— Ты — проста тыповы ліцвін, — Лёднік быў вельмі сур’ёзны. — Такі лёс народаў, якія жывуць на раздарожжы, на сутыччы культур і цывілізацый. Нас топчуць, як трыпутнік, а мы ўстаем. Нам прыўлашчваюць розныя назовы, а мы застаемся сабою. Павер, на нас гэта не скончыцца. А наконт тваёй бяздарнасці… Паслухай, многія за ўсё сваё жыццё не задаюць сабе такіх пытанняў, якія мучаць цябе. Гэта яны няздары — а не ты. А калі пачаў думаць — значыць, рашэнне знойдзецца. Шлях сам цябе абярэ. Дарэчы… — Лёднік з няёмкасцю хмыкнуў, — ты не назваў яшчэ адзін свой талент… Літаратурны.
У Пранціша аж шчокі запалалі.
— Адкуль ты…
— Ну, не ўсё згарае на попел у нашым каміне… — адвёў вочы доктар. — Паслухай, ты дарэмна так саромешся сваіх паэтычных практыкаванняў, — вельмі сур’ёзна сказаў Лёднік. — Улада над словам мала каму даецца… Тым болей на гэтай зямлі, дзе ліцвінам увесь час спрабуюць навязаць іншую мову і іншую веру. А памятаеш прамову Мялешкі? Альбо дзённік Еўлашоўскага? Дасціпна ж напісана, прыгожа гучыць? Старажытны кітайскі мысляр Канфуцый аднойчы сказаў: калі словы трацяць сэнс — людзі трацяць свабоду. Можа быць, пан Прантасій, гэтая зямля, дзе столькі паданняў, легенд і дзівосных авантураў, чакае, каб загаварыць тваймі вуснамі на той мове, якая ёй Богам дадзеная? Каб зразумела і Паланэя Багінская, і млынароўна Саклета, знаўца зёлак… Варта толькі перастаць пераймаць кагосьці — і пісаць ад сэрца… Падумай…
Вырвіч фыркнуў: бачыў ён прыдворных паэтаў, кшталту пана Матушэвіча, якія спявалі дыфірамбы сваім апекунам альбо сачынялі куртуазныя гісторыйкі для іх пацехі. Вядома, золата ім сыпалі жменямі… Але ж, калі што, як блазнаў, маглі адлупцаваць. А пісаць сур’ёзныя кнігі, кшталту даўжэзнай павучальнай гісторыі пра Трыстрама Шэндзі альбо скандальнай «Новай Элаізы»… Куды там драгуну!
Тут жа ў галаве прамільгнула здрадлівая думка: «А чым кепскі драгун? Вунь Русо лёкаем быў… Магчыма, Пранціш Вырвіч станецца мясцовым Мальерам альбо Буало!».
У галаве адразу закруціліся новыя радкі, як мухі вакол разлітага сочыва…
А да бліжэйшай карчмы пад красамоўнай назвай «Кілбасы» яны не звярнулі. Хаця Вырвіч ужо без ранейшай агіды ўспамінаў нават застолле ў суддзі Юдыцкага і «вачасты» пачастунак кітайца. Што азначала — даўно варта перакусіць. Хаця б пасёрбаць жур з вяндлінай… Ці хоць локшыны зжаваць…