі. Потым падумала-падумала і дадало: – Ну, як напрыклад такі варыянт: «Хто гэта: жоўты і кусаецца?»
Мышаня Бэнджы на імгненне замаўчала ў одуме.
– Не, не тое, – урэшце адказала яно. – Да адказу не пасуе.
На колькі секунд яны абодва задумаліся.
– Добра, – перарвала цішу мышаня Бэнджы. – «Што атрымаецца, калі памножыш шэсць на сем?»
– Не-не, надта літаральна, надта просталінейна, – адказаў Фрэнкі. – Публіцы не спадабаецца.
Яны задумаліся ізноў.
Потым Фрэнкі сказаў:
– Ёсць пытанне! «Колькі шляхоў кожны мусіць прайсці?»*
– О! Якраз гэты варыянт гучыць перспектыўна! – зазначыла мышаня Бэнджы.
Ён трохі пагуляўся з фразай:
– Далібог! Выдатна! Гучыць важка і грунтоўна, але ні да чаго канкрэтнага не прывязанае. «Колькі шляхоў кожны мусіць прайсці? «Сорак два». Выдатна, выдатна, як мае быць пытанне! Фрэнкі, дружа! У нас усё атрымалася!
Узрушаныя ад весялосці, яны выканалі нейкі мітуслівы танец.
Побач з імі на падлозе ляжаў гурт дужа выродлівых мужчынаў, якіх, відаць, агрэлі важкімі кубкамі, напрыклад, тымі, што за паспяховы дызайн.
На адлегласці якога кіламетра ад іх чатыры постаці гойсалі ў пошуку выхаду. Урэшце яны заскочылі ў вялікі пакой з камп’ютарамі. Шалёна круцячы вачыма. Яны яго абглядалі.
***
* Напэўна, Фрэнкі прыйшоў на думку першы радок песні Боба Дылана «Blowing in the Wind»/«Ha ўзвеі ветру» – How many roads a man walk down? (заўвага перакладніка)