Выбрать главу

— Вырвіч, падыдзі! — гукнуў з карэты Лёднік.

Драгун шуснуў у карэту.

Пан Якуб Шрэдэр аказаўся немаладым і шчуплым. Кароткія сівыя валасы, маршчыністы круглы твар, сціплая белая кашуля без карункаў, чорны камзол… Сядзенне карэты расклалі, каб хвораму было выгодна. А што пан Шрэдэр хворы — Пранцішу стала ясна з першага погляду. Хаця цёмныя вочы з пажаўцелага твару паглядалі так пранікліва і разумна, што ў душэўную хваробу не верылася. Тыя вочы падаліся Пранцішу нейкімі дзіўнымі, занадта цёмнымі, ці што… Яшчэ заўважыў Пранціш, прыгледзеўшыся — праз увесь твар старога ішоў тонкі шнар, заўважны толькі спрактыкаванаму воку лекара. Лёднік прыкладваў мазь да скабаў хворага.

— Вырвіч, дастань з валізы яшчэ корпіі, вымачы ў бальзаме, — адрывіста загадаў прафесар.

Пан Шрэдэр маўчаў, пільна сочачы за маніпуляцыямі, якія з ім праводзіліся, час ад часу стрымліваў стогн. Падобна, што ў яго былі не так даўно пераламаныя ледзь не ўсе косткі і вывернутыя суставы. Хаця шнараў ад ляза, куляў ці бізуна, якіх багата назапасіў сам доктар Лёднік, не бачылася. Затое нешта агульнае ў доктара і пацыента знайшлося. Бутрым асцярожна прыўзняў даланю старога: акурат пасярэдзіне ружавеў невялікі зморшчаны шнар, як і на другой руцэ… Такія самыя шнары прыкрашалі і далоні Баўтрамеюса: калісьці яму давялося дзеля выратавання сябе і сваіх спадарожнікаў прайсці праз дзікі рытуал у маленькім гарадку, да якога набліжалася чума. Толькі набыццё штучных стыгматаў там лічылася ачышчэннем ад грахоў.

— Ці не гасцяваў пан Шрэдэр у Тамашове? Магчыма, і з айцом Габрыелюсам знаёмы? — ціха спытаў Баўтрамей на лаціне і паднёс да вачэй хворага сваю даланю, паказваючы шнар.

Пан Шрэдэр уздрыгнуў, ягоныя цёмныя вочы ў сетцы зморшчын збліснулі… Але адказаць не паспеў — Зыгмунт Грос зараз жа зазірнуў у карэту:

— Пан доктар, вас папярэджвалі — хворага нельга напружваць ніякімі размовамі!

Запалыя вочы Гроса зыркалі злосна, як у незамужняй цёткі, пад носам якой пляменніца ўмудрылася спаткацца з увішным маладзёнам. Лёднік падціснуў вусны. Хто б сумняваўся, што справа нячыстая? Пан Шрэдэр заплюшчыў вочы, так што нельга было зразумець, што ён насамрэч думае і адчувае. Грос назіраў за працэсам лячэння да канца, потым зноў сеў са старым у карэту і нават фіранкі заторгнуў.

— Як ты думаеш, Бутрым, хто гэты Шрэдэр? Зняволены? Можа, нам варта яму дапамагчы? — усхвалявана прашаптаў Пранціш, калі яны з доктарам адсталі ад карэты на бяспечную адлегласць, каб бялявы Грос не падслухваў.

Лёднік адмоўна пакруціў галавою.

— Не думаю. Апынемся ў становішчы добрага дзіцяткі, якое цягне рыбку з халоднай няўтульнай калюжыны на цёплы сухі пясочак. Думаю, ты зразумеў, што пана катавалі — і рабілі гэта прафесійна, расцягваючы суставы. Што ён хаваецца — і зайцу зразумела. Ты заўважыў, спадзяюся, што ягоныя вочы аканітам закапаныя, каб колер змянілі?

Пранціш няпэўна хмыкнуў — па-праўдзе, яму такое і ў галаву не прыйшло. Лёднік зразумеў і дакорліва пакруціў галавою:

— І навошта я цябе анатоміі вучыў… У яго ж пашыраныя зрэнкі так, што радужкі не відно. А па ягоных паводзінах з гэтым застрашлівым Гросам я б сказаў, што яны ягады з аднаго куста. І ведаеш, магу свой улюбёны мікраскоп закласці на тое, што яны абодва — езуіты.

