Выбрать главу

Пані як не заўважала небяспекі для сябе асабіста. А драбіны знаходзіліся недзе пасярэдзіне між уваходам на гарышча і падлогай — іх прыціснула цяжкімі створкамі дзвярэй у столі, калі гаспадыня, спяшаючыся, уцягвала іх наверх. Пранціш паспрабаваў падскочыць — не дастаць ніяк… Разгублены Лёднік заазіраўся ў пошуках таго, што можна выкарыстаць, як лесвіцу…

— Падсадзі! — скамандвала Вырвічу Раіна.

І вось, ускараскаўшыся на плечы драгуна, яна ўжо, як яшчарка, уздымаецца па сцяне, абапіраючыся на выступы зрубу… Учапілася за драбіны… Павісла на іх… Драбіны з грукатам паваліліся, а Раіна падымалася з падлогі. Пранціш, які не паспеў яе падхапіць, падляцеў, дрыжачымі рукамі абмацаў…

— Лухта, калена толькі пабіла, — лёгка адказала Міхалішыўна. — Гэта не з тэатральных канструкцый гахнуцца на сцэну…

Лёднік хуценька ўзяў на рукі Саламею, якая павольна спускалася па драбінах з прыступкі на прыступку, вынес на свежае паветра… Расцалаваў пад шэрым зімовым небам, у водсветах агню, які знішчаў сямейнае дабро.

— Ты чаму спалохалася скочыць? Я так пералякаўся…

Саламея дакорліва паглядзела ў цёмныя вочы мужа.

— І нехта лічыць яго спрактыкаваным эскулапам… Я ж сказала — нельга мне цяпер скакаць!

Лёднік разгубіўся.

— Ты… ты чакаеш дзіця?

— Ужо тры месяцы. Самы небяспечны тэрмін, нельга рабіць рэзкіх рухаў…

Доктар выглядаў так, нібыта ў яго не дом гарэў, а анёл у гародзе прызямліўся.

— Але… як жа?

— Ну, мы ж былі разам там, у вязьніцы… Калі я цябе лекавала…

Перад домам выстраіліся людзі з вёдрамі, і нават з самавітым грукатам пад’язджала пажарная калымага, везучы бочкі з вадой. Толькі гаспадарам было да гэтага, як да кольцаў Сатурна.

Пранціша разабраў істэрычны смех:

— Ну, доктар, падобна, што дзяцей у цябе атрымліваецца рабіць толькі ў вязьніцы, ды з абдзёртай спінай.

Лёднік кінуў на Пранціша сярдзіты позірк. А што, хіба не так — з маці Алесіка ў Лёдніка атрымаўся раман, калі яна прыйшла да яго ў скляпенне, дзе ён замярзаў, збіты ейным мужам.

Пані Саламея перавяла позірк на Раіну, чыё адзенне таксама было перапэцканае, а месцамі падзёртае, з-за пояса тырчэў пісталет, праз шчаку цягнулася драпіна і пасак размазанага попелу.

— Гэта мая нявеста, Раіна Міхалішыўна! — цырымонна прадставіў Пранціш, і жанчыны шчыра расцалаваліся.

Нехта міласэрны выносіў з хаты дабро, на якое вар’яты-гаспадары, падобна, начхалі. Вывальваў на снег кнігі, посуд, нейкія вазы, крэслы…

— Пані маці! Пан бацька!

Хвелька падводзіў да гаспадароў Алесіка, які ўпарта вырываў сваю руку з рукі слугі, і Саламея зараз жа занялася рэвізіяй здароўя і цеплыні вопраткі малога.

А Пранціш адыйшоўся са сваім шчасцем, зазірнуў у ягоныя празрыста-зялёныя вочы, пацалаваў у кончык носа, які так міла прыўздымаўся:

— Ну што, шыкоўнае атрымалася знаёмства з сям’ёй жаніха? Вось, бачыш — наша гаспода… — Пранціш абвёў рукой пейзаж з агнём. — Наезды, гвалт, папялішча… Ты цяпер чалавек вольны, можа, перадумаеш звязвацца з такой небяспечнай кампаніяй? Цябе ў любы тэатр возьмуць… Нават у каралеўскі.

Але Міхалішыўна толькі, смеючыся шчасліва, абняла Вырвіча за шыю да пацалавала.

— Такі ўжо мой лёс — на гарачых вуголлях таньчыць! Нікуды я ад цябе не пайду! Ніколі! Прынц мой, рыцар мой, сэрца маё!

Гаспадары моўчкі стаялі перад парэшткамі свайго дому. Уласна кажучы, магло быць горш. Найбольш пацярпела вітальня і зала — тут агонь вылізаў нават столь. Што адтуль не вынеслі — згарэла. Ад карціны з Арыстоцелем заставалася толькі абвугленая рама, у якой дарэчы глядзелася б толькі мумія. А ўсё яшчэ было залітае вадой, што на марозе, які выстудзіць вуглі, ператворыцца ў лёд.

Але дах быў цэлы. Амаль непарушнай засталася лабараторыя — толькі ад гарачыні канчаткова сапсавалася Пандора, якая цяпер нагадвала нейкую расамаху, а не праўнучку ангельскай каралевы, і Лёднік, уздыхнуўшы, накінуў на аўтамат анучу. Спёка сапсавала многія лекі, а ўжо смурод які ад дыму… Большая частка гардэробу таксама ляснулася, гэтак жа, як і кнігі, што захоўваліся ў зале. Затое ацалеў кабінет прафесара, нават карта Ерусаліму, што засталася ў спадчыну ад аптэкара Лейбы. Лёднік з дрыготкай у руках гладзіў стос сваіх бясцэнных рукапісаў. Ацалеў і катух Пранціша, і ягоны стары камзол, з-за падкладкі якога ён дастаў стосік скрэмзаных аркушаў. Што ж, раз гэтыя вершы не згарэлі нават у пажары, значыць, лёс ім пажыць падаўжэй…

Апошнія клубы дыму расчыняліся ў звечарэлым паветры, згасалі залітыя вуглі… І тут выявілася, што не ўсім доктар — як стрэмка ў горле. Да пагарэльцаў пачалі падыходзіць, адзін за адным прапаноўваліся месцы для начлегу, дапамога ў навядзенні парадку…