— Праўда, — пагадзіўся Пранціш. — Я на святых айцоў нагледзеўся — і ў расах, і ў цывільным. І ў Тамашове пан Шрэдэр дакладна бываў!

— Дзе таксама даводзіў, што ён не блюзнер, — прабуркатаў Бутрым, кідаючы пагляд на ўласную прабітую руку. — Спадзяюся, што хаця б да суполкі айца Габрыелюса нашы спадарожнікі не маюць дачынення. Ведаеш, неяк мне не надта хочацца зноў з той кодлай, завернутай на таемных ведах, звязвацца.

Вецер быў не халодны, але ўжо і не летні — з першым подыхам восені. Карэта кацілася няхутка, хаця драгун зараз прыпусціў бы чуйдух цераз вунь гэтае поле…

— Чым пан Вырвіч так пераймаецца? — ціха спытаў Лёднік. — Амерыканскае рэха, так бы мовіць?

Вырвіч патрос галавой.

— Ды не… Вядома, смыліць, і на панну Паланэю я не забудуся ніколі, але тое, што я яе страціў — усё роўна, як упэўніцца, што па аблоках нельга прабегчыся. Ведаеш, можа, таму і страціў, што ніколі да канца не верыў, што змагу ажаніцца з сястрой князя Багінскага.

— Тады што цябе так трывожыць? — асцярожна спытаўся доктар.

Вырвіч нейкі час ехаў моўчкі, апусціўшы галаву.

— Мне здаецца, я… нейкі няздара. Я не ведаю, хто я, для чаго існую. Смешна, што трэба было дажыць да дваццаці трох гадоў, каб задаць сабе такія пытанні! — Пранціш горка засмяяўся. — Не пярэч, я праўду кажу. Вось ты спрабаваў прыладзіць мяне да навукі… Так, мне многае было цікава, я някепскім мог бы стаць доктарам… Але ты сам ужо ў маленстве не меў ніякіх ваганняў і гатовы быў дзень і ноч праводзіць за доследамі, ахвяруючы гульнямі. У мяне ж такой жарсці ніколі не ўзнікала. Магу ў механізме пакалупацца, магу ў карты пагуляць — з аднолькавым задавальненнем. Вось, думаў — вайсковая справа мяне захопіць… Што ж, я — добры вой! — Вырвіч сказаў гэта без ценю хвальбы. — Але прысвяціць жыццё вайне… Муштры… Гэтага ўжо мала. Заняцца гаспадаркай? Выкупіць зямлю ў Падняводдзі, што належала продкам? Заснаваць мануфактуру? Мяне праз месяц пацягне ў вандроўкі. Ты навучыў мяне фехтаванню — але і тут я не гатовы, як ты, адпрацоўваць якісь скачок дні і ночы, пакуль не атрымаецца. Нават у каханні я — не гарачы і не халодны, а цёплы, які стан асуджае нават Святое Пісанне. Ну не кінуўся ж я біцца да смерці з панам Гервасіем Агалінскім, не ірвануў за Паланэяй у Амерыку, як кавалер дэ Грые за Манон Ляско… А каб панна зараз прыехала да мяне — уцякла, скажам, ад мужа ці засталася ўдавою, з дзіцем на руках — я б, вядома, прыняў яе з радасцю… Але крылы б у мяне не выраслі, прызнаюся сумленна. Я, напэўна, недастаткова яе кахаю, каб прабачыць усё і прыняць усялякай. Вось, Багінская папракала мяне, што я не звяртаў увагі на яе камерыстку Ганульку, якая ў мяне так закахалася, што да нервовай гарачкі дайшла. Мне шкада той дзяўчынкі… Але я да яе ўсё роўна абыякавы. Ні ў чым няма ў мяне пэўнасці, простай лініі. Так, я праваслаўны, веры не зракуся, але мне не падабаецца, што маю зямлю заваёўваюць мае адзінаверцы з Расіі. Я ліцвін, але мяне лічаць здраднікам суайчыннікі, бо трымаюся сваёй веры і супраць, каб зачынялі мае храмы. Як быццам у мяне дзве душы, і ніводная не адчувае спакою і паўнаты быцця. A posteriori, я — бяздарнасць, Баўтрамей